«Уварванне беларускай арміі ва Украіну стане крокам з незваротнымі наступствамі». Заява Святланы Ціханоўскай


Святлана Ціханоўская 22 сакавіка 2022 году выступіла са зваротам да беларускіх вайскоўцаў і іхных блізкіх аб недапушчальнасці ўварвання Беларусі ва Украіну.

Беларуская лідарка папярэдзіла пра адказнасць за вайсковыя злачынствы ў выпадку нападу на Украіну, а таксама пра тое, што такі крок панясе за сабой незваротныя наступствы – на адносінах з украінскім народам назаўжды будзе пастаўленая пляма. Прыводзім асноўныя тэзісы звароту:

«Нам паступае інфармацыя пра магчымае ўварванне войскаў Беларусі ва Украіну, і таму я звяртаюся да беларускіх вайскоўцаў. Я заяўляю:

  1. Аляксандр Лукашэнка ўжо здзейсніў дзяржаўную здраду, даўшы тэрыторыю Беларусі для расейскай агрэсіі супраць Украіны. Гэтая агрэсія супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі і з’яўляецца злачынствам, а таксама наўпрост супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Ён і ўсе службовыя асобы, якія спрыяюць агрэсіі, немінуча стануць перад судом і панясуць адказнасць за дзяржаўную здраду, а ў выпадку ўварвання ва Украіну – і за ваенныя злачынствы.
  2. Уварванне беларускай арміі ва Украіну – гэта крок з незваротнымі наступствамі. Ён стане ганебнай плямай на адносінах з украінскім народам і яшчэ больш ізалюе беларусаў ад вонкавага свету – аж да жалезнай заслоны, за якой Беларусь не будуць разглядаць як самастойную дзяржаву, а жыццё ў краіне прывядзе да галечы.
  3. Усе, хто аддасць загад аб уварванні войскаў Беларусі ва Украіну, незалежна ад пасады і вайсковага звання, стануць перад трыбуналам.
  4. Усе, хто выканае гэты заведама злачынны загад, будуць адказваць перад законам.
  5. Вайскоўцы і любыя службовыя асобы, якія адмовяцца выконваць злачынныя загады, вызваляюцца ад адказнасці за невыкананне такіх загадаў. Права не выконваць заведама злачынныя загады гарантаванае законам. Зафіксаваць сваю нязгоду з загадам можна прамым дзеяннем – склаўшы зброю.
  6. Вайскоўцы, службовыя асобы і грамадзяне Беларусі, якія любымі даступнымі спосабамі перадухіляць выкананне злачынных загадаў, вызваляюцца ад адказнасці.
  7. Вайскоўцы, якія пакінулі поле бою і здаліся ў палон ва Украіне, вызваляюцца ад адказнасці. Загад увесці войскі ва Украіну – гэта не толькі загад адправіць на верную смерць вайскоўцаў нашай краіны, але і загад усім нам, беларусам, адмовіцца ад незалежнасці і сваёй будучыні.
Hавiны
Святлана Ціханоўская ў ААН заклікала прызнаць Беларусь акупаванай Расеяй
2022.03.17 16:10

Дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка заяўляе, што Лукашэнка нібыта абяцаў Пуціну, што пачне наступ на Украіну не пазней за 21 сакавіка. Менавіта таму з Кіева з’ехалі прадстаўнікі дыпмісіі Беларусі. Але потым Лукашэнка нібыта перадумаў, і ўварвання Беларусі ва Украіну не адбылося.

Артыкулы
Святлана Ціханоўская: «Нам яшчэ доўга прыйдзецца вяртаць нашае добрае імя»
2022.03.04 18:21

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў