Навошта з'явілася «справа дзяржаўнага перавароту», і якія могуць быць наступствы гэтай гісторыі


Фігурантам справы аб дзяржаўным перавароце следчыя выставілі абвінавачанні. Начальнік аддзелу следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанцін Бычак у праграме «Зразумелая палітыка ПЛЮС» на тэлеканале «Беларусь 1» заявіў, што ў «справе дзяржаўнага перавароту» фігуруюць чатыры асобы і ўсе яны за кратамі. Але хто чацвёрты з затрыманых, следчы не агучыў.

Паводле начальніка аддзелу следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанціна Бычака, чатыром затрыманым у «справе дзяржаўнага перавароту» выставілі абвінавачанні. Следчы распавёў, што затрыманыя супрацоўнічаюць са следствам і нібыта даюць прызнальныя паказанні. Але раней следчыя, як і Лукашэнка, таксама заяўлялі, што прызнальныя паказанні дае Віктар Бабарыка, праўда, на судзе ў «справе «Белгазпрамбанку» высветлілася, што тыя заявы былі хлуснёю. Насамрэч навінаў ад затрыманых няма, да іх не дапускаюць адвакатаў. Вядома, што іх вінавацяць паводле ч. 1 арт. 357 КК («Змова з мэтаю захапіць уладу неканстытуцыйным шляхам»).

Калаж. Крыніца: Рыгор Кастусёў / Facebook; Александр Федута / прыватны архіў; Юрась Зянковіч / Facebook

Прадстаўнік КДБ таксама распавёў, што Юрась Зянковіч, Аляксандр Фядута і Рыгор Кастусёў заключылі таемнае пагадненне пра сілавое зрынанне ўлады. Канстанцін Бычак сцвярджае, што справа не абмяжоўвалася проста абмеркаваннем: Зянковіч спрабаваў вербаваць і падкупляць вайскоўцаў.

Паводле Бычака, ФСБ праінфармавала беларускі бок пра аперацыю, калі стала вядома, што Зянковіч прылятае ў Маскву. Але эксперты звярнулі ўвагу, што версіі ФСБ і КДБ маюць істотныя разыходжанні.

У паведамленні ФСБ гаворыцца, што змоўцы збіраліся зладзіць пераварот у Менску 9 траўня падчас параду Перамогі. ФСБ Расеі гаворыць пра планы «вайсковага перавароту ў Беларусі паводле адпрацаванага сцэнара «каляровых рэвалюцыяў» з прыцягненнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў». Але насамрэч вайсковы пераварот і сцэнары «каляровых рэвалюцыяў» – несумяшчальныя, нават узаемавыключальныя. Бо класічная «каляровая рэвалюцыя» – гэта мірная рэвалюцыя.

Журналіст і палітолаг Валер Карбалевіч.
Фота: liberalclubbelarus / Facebook

Паводле палітолага Валера Карбалевіча, версія, што змоўцы нібыта збіраліся выкрасці дзяцей Лукашэнкі і схаваць іх у склепе на Гомельшчыне, выклікае непаразуменне.

«Няясна, ці то змоўцы збіраліся забіць дзяцей, ці то пасадзіць у склеп. Вось гэты сюжэт са склепам асабліва замілоўвае. Ён, мабыць, адлюстроўвае нейкія асабістыя, магчыма, дзіцячыя ўяўленні Лукашэнкі пра тое, куды можна хаваць дзяцей. Гэты аповед пра дзяцей у склепе, ды яшчэ ў Гомельскай вобласці, неяк падрывае ўвесь трагічны пафас гэтай гісторыі, ператварае яе ў нейкі вадэвіль», – звяртае ўвагу кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Валер Карбалевіч.

Хто чацвёрты арыштаваны ў «справе замаху на Лукашэнку»?

Аляксандра Фядуту і Юрася Зянковіча затрымалі ў Маскве 11 красавіка, Рыгора Кастусёва схапілі ў Шклове на наступны дзень. Імя чацвёртага абвінавачанага не называюць.

Выказваецца меркаванне, што чацвёртым фігурантам у «справе дзяржаўнага перавароту» можа быць былы следчы Яўген Юшкевіч.

Былога следчага арыштавалі 19 красавіка і змясцілі ў СІЗА КДБ. У ягонай кватэры сілавікі ўчынілі ператрус на падставе пастановы, у якой указаны 289-ы артыкул Крымінальнага кодэксу («Акт тэрарызму»). Цяпер да следчага не пускаюць адваката, паведамляюць ягоныя сваякі. Адвакатка Юшкевіча – Марыя Колесава-Гудзіліна – пад падпіскай пра неразгалашэнне.

Стваральнік праекту «ByChange» Яўген Юшкевіч.
Фота: архіў героя

«Наша Ніва» выказвае меркаванне, што чацвёрты фігурант справы – 43-гадовая Вольга Галубовіч. Вядома, што жанчыну тыдзень таму затрымалі працаўнікі КДБ. Але ці выставілі ёй абвінавачанне, не вядома.

Вольга Галубовіч.
Фота: Вольга Галубовіч / ok.ru

Раней Вольга Галубовіч займалася справамі менскага офісу Юрася Зянковіча, які дапамагаў міграваць у ЗША.

Як улады і Крэмль скарысталіся гісторыяй з замахам

Для ўладаў Беларусі ў «справе дзяржаўнага перавароту» палітолаг Валер Карбалевіч вылучае некалькі момантаў. Улады спрабуюць праз гэтую гісторыю дыскрэдытаваць апазіцыю і разбурыць канцэпцыі, што беларускі пратэст мае мірны характар. І цяпер улады хочуць паказаць, што нібыта апазіцыя не мірная, бо збіраецца зрабіць пераварот, забіць Лукашэнку і ягоных дзяцей.

«Гэта таксама спроба дэлегітымізацыі ўсіх заходніх санкцыяў, бо, маўляў, улада ж не проста з народам змагаецца, а змагаецца з змоўцамі, якія хочуць забіць кіраўніка дзяржавы. Акрамя таго, прасочваецца намаганне ўмацаваць пазіцыі Расеі. Усе кепскія, а вось Расея добрая. І гэта такі закід: маўляў, дайце грошы і перастаньце ціснуць на Лукашэнку з мэтаю паскорыць транзіт улады», – кажа Валер Карбалевіч.

Аб’ектыў
Пуцін падыграў Лукашэнку
2021.04.21 22:35

Безумоўна, сітуацыяй скарыстаўся і Крэмль. Цяпер Расея таксама ставіць перад сабою мэты і задачы, якія сталі магчымымі для рэалізацыі дзякуючы гэтай гісторыі.

«Расея хоча прыцягнуць бліжэй да сябе Беларусь. Маўляў, адзіная дапамога ад ціску Захаду – больш шчыльная інтэграцыя. Таму магчымае і ўвядзенне войскаў у нейкім выглядзе на тэрыторыю Беларусі. Магчымае з’яўленне вайсковай базы. Бо калі пагроза – з боку Захаду, то скажуць, што расейскія войскі будуць абараняць», – кажа Валер Карбалевіч.

Якія могуць быць вынікі гэтай гісторыі?

Палітык Павел Латушка ў размове з радыё «Свабода» заявіў, што гісторыю з «замахам на Лукашэнку» выкарыстоўвае прапагандысцкая машына, каб найперш стварыць інфармацыйнае поле, інфармацыйны фон для прыняцця больш важных міжнародных, юрыдычных, прававых рашэнняў:

«Сёння існуе даволі рэальная пагроза, што Беларусь будзе пастаўленая перад выбарам «дзякуючы» нелегітымнаму кіраўніку, і ў выніку гэтага выбару фактычна будзе ажыццяўляцца продаж суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны».

Былы дырэктар Купалаўскага тэатру, экс-міністр культуры Беларусі, кіраўнік і заснавальнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка. Здымак з белсатаўскага спецрэпартажу «Няродны кут».
Фота: ЮШ / Белсат

Палітык папярэджвае, што цяпер Лукашэнка і Пуцін будуць абмяркоўваць больш шчыльную інтэграцыю ў пытаннях вайсковай супрацы ды інтэгравання фінансава-эканамічнай сістэмы:

«Рашэнні, якія будуць сёння прымацца, будуць прымацца нелегітымным прэзідэнтам краіны, які не мае ніякіх юрыдычных, міжнародных правоў, каб прымаць рашэнні ад імя Рэспублікі Беларусь і беларускага народу. Гэтыя рашэнні прымаюцца ў таямніцы, без прадастаўлення звестак беларускаму грамадству, што ўжо недапушчальна пры вырашэнні такіх прынцыпова важных, лёсавызначальных пытанняў для будучыні нашай Беларусі», – распавёў палітык.

Hавiны
Латушка заклікаў Ціханоўскую стаць прэзідэнткаю, каб Беларусь не страціла суверэнітэту
2021.04.22 14:53

У сувязі з гэтым Павел Латушка заклікаў Святлану Ціханоўскую ўступіць у пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, каб яна правяла інаўгурацыю ў якасці прэзідэнта краіны, стварыла ўрад Беларусі, разам з якім яны будуць легітымнымі прадстаўнікамі Рэспублікі Беларусь.

Святлана Ціханоўская.
Фота: tsikhanouskaya / Telegram

Карэспандэнты belsat.eu папрасілі каманду Святланы Ціханоўскай пракаментаваць ініцыятыву Паўла Латушкі.

«Мы гатовыя адэкватна рэагаваць на сітуацыю з улікам усіх абставінаў. Гэта рашэнне, якое ў нас заўсёды ў запасе. На найвышэйшым узроўні – прэзідэнты, прэм’еры і міністры іншых краінаў – Святлану Ціханоўскую ўжо прымаюць як лідара Беларусі», – паведамілі нам у прэс-службе офісу палітыка.

Аналітыка
«Рашэнне ў нас заўсёды ў запасе». Што думаюць эксперты і ў штабе Ціханоўскай пра ейную інаўгурацыю?
2021.04.22 15:36

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў