«Рашэнне ў нас заўсёды ў запасе». Што думаюць эксперты і ў штабе Ціханоўскай пра ейную інаўгурацыю?


Святлана Ціханоўская.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Павел Латушка лічыць неабходным, каб Святлана Ціханоўская заняла пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэта дапаможа абараніць суверэнітэт краіны ад паглынання Расеяй. Высвятляем, што пра гэта думаюць у камандзе лідаркі беларускага пратэсту і эксперты.

Што прапануе Латушка

Hавiны
Латушка заклікаў Ціханоўскую стаць прэзідэнткаю, каб Беларусь не страціла суверэнітэту
2021.04.22 14:53

Сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заклікаў Святлану Ціханоўскую як абранага народам лідара ўступіць на пасаду прэзідэнта Беларусі, правесці інаўгурацыю, прымаць пастановы як легітымны і дамоваздольны кіраўнік Беларусі. Гэта мае стаць адным з фактараў, які абароніць Беларусь ад паглынання Расеяй.

Паводле звестак Паўла Латушкі, падчас перамоваў 22 красавіка Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна можа быць прыняты шэраг дамоваў: пра стварэнне расейскай вайсковай базы, увод расейскага вайсковага кантынгенту ў Беларусь і пра ўвядзенне расейскага рубля.

Меркаванні
Аперацыя «Кансервы»–2021. Навошта Пуцін казаў пра «змову» супраць Лукашэнкі
2021.04.21 18:50

«Зыходзячы з таго, што Лукашэнка не легітымны кіраўнік дзяржавы, […] а абраным лідарам Беларусі ёсць Святлана Ціханоўская, гэта прызнана шмат якімі краінамі, мы павінны паставіць зноў пытанне і звярнуцца да Святланы Ціханоўскай, каб яна ўступіла на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, правяла інаўгурацыю ў якасці прэзідэнта краіны, стварыла ўрад Рэспублікі Беларусь. І яны будуць легітымнымі прадстаўнікамі Рэспублікі Беларусь», – заявіў кіраўнік НАУ ў інтэрв’ю радыё «Свабода».

Павел Латушка прызнае, што рэалізацыя прэзідэнцкіх функцыяў на тэрыторыі краіны сёння будзе абмежаваная, «але гэта дае нам даволі важкія інструменты ўплыву на міжнародны парадак дня падчас нашых размоваў з міжнароднымі партнёрамі».

«Гэта дае нам магчымасць блакаваць усе захады нелегітымнага рэжыму Беларусі ў вырашэнні вонкавапалітычных пытанняў. Гэта ў перспектыве стварае магчымасць вельмі хуткай і рэальнай перадачы ўлады беларускім народам менавіта легітымным прадстаўнікам Беларусі – прэзідэнту і ўраду Рэспублікі Беларусь», – падкрэсліў Павел Латушка.

Палітык дадаў, што ўжо ініцыяваў гэтае пытанне Святлане Ціханоўскай. Шмат будзе залежаць ад прынятых 22 красавіка пастановаў, але дзеяць трэба будзе хутка.

Што кажуць у офісе Ціханоўскай

Карэспандэнты belsat.eu папрасілі каманду Святланы Ціханоўскай пракаментаваць ініцыятыву Паўла Латушкі.

«Мы гатовыя адэкватна рэагаваць на сітуацыю з улікам усіх абставінаў. Гэта рашэнне, якое ў нас заўсёды ў запасе. На найвышэйшым узроўні – прэзідэнты, прэм’еры і міністры іншых краінаў – Святлану Ціханоўскую ўжо прымаюць як лідара Беларусі», – паведамілі нам у прэс-службе офісу палітыка.

Ужо прызнаны лідар большасці

Між тым сярод апытаных намі экспертаў эфектыўнасць і мэтазгоднасць правядзення інаўгурацыі ў гэтых умовах выклікае сумневы.

Гэтак, старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла мяркуе, што «наўрад ці нейкія афіцыйныя інстытуты і грамадзяне могуць прызнаць юрыдычна абгрунтаваным такі крок». Паводле яго, сёння казаць пра нейкую інаўгурацыю, якая б мела юрыдычнае значэнне і якая замацавала б факт перамогі Святланы Ціханоўскай, нельга.

Hавiны
Амерыканскі сенатар: Ціханоўская – легітымны прэзідэнт Беларусі
2021.03.22 17:32

Пры гэтым Гары Паганяйла прызнае, што інаўгурацыя ў якасці палітычнага рашэння абвесціць Святлану Ціханоўскую пераможцаю мінулай прэзідэнцкай кампаніі, прызнаць абранай асобаю, якая ўступіла на пасаду, можа мець месца.

«Але яна і так прызнаная большасцю краінаў лідарам пратэсту ў Беларусі і лідарам тых, хто не прызнаў гэтых выбараў. Такім чынам, яна прызнаны калі не кіраўнік дзяржавы, дык лідар большасці выбарнікаў у гэтай дзяржаве. І яна дзеіць ад імя гэтай большасці. У сувязі з гэтым яна мае пэўную легітымнасць, якую прызналі і дыпламаты, і дзяржаўныя дзеячы замежных краінаў. З ёю сустракаюцца менавіта ў гэтым статусе, пратакольныя захады праходзяць менавіта ў сувязі з прызнаннем яе як лідара. І ў гэтым ейная палітычная моц, ейная праўда. Яна дзеіць ад імя большасці нашых грамадзянаў, якія давяраюць ёй як лідару і якія спадзяюцца на тое, што яна выканае свае перадвыбарчыя абяцанні: правядзе найбліжэйшым часам новыя выбары – дэмакратычныя і сумленныя, вынікам якіх мусіць быць абранне новага прэзідэнта і пераўладкаванне нашай дзяржавы як дэмакратычнай», – падкрэсліў прадстаўнік БХК.

Юрыдычна выбары не скончаныя

З юрыдычным бокам правядзення інаўгурацыі могуць быць цяжкасці. Гары Паганяйла нагадаў, што раней Святлана Ціханоўская сама «казала пра тое, што не мае юрыдычных падставаў лічыць сябе абраным прэзідэнтам, бо выбары былі сфальсіфікаваныя і дакладных вынікаў выбарчай кампаніі не ведаюць ні ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, ні іншыя дзяржаўныя інстытуты, ні грамадзяне».

Юрыст адзначыў, што прынамсі траціна пратаколаў з участковых выбарчых камісіяў, дзе былі зафіксаваныя вынікі на карысць Святланы Ціханоўскай, не былі належным чынам прэзентаваныя ў тэрытарыяльных камісіях і не былі затым выкарыстаныя пры канчатковым абвяшчэнні вынікаў выбараў Цэнтрвыбаркамам.

Hавiны
Лукашэнка прызнаў, што на выбарах маглі быць фальсіфікацыі
2021.02.11 14:56

«І ў цэлым выбары 2020 года былі сфальсіфікаваныя, што прызналі як сам Лукашэнка, гэтак і шэраг іншых дзяржаўных асобаў, якім дакладна вядома, што тым звесткам, якія абвясціла ЦВК, веры няма, бо вынікаў, падмацаваных выбарчымі пратаколамі, не існуе», – дадаў эксперт.

Юрыст нагадаў, што ўсе кандыдаты, акрамя Лукашэнкі, абскардзілі вынікі выбараў у ЦВК «перадусім менавіта з гэтаю прынцыповаю пазіцыяй, што выбары сфальсіфікаваныя ды іх трэба прызнаць несапраўднымі па ўсёй краіне, прызначыць паўторныя выбары».

Пасля таго як Цэнтрвыбаркам не прызнаў скаргаў абгрунтаванымі, кандыдаты, у тым ліку штаб Святланы Ціханоўскай, абскардзілі пастанову ЦВК у Вярхоўным Судзе.

«Згодна з Канстытуцыяй і выбарчым заканадаўствам, толькі пастанова па скаргах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь была б апошняю кропкай у выбарчым працэсе 2020 года. Але Вярхоўны Суд адмовіў у разглядзе скаргаў кандыдатаў», – заявіў Гары Паганяйла.

«Гэты факт прызналі пастановаю Канстытуцыйнага Суда 25 жніўня 2020 года. У рашэнні, дзе суд палічыў, што Каардынацыйная рада для прызнання выбараў несапраўднымі і прызначэння новых выбараў ёсць нібыта неканстытуцыйнаю, тым не менш замацаваны юрыдычны факт, што скаргі ад імя кандыдатаў у Вярхоўным Судзе мусілі канчаткова вызначыць лёс прызнання выбараў несапраўднымі або сапраўднымі.

Паколькі гэтага не адбылося, то і выбары юрыдычна незавершаныя. У гэтых умовах і сама інаўгурацыя Лукашэнкі юрыдычна нікчэмная, таму правільна, дэмакратычна настроеныя людзі прыйшлі да высновы, што ён нелегітымны. Ён не абраны прэзідэнтам. Пра гэта ж былі рашэнні большасці краінаў Захаду, якія таксама прызналі нелегітымнымі ўсе працэдуры, звязаныя з абраннем Лукашэнкі на новы тэрмін і наступнымі пастановамі, у тым ліку таемнай інаўгурацыяй», – падкрэсліў прадстаўнік БХК.

Венесуэльскі варыянт не для Беларусі?

Палітолаг і кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Валер Карбалевіч сумняецца ў тым, што інаўгурацыя Святланы Ціханоўскай «нешта радыкальна памяняе, бо абвясціць самую сябе прэзідэнтам не праблема, а праблема ў тым, каб гэта прызналі іншыя».

Паводле эксперта, венесуэльскі варыянт, калі Захад прызнаў прэзідэнтам не Нікаляса Мадура, а Хуана Гуаідо, пакуль «з Беларуссю не можа адбыцца з шмат якіх прычынаў».

«Захад яе не прызнае прэзідэнтам, бо нельга дакладна даказаць, што яна сапраўды прэзідэнт. Для доказаў ёсць пэўныя працэдуры, а ў беларускіх умовах яны немагчымыя. Таму ў гэтым сэнсе логікі ў гэтым няма», – заявіў палітолаг.

Гарачы каментар
Еўропа прызнае Гуаідо часовым прэзідэнтам Венесуэлы
2019.02.04 21:05

На думку аналітыка, інаўгурацыя не можа змяніць сітуацыю і ўнутры Беларусі:

«Калі б гэта было яшчэ ўвосень, гэта магло б неяк паўплываць. Цяпер гэта не паўплывае. Цяпер палітычная вага яе і штабу зменшылася ў параўнанні з восенню, бо яна залежыць ад таго, што адбываецца ў Беларусі. А тут вуліца як фактар палітыкі знікла. І ў гэтай сітуацыі гэта нічога не дасць, акрамя нейкай, магчыма, роспачы».

Што датычыць ідэі Паўла Латушкі пра тое, што інаўгурацыя можа дапамагчы абараніць суверэнітэт Беларусі ад Расеі, Валер Карбалевіч падкрэсліў: «Жаданне Пуціна залежыць ад іншых чыннікаў, а зусім не ад таго, аб’явіць Святлана Ціханоўская сябе прэзідэнтам ці не».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў