Улады хочуць пакараць рэдактара «Intex-press» за інтэрв'ю з Ціханоўскай


Галоўны рэдактар «Intex-press» Уладзімір Янукевіч.
Фота: Intex-press

У дачыненні галоўнага рэдактара «Intex-press» Уладзіміра Янукевіча пачалі адміністратыўны працэс, вырашаецца пытанне пра крымінальны пераслед, паведамляе БАЖ.

На апытанні 21 красавіка ў Баранавіцкім ГАУС Уладзімір Янукевіч правёў чатыры з паловай гадзіны. У дачыненні яго склалі два адміністратыўныя пратаколы за парушэнне заканадаўства аб СМІ паводле ч. 4 («Распаўсюд забароненай інфармацыі») і ч. 5 («Распаўсюд інфармацыі незарэгістраваным рэсурсам») арт. 23.5 КаАП. Цяпер трывае правяранне, у выніку якога пастановяць, ці будуць распачынаць крымінальную справу паводле арт. 361 КК РБ («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).

Падставаю для пераследу сталася інтэрв’ю з экс-кандыдаткаю на прэзідэнцтва Святланай Ціханоўскай, апублікаванае ў газеце 14 красавіка і размешчанае на сайце выдання.

Аўтара артыкулу Людмілу Сцяцко таксама выклікалі 23 красавіка ў ГАУС у якасці сведкі. У якой справе, у позве не пазначылі.

15 красавіка дырэктар выдавецкага дому «Інтэкс-прэс», галоўны рэдактар ​​газеты «Intex-press» Уладзімір Янукевіч ужо атрымаў за інтэрвʼю з Ціханоўскаю папярэджанне Баранавіцкай міжраённай пракуратуры.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў