Франак Вячорка пра перамовы Лукашэнкі ў Маскве: «Аднамомантавага паглынання не будзе»

У жывым эфіры «Белсату» дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях міжнароднай палітыцы Франак Вячорка пракаментаваў перамовы паміж афіцыйным Менскам і Масквою, якія распачаліся ўвечары 22 красавіка.

Яшчэ напярэдадні візіту з боку медыяў і экспертнай супольнасці гучалі перасцярогі аб магчымасці прымусу афіцыйнага Менску да больш рашучых крокаў у пытанні інтэграцыі двух краінаў. Але суразмоўца «Белсату» не падзяляе гэтыя апасенні.

«Паводле нашых крыніцаў, аднамомантавага паглынання быць не можа, гэта не выгодна нікому. Такія дамоўленасці калі і будуць, то яны будуць расцягнутыя, каб не справакаваць выбух у інфармацыйнай прасторы, бо для Лукашэнкі пратэсты гэта самае страшнае. А калі нават нейкія здзелкі і будуць, яны, на жаль, будуць трымацца ў таямніцы. Але ў сваю чаргу мы павінныя казаць, што суверэнітэт і незалежнасць – не прадмет гандлю», распавёў Франак Вячорка.

Ніякай празрыстасці і дакладнай інфармацыі аб павестцы дня ў перамовах няма, кажа Вячорка. Пры гэтым, суразмоўца «Белсату» адзначае, што Масква фактычна апошні крэдытор Лукашэнкі.

«У Лукашэнкі няма выбару, яму трэба прыніжацца і падабацца Пуціну. Для Лукашэнкі цяпер Крэмль гэта галоўная крыніца фінансавання, а фінансаванне патрэбнае каб утрымліваць сілавікоў і армію чыноўнікаў. Бо менавіта фінансавыя складанасці гэта тое, што можа выклікаць незадаволенасць і пратэсты ў грамадстве, а таксама раскол унутры элітаў Лукашэнкі», – кажа Франак Вячорка.

Перамовы Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве, 22 красавіка 2021 г. Фота: Mikhail Klimentyev / TASS / Forum

У часе перамоваў з Пуціным Лукашэнка выказаўся наконт прапановы Кіева перанесці з Менску перамоўную пляцоўку па ўрэгуляванні крызісу на Данбасе, назваўшы гэта «лухтой несусветнай».

«Лукашэнка сам за сябе. Ён той чалавек, які не бачыць сябе па-за прэзідэнцтвам. Калі ён адчувае, што ў гэты момант яму трэба сказаць нешта супраць Украіны, ён будзе гэта казаць. І гэта ніколі яму не замінала на наступны дзень паехаць у Кіеў і казаць тое самае пра Расею. Ён палітык папуліст, але дзякуй богу ягоны час прайшоў. І зараз пытанне толькі ў тым, як нам забяспечыць пераход да дэмакратыі з найменшымі стратамі для Беларусі», – пракаментаваў словы Лукашэнкі Франак Вячорка.

Латушка заклікаў Ціханоўскую стаць прэзідэнткаю, каб Беларусь не страціла суверэнітэту

Таксама суразмоўца «Белсату» пракаментаваў ініцыятыву Паўла Латушкі, які заклікаў Святлану Ціханоўскую абвесціць сябе прэзідэнткай Беларусі. Паводле Вячоркі знешняя легітымнасць Ціханоўскай не патрэбная, яе ўжо прызнаюць лідары заходніх краінаў. А вось што датычыцца інаўгурацыі ў Беларусі – гэты варыянт магчымы пры адпаведных умовах.

«Што тычыцца ўнутранай легітымнасці і ўступленне на пасаду прэзідэнта, правядзенне інаўгурацыі – гэта трэба мець на ўвазе. Калі сапраўды зʼявіцца вострая рызыка незалежнасці і суверэнітэту, калі зʼявіцца знак, што дзяржаўныя інстытуты будуць гатовыя падпарадкоўвацца Святлане Ціханоўскай, вядома гэты варыянт не трэба выключаць», – заявіў Франак Вячорка.

22 красавіка ў Маскве прайшлі перамовы Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. У пачатку перамоваў Лукашэнка заявіў, што «урады абедзвюх краін ухвалілі ўжо 26-27 інтэграцыйных «дарожных мапаў», і што засталіся яшчэ 2-3 мапы эканамічнага характару». Сустрэча доўжылася 4 гадзіны.

«Рашэнне ў нас заўсёды ў запасе». Што думаюць эксперты і ў штабе Ціханоўскай пра ейную інаўгурацыю?

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны