«Такое не знішчыць. Гэта назаўжды». Чым увайшоў у гісторыю Горадні Цэнтр гарадскога жыцця


Людзі ідуць на канцэрт Лявона Вольскага на адкрыцці Цэнтру па новым адрасе.
Фота: Белсат

Днямі стала вядома, што ўлады пастанавілі закрыць культурніцка-асветніцкую ўстанову «Цэнтр гарадскога жыцця». Ужо прызначылі і дату: 12 траўня адбудзецца паседжанне Эканамічнага суда па Гарадзеншчыне, на якім вызначаць лёс прасторы.

Цэнтр за 5 гадоў свайго існавання стаўся сапраўды культавым месцам для творчых і ініцыятыўных гарадзенцаў. Расказваем, як ён увайшоў у гісторыю Горадні.

Цэнтр гарадскога жыцця ўзнік у Горадні ў 2016 годзе. Гэта незалежная прастора, якая дзеіць на сумежжы культуры, мастацтва, гісторыі, грамадскай і гарадской актыўнасці.

«Цэнтр паўстаў з думкаю пра тых, хто хоча зрабіць Горадню і Беларусь найлепшым месцам у свеце. Мы працягваем традыцыі шэрагу грамадскіх аб’яднанняў, ініцыятываў, асобаў, якія працавалі на карысць нашага гораду. Мы імкнёмся, каб Горадня сталася цэнтрам культурніцкага, інтэлектуальнага жыцця не толькі Беларусі, але і ўсяго еўрапейскага рэгіёну», – казаў тады ў інтэрв’ю стваральнік і дырэктар пляцоўкі, журналіст і грамадскі дзеяч Павал Мажэйка.

Павал Мажэйка.
Фота: Белсат

«Цэнтр прафесійна прасоўвае культуру Беларусі»

Адна з галоўных мэтаў установы – папулярызацыя беларускага мастацтва і творчасці беларускіх мастакоў. На пляцоўцы за 5 гадоў адбыліся каля 70 розных экспазіцыяў. Напрыклад, гарадзенцы маглі пазнаёміцца з унікальнаю выставай «Колер Беларусі» мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава, беларуская мастачка з сусветным імем Жанна Капуснікава прывозіла сюды сваю выставу «Дажынкі», мастак-ілюстратар Павел Татарнікаў прэзентаваў выставу «Рэха», прысвечаную гістарычным асобам і месцам, звязаным з Беларуссю. У прасторы выстаўляліся і гарадзенскія мастакі.

«Цэнтр гарадскога жыцця вельмі пяшчотна ставіўся да мастакоў, і гэтае пачуццё было, безумоўна, узаемным. Не пералічыць, колькі тут адбылося сустрэчаў», – адзначае ў каментары «Белсату» Сяргей Грыневіч, знаны беларускі мастак-манументаліст.

Творца падкрэслівае: пры гэтым цэнтр істотна адрозніваецца ад звычайных галерэяў тым, што ўсе імпрэзы абавязкова суправаджаліся дыскусіямі, спрэчкамі:

«Гэта апошнім часам было ці не адзінае месца ў горадзе, дзе можна было паслухаць разумных людзей, узяць удзел у важных абмеркаваннях, паслухаць файную жывую музыку, сутыкнуцца з незалежным тэатрам і кіно».

Валянціна Шоба.
Фота: Белсат

У снежні ў цэнтры адбыліся дзве выставы слыннай гарадзенскай мастачкі Валянціны Шобы. На адной з іх яна прэзентавала працу, за якую ў 2015 годзе атрымала ў Парыжы прэстыжную прэмію Тэйлара.

«Павал – прадстаўнік новай інтэлігенцыі, які раптам вырашыў, што нам трэба сканцэнтраваць вакол аднаго месца ўсё найлепшае, што адбываецца ў Беларусі: кнігі, музыку, выставы. І яму гэта выдатна ўдаецца. Я займаюся некамерцыйным мастацтвам, і падобныя ідэі глыбока творчых асобаў не заўсёды хочуць паказваць і выстаўляць, бо мы не прыносім прыбытку. А вось Паўлу не патрэбны прыбытак. Яму трэба, каб Беларусь ведала сваіх герояў. Я, пэўна, адзіная прадстаўніца Беларусі, якая паехала ў Францыю і раптам выйграла там нейкі прыз, які ў Беларусі ніхто ніколі не выігрываў. І Павал запрапанаваў: чаму б не паказаць гэтую працу ў нашым цэнтры? Ён цудоўна разумее і адчувае, што ёсць мастацтва: тонкая творчасць, праз якую ствараецца вядомасць нашай краіны», – кажа Валянціна Шоба.

Акустычны канцэрт гурта «Крама».
Фота: Белсат

Мастачка адзначае: цэнтр дэманстраваў, што ў Беларусі ёсць сапраўдная скарбніца творчых людзей. Апошняя ейная выстава там была прысвечаная Калядам. Разам з выставаю пляцоўка зарганізавала традыцыйныя калядныя вечары ды спектаклі для дзяцей, якія выхоўваюцца ў беларускамоўных сем’ях.

«Атрымалася проста чароўнае дзейства. Мы зрабілі дэкарацыі для дзетак, каб яны маглі прыходзіць і гуляць сярод мастацтва ў свае фантазіі. З намі працавалі акторы. Гэта ўсё было так душэўна, мы стваралі адну вялікую творчую сям’ю. Фільмы, якія паказваліся і абмяркоўваліся ў цэнтры, выставы фотаздымкаў – «World Press Photo», фотавыставы нашай Наталлі Дораш… Гэта ўсё сапраўдныя перліны, якія збіралі людзей у адным месцы і выхоўвалі іх на эстэтыцы. Такую дзейнасць трэба толькі падтрымліваць ці хаця б не перашкаджаць ёй», – перакананая Валянціна Шоба.

«Судовы працэс супраць цэнтру зойме сваё ганебнае месца ў гісторыі гораду разам з людзьмі, якія яго ініцыявалі»

У цэнтры адбываецца шмат адукацыйных імпрэзаў: круглыя сталы, дыскусіі, лекцыі. Вялікая ўвага надаецца беларускай гісторыі ды яе папулярызацыі.

«За гады свайго існавання Цэнтр гарадскога жыцця стаўся сапраўды ўнікальнаю пляцоўкай у жыцці гораду. Тут праводзіліся міжнародныя навуковыя канферэнцыі па гісторыі. Нічога падобнага ў Гарадзенскім універсітэце не адбывалася – паводле ўзроўню навуковасці і прысутнасці замежных калегаў. Гэта пляцоўка, на якой адбываліся прэзентацыі кніжак. Я сам двойчы рабіў прэзентацыі сваіх навуковых кніг», – падкрэслівае ў размове з «Белсатам» доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Смалянчук.

Алесь Смалянчук.
Фота: Белсат

Гісторык згадвае сустрэчы з цікавымі людзьмі, сапраўднымі інтэлектуаламі, канцэрты і фестывалі, якія адбываліся на пляцоўцы, і падкрэслівае, што гэтае месца зрабілася надзвычай важным для гораду, асабліва ў сітуацыі, калі Міністэрства культуры, гарадскія ўлады не праяўляюць вялікай цікавасці да развіцця беларускай культуры.

«Гэтая пляцоўка адначасна ёсць прастораю свабоды, абмену думкамі, меркаванняў, сустрэчаў сяброў. Як гісторык магу адзначыць, што цэнтр і яго пазітыўнае значэнне ўвойдзе ў гісторыю Горадні. Як і той судовы працэс, які распачаўся супраць цэнтру: ён зойме сваё ганебнае месца ў гісторыі гораду разам з тымі людзьмі, якія яго ініцыявалі і будуць яго праводзіць. Ліквідацыя цэнтру станецца ўдарам па рэальным культурніцкім жыцці Горадні, а не па прыдуманым, якое паказваюць у тэлевізары», – перакананы Алесь Смалянчук.

Спектакль «451 градус Фарэнгейта» ў дворыку Кірава 3.
Фота: Белсат

«У гэтай прасторы лёгка жывецца і дыхаецца кожнаму, хто туды трапляе»

За час існавання ў цэнтры адбыліся больш за 250 культурніцкіх і асветніцкіх імпрэзаў, больш як сотня прэзентацыяў кніг, сустрэчаў з выбітнымі літаратарамі, некалькі вялікіх фестываляў – дакументальнага кіно «Watch Docs» і інтэлектуальнай кнігі «Pradmova». У 2019 годзе цэнтр стаўся адзінаю пляцоўкай у Беларусі, дзе адкрылі і паказалі выставу самага прэстыжнага конкурсу фатографаў «World Press Photo».

«Не тое важна, што ў Цэнтры гарадскога жыцця жыве і дыхае беларуская культура, дыхае лёгка і натуральна, як удома. А тое важна, што ў гэтай прасторы лёгка жывецца і дыхаецца кожнаму, хто туды трапляе – па кніжку, па слова, на фэст альбо імпрэзу. Далікатныя цудоўныя людзі, найлепшыя кніжкі, вольнае паветра. Такое не забароніш, гэта назаўжды. Пакуль – няхай толькі ў сэрцах. Але гэта пакуль», – адзначае пісьменніца, настаўніца і літаратуразнаўца Ганна Севярынец, удзельніца мінулагодняга фэсту «Pradmova», які адбыўся ў цэнтры.

Фестываль «Pradmova».
Фота: Белсат

«Дзякуючы дапамозе цэнтру ўдалося зменшыць наступствы пандэміі каронавіруса ў нашым горадзе»

У 2020 годзе Цэнтр гарадскога жыцця стаўся месцам, дзе збіраліся і працавалі валанцёры «ByCovid19», якія дапамагалі гарадзенскім медыкам у барацьбе з пандэміяй каронавіруса. У той момант, калі на дзяржаўным узроўні людзям раілі лячыцца ад ковіду гарэлкай і трактарамі.

Уладзімір Пруднікаў.
Фота: Белсат

«Менавіта тут размясціўся штаб валанцёраў, збіраліся ініцыятывы і неабыякавыя людзі, якія імкнуліся дапамагчы медыкам, тым, хто працуе з хворымі на ковід», – кажа ў размове з «Белсатам» гарадзенскі доктар Уладзімір Пруднікаў.

Медык згадвае, як у цэнтры збіраліся і шыліся сродкі індывідуальнай абароны для дактароў. Валанцёры тады сабралі каля 10 тысячаў ахоўных экранаў на твар, былі пашытыя і размеркаваныя ў медычныя ўстановы некалькі тысячаў ахоўных супрацьчумных халатаў.

«Калі такой прасторы не будзе, то што тады застаецца? Хадзіць у шыхце?»

Пасля рэпрэсіяў жніўня 2020 года на пляцоўках цэнтру выступалі звольненыя акторы гарадзенскіх тэатраў. Напрыклад, акторы зладзілі некалькі інтэрактыўных сустрэчаў з гледачамі, у сакавіку на адкрыцці выставы да 25-годдзя танцтэатру «Галерэя» ў прасторы з танцавальным перформансам выступіла балетмайстар Вікторыя Бальцар.

«Магу адзначыць, напрыклад, пастаноўку «(Не)расстраляная паэзія», якую мы пасля звальнення з тэатру зрабілі ў цэнтры ў Ноч паэтаў, – кажа Сяргей Курыленка, заслужаны артыст Беларусі, актор і рэжысёр-пастаноўшчык Драматычнага тэатру ў Горадні, звольнены за сваю пазіцыю пасля жнівеньскіх падзеяў мінулага года.

Сяргей Курыленка.
Фота: Белсат

Паводле творцы, улады хочуць пакінуць выпаленую зямлю, знішчыць усё жывое. Яны не разумеюць, што на зараўнанай у асфальт тэрыторыі нічога не расце, пры гэтым хочуць працягваць збіраць нейкія плады.

«Але я веру ў тое, што гэтае бязмежжа і беззаконнасць, калі забыліся ўжо ўсе нормы маралі і прыстойнасці, скончыцца», – адзначае Сяргей Курыленка.

Чаму цэнтр хочуць закрыць

19 сакавіка 2021 года ў Цэнтры гарадскога жыцця адкрылася выстава мастака Алеся Пушкіна «Пушкін у Горадні», на якой былі экспанаваныя прапановы роспісу гарадзенскага Старога замку і творы мастака розных гадоў. Пракурор гораду Уладзімір Клішын палічыў, што адна з працаў парушае Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму і патрабуе зліквідаваць Цэнтр гарадскога жыцця.

Hавiны
У Горадні хочуць ліквідаваць культавы Цэнтр гарадскога жыцця
2021.04.20 17:53
Hавiны
У хаце і майстэрні мастака Алеся Пушкіна правялі ператрусы і панішчылі карціны
2021.03.27 18:04

СП, фота аўтара belsat.eu

Стужка навінаў