«Немагчыма заставацца ўбаку». Як гданьскія таксоўцы-беларусы імчаць 700 км да мяжы, каб дапамагчы ўцекачам


Беларускія таксоўцы з Гданьску праязджаюць больш за 700 км да польска-ўкраінскай мяжы, каб забраць адтуль жанчын з дзецьмі і адвезці іх у Гданьск ці іншы горад. Бясплатна. Сярод таксоўцаў-валанцёраў – былыя беларускія палітзняволеныя Ганна Сунгурава і Мацвей Будніцкі.

Беларускія таксоўцы па дарозе з Гданьску да мяжы з Украінай. Каб забраць адтуль маці з дзецьмі, пераадольваюць 700 км туды і столькі ж назад. Фота прапанаванае Ганнай Сунгуравай

«Там мы больш патрэбныя»

«У такі час проста немагчыма заставацца ўбаку, немагчыма не працягнуць рукі дапамогі. Таму мы сваёй кампаніяй – усе працуем у таксі – сабраліся і паехалі на мяжу, каб забраць адтуль мам з дзеткамі», – расказвае Ганна Сунгурава.

У жніўні 2020 года Ганна развозіла дадому людзей пасля вулічных маршаў і забірала пратэстоўцаў, вызваленых з Акрэсціна. У верасні сама трапіла за краты і 8 месяцаў да суда правяла ў следчым ізалятары на Валадарскага. У красавіку 2021-га была асуджаная на тры гады «хатняй хіміі» (арт. 342 КК). Пазней змагла выехаць з Беларусі і ўжо 5 месяцаў жыве ў Гданьску. Зарабляе на хлеб за стырном таксоўкі. Як і многія іншыя беларусы.

«Так, мы ездзім на таксоўках, якія бярэм у арэнду. Але ў гэты час вырашылі, што там, на мяжы, мы больш патрэбныя, чым тут», – прызнаецца Ганна.

Кажа, што зрабілі ўжо тры рэйсы да памежных пунктаў прыёму ўцекачоў каля Грушава, Устылугу ды іншых месцаў. Але і туды не ехалі парожнімі: везлі коўдры, харчы ды іншыя неабходныя рэчы. Вывезлі адтуль больш за 50 чалавек.

Аб’ядналіся і працуюць для перамогі

Ганна кажа, што не ведае ў Гданьску ніводнага беларуса, які б штосьці не рабіў для Украіны. Расказвае, што разам з ёй ездзіць да мяжы з Украінай яшчэ адзін былы палітвязень – 19-гадовы Мацвей Будніцкі. Той самы, якога журналісты называлі ў публікацыях «рупарам пратэсту» і якога асудзілі за гэта на два гады «хіміі» (той жа самы арт. 342 КК). Ён таксама ў камандзе гданьскіх таксоўцаў.

Былыя палітвязні Ганна Сунгурава і Мацвей Будніцкі ў Гданьску. Фота прапанаванае Ганнай Сунгуравай

«А яшчэ мае сябры, якія пабывалі на Акрэсціна, – Каця з Дзімам. Яны дапамагаюць з пошукам жылля і рэчамі тут, у горадзе. Мы таксама заўсёды маем сувязь са складам у Гданьску, куды прывозяць гуманітарную дапамогу. Па дарозе назад высвятляем у нашых пасажыраў, у чым канкрэтна яны маюць патрэбу. Запытваем, збіраюцца рухацца далей ці маюць намер застацца ў Гданьску. І згодна з гэтым дзейнічаем», – расказвае Ганна Сунгурава.

Апроч развозу і ўладкавання ўцекачоў, набываюць рэчы для вайскоўцаў і дасылаюць ва Украіну.

Фота
Як праходзяць трэнаванні навабранцаў у беларускім батальёне імя Каліноўскага
2022.03.19 13:42

Ганна кажа, што да іх каманды далучыліся і ўкраінкі, якіх яны раней прывезлі ў Гданьск: тры дзяўчыны з Харкава ўжо пачалі валанцёрыць і застаюцца на сувязі.

«Мяне вязе беларуска, вось ён – брацкі народ!»

Ганна сцвярджае, што ні разу не сутыкнулася з негатыўным стаўленнем да беларусаў з боку ўкраінцаў. Наадварот.

«У мяне было дзве гісторыі, калі я, напэўна, проста прасяклася гонарам. Дзяўчаты, якіх мы везлі з лагеру, размаўлялі праз тэлефон са сваймі роднымі ва Украіне. І я краем вуха чую, як адна з іх кажа па тэлефоне: «Так, мяне вязе беларуска, вось ён – брацкі народ!» І гэта было, ну… вельмі прыемна», – распавядае.

Другая гісторыя звязаная з кубачкам кавы, якая бывае такой неабходнай для стомленага кіроўцы ў дальняй дарозе. Рэч у тым, што беларусы намагаліся адолець шлях да мяжы і назад за 36 гадзінаў (паўтары тысячы кіламетраў), каб паспець за тыдзень зрабіць два рэйсы. Калі зусім стамляліся, шукалі месца для кароткага адпачынку. Спыніліся аднойчы калі прыдарожнай крамкі:

«Адключыліся, але я першая прачнулася і пайшла глядзець, што там за крама. Заходжу і нідзе не бачу кава-машыны. Запытваюся на ламанай польскай у прадавачкі. А яна такая: «Так, зараз зраблю вам кавы». Пытаюся, колькі будзе каштаваць. А яна: «Не трэба грошай».

Я здзіўленая: «Вы з Беларусі?» Яна: «Не, з Украіны. Проста гаспадар кавярні дазволіў сваім рабіць каву бясплатна». «Як прыемна, што вы нас, беларусаў, лічыце сваімі», – усміхаюся. «Ну, а чые ж вы?..» – адказвае».

Ганна кажа, што яе асабіста натхняе і тое, як палякі падтрымліваюць украінцаў. «Проста супернарод», – заўважае.

Як падтрымаць беларускіх валанцёраў на таксі

Кожны з таксоўцаў-валанцёраў падчас рэйсаў да ўкраінскай мяжы наматаў ужо па 6–7 тысяч кіламетраў. І ў кожны момант гатовы зноў кінуцца на дапамогу.

«У нас там валанцёр наш застаўся на мяжы – Кірыл, працуе перакладчыкам. Таму – трымаем руку на пульсе», – гаворыць Ганна.

Беларускія валанцёры з Гданьску прывезлі на мяжу гуманітарную дапамогу. Фота прапанаванае Ганнай Сунгуравай

Заўважае, што, на жаль, увесь час сумяшчаць працу з валанцёрствам не атрымліваецца.

«Зараз, калі плынь уцекачоў троху зменшылася, мы вярнуліся папрацаваць, каб неяк адбіць арэнду аўтаў і аддаць гаспадарам грошы», – кажа Ганна.

Прызнаецца, што была б вельмі ўдзячная любой дапамозе гданьскім таксоўцам-беларусам, каб маглі заплаціць за паліва.

  • Дапамагчы можна, пералічыўшы любую суму на польскі рахунак былой палітзняволенай Ганны Сунгуравай: 75102018530000980204693018, Sunhurava Hanna, Bank PKO
Фота
Дзеці ва Украіне чакаюць бацькоў з-за мяжы. Наведалі бамбасховішча Цэнтру сурагатнага мацярынства
2022.03.21 13:59

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў