У Менскага гарвыканкаму – дзве версіі прарыву трубы ў Чыжоўцы


Месца прарыву трубаправоду каля гіпермаркету «Green». 22 красавіка 2021 года. Менск, Беларусь.
Фота: АК / Белсат

Намеснік старшыні Менскага гарвыканкаму Аляксандр Дараховіч распавёў, што ёсць версіі, але пакуль рабіць высновы заўчасна, паведамляе орган выканаўчай улады сталіцы.

«Папярэдніх версіяў дзве. Гэта пашкоджанне трубаправоду пры выкананні будаўніча-мантажных працаў. На будаўнічым аб’екце, дзе і адбылася аварыя, праводзіліся земляныя работы. Мяркуюць, што працы маглі выконвацца без выканання рэгламенту», – патлумачыў Дараховіч.

Паводле другой версіі, аварыю выклікалі нізкія эксплуатацыйныя характарыстыкі металу (чыгуну), якія прывялі да паскоранага зносу трубаправоду.

«Рабіць высновы заўчасна, цяпер мы вывучаем сітуацыю. Сканфіскавалі відэа з камераў гандлёвага цэнтру, што побач з месцам аварыі, выкарыстоўваем яго для вызначэння прычынаў здарэння. Трэба будзе абʼектыўна разабрацца ў тым, што адбылося, каб не дапускаць такіх сітуацыяў надалей», – удакладніў прадстаўнік адміністрацыі Менску.

Цыстэрна з вадой у мікрараёне Чыжоўка. 22 красавіка 2021 года. Менск, Беларусь.
Фота: АК / Белсат

Чыноўнік адзначыў, што лабараторныя даследаванні вады з пацярпелых раёнаў па асобных адрасах паказалі перавышэнне паказнікаў якасці вады паводле мутнасці і ўтрымання жалеза: «Мы звярнуліся па дапамогу ў Міністэрства абароны, і яно вылучыла 18 аўтацыстэрнаў, за што мы вельмі ўдзячныя. Усяго сёння ў горадзе задзеяныя 26 цыстэрнаў, якія падвозяць пітную ваду ў жылыя кварталы гораду».

Паводле Дараховіча, усе сацыяльныя абʼекты, установы аховы здароўя і адукацыі таксама забяспечаны вадою. Актыўна прамываюцца сеткі, усе сілы і сродкі кінутыя на тое, каб як мага хутчэй аднавіць належную якасць пітной вады. Аварыйным брыгадам дапамагае гарадское ўпраўленне МНС.

А 13:00 узятыя новыя пробы вады, зыходзячы з вынікаў іх лабараторнага аналізу будзе зразумела, як доўга спатрэбіцца прамываць сеткі.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў