У Беларусі імкліва растуць кошты, некаторыя імпартныя тавары падаражэлі ўтрая


У Беларусі адчувальна растуць кошты на розныя тавары. Прадаўцы пры гэтым заяўляюць, што адчуваецца дэфіцыт на імпартную прадукцыю. «Белсат» прааналізаваў, на якія пазіцыі кошты выраслі найбольш.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: ТК / Белсат

Яшчэ ў сярэдзіне сакавіка чыноўнікі ў Беларусі прызналіся, што кошты ў краіне растуць. На думку старшыні канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Алега Жыдкова, рэзкага падаражэння харчоў у Беларусі няма. Але насуперак гэтым жа словам чыноўнік пазней прызнаўся, што на прадпрыемствах даражэюць вытворчыя працэсы. Таксама, паводле яго, улады вымушаныя пайсці на павышэнне коштаў, напрыклад, на той жа цукар на 6 %, але толькі дзеля таго, каб выраўнаваць дысбаланс на ўнутраным і суседніх рынках.

У Менску чыноўнікі вырашылі падняць кошты на апастыль. Прычым кошты выраслі ажно ў 10 разоў. Раней гэтая дзяржаўная паслуга каштавала 16 рублёў, а цяпер – 160. Каб атрымаць штамп з парадкавым нумарам дзяржаўнай рэгістрацыі, які патрэбен для пацвярджэння афіцыйных дакументаў за мяжой, людзі стаяць у чэргах. 10 сакавіка ўстановы, якія прастаўлялі апастыль, спынілі прыём дакументаў «з-за тэхнічных праблемаў». Цікавасць да гэтай паслугі звязаная з хваляй эміграцыі з Беларусі.

Hавiны
У Беларусі зноў можна паставіць апастыль. Але ў 10 раз даражэй, чым раней
2022.03.22 11:42

Людзі рыхтуюцца да крызісу і дэфіцыту

Даволі моцны дысананс з коштамі на рынках, на якіх працуюць як дзяржаўныя фірмы, так і прыватнікі. Напярэдадні вясновага сезону імкліва пачалі расці кошты на расліны ў гадавальніках і парніках. Напрыклад, істотна падаражэлі дэкаратыўныя туі, якія сталі даволі запатрабаванымі ў Беларусі. Прыватныя сядзібы прадаюць дрэвы вышынёй адзін метр за 30 рублёў. У дзяржаўных арганізацыях росту коштаў яшчэ не было. Тут адна туя каштуе яшчэ, як і летась: ад 13 рублёў.

У аптэках правізары рыхтуюцца да крызісу. Яны заўважаюць, што плынь людзей значна павялічылася. Людзі кажуць, што баяцца росту коштаў і набываюць розныя лекі, якія прадаюцца без рэцэптаў. Пакуль жа, адзначаюць правізары, асаблівага росту коштаў няма. Але ўжо пачынае адчувацца востры недахоп імпартных лекаў.

Ілюстрацыйнае фота.
Фота: «Белсат»

Тавары хатняй і побытавай хіміі таксама пачалі даражэць. Буйныя сеткавыя крамы адмянілі ўсе ранейшыя зніжкі. Пакупнікі жаляцца, што кошты растуць. Той жа сродак для мыцця посуду падаражэў амаль у два разы.

У выдавецтвах алярмуюць, што заканчваюцца прылады для друкарак. Офісныя працаўнікі заўважылі, што раптоўна скончылася папера або кошты на яе выраслі неймаверна. Увогуле рынак выглядае няўпэўнена: на онлайн-пляцоўках прадаюць сёння 500 лістоў паперы ў залежнасці ад вытворцы за 25–50 рублёў.

Набыць офісную паперу можна не ў кожнай краме. Крыніца: Скрыншот / kanctovari-rb.by

Кошты на некаторыя імпартныя тавары выраслі ў 3,5 разу

Моцна выраслі кошты на каву і гарбату. Яшчэ ў лютым кававае зерне за кілаграм можна было набыць за 27 рублёў, цяпер яно каштуе ўжо 39 рублёў.

Аўтамабільныя дэталі падаражэлі неймаверна. Найбольш адчувальны рост у сегменце аўтамабільнага алею. Прафесійны маторны алей «Ford Castrol Magnatec Professional A5 5W30 157B77 / 15D5E9», які каштаваў 127 рублёў за 5 літраў, цяпер у онлайн-краме каштуе 526 рублёў.

Кошт на маторны алей вырас з 127 да 526 рублёў з пачатку года. Скрыншот: крама «21 век»

Мэбля падаражэла ў сярэднім на 30 %. Такі ж адсотак росту і на некаторыя іншыя нехарчовыя тавары ў параўнанні з коштамі ў пачатку бягучага года.

Падобная сітуацыя на рынку электразапчастак і дэталяў. Чытач «Белсату» распавёў, што рост коштаў адбыўся цягам некалькіх дзён. На рынку прадаўцы патлумачылі, што гэта абумоўлена няпэўнасцю вакол курсаў валютаў.

«Мне сказалі, што цяпер гандляры мусяць закладваць рызыкі і пералічваюць кошты закупаў па курсе 6 рублёў за долар ЗША. Я тады дастаў долары і сказаў, што магу разлічыцца валютай, калі на тое пайшло. Але гандляр ні на секунду не задумаўся і выдаў, што ў такім выпадку курс ён мне будзе лічыць паводле Нацбанку не болей за 3 рублі 50 капеек», – абураецца чытач «Белсату».

Зрэшты, незалежныя эканамісты канстатуюць: бізнес сёння ў Беларусі з улікам рызыкаў і няпэўнасці сапраўды мусіць пералічваць кошты, у якіх курс амерыканскай валюты ледзь не ў два разы большы, чым курсы, якія вызначаюцца на Беларускай валютна-фондавай біржы, а гэта значыць, больш як 6 рублёў за долар ЗША.

Hавiны
Самы глыбокі крызіс у гісторыі. Эканаміст Крук зрабіў прагноз аб лёсе беларускай эканомікі
2022.03.12 13:12

АК belsat.eu

Стужка навінаў