Колькі ядравай зброі ў Расеі, і ці можа Пуцін распачаць ядравую вайну?


Ва ўмовах поўнамаштабнай вайны супраць Украіны і абвастрэння дачыненняў з Захадам Крэмль усё больш актыўна выкарыстоўвае ядравы шантаж. Belsat.eu разбіраўся, на якіх прынцыпах будуецца палітыка ядравага шантажу, якім арсеналам валодае Расея – і ці могуць пуцінскія пагрозы перарасці ў рэальную ядравую вайну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы ідуць па руінах гандлёвага цэнтру «Рэтравіль». Ракетны ўдар па гандлёвым цэнтры быў нанесены расейскай арміяй уначы. Кіеў, Украіна. 21 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Ядравы шантаж

Ядравы шантаж ужо даўно зрабіўся адметнай рысай палітыкі Масквы. Пасля анексіі Крыму ў 2014 годзе Уладзімір Пуцін распавёў, што быў гатовы выкарыстаць ядравую зброю ў выпадку ўмяшання Захаду. У разгар тых падзеяў адзін з галоўных крамлёўскіх прапагандыстаў Дзмітрый Кісялёў заяўляў, што Расея здольная «пераўтварыць Амерыку ў радыеактыўны попел». Гэтая фраза стала сімвалам сучаснага расейскага мілітарызму.

Да тэмы ядравай вайны Пуцін звяртаўся рэгулярна, у самых розных прамовах. У сакавіку 2018 года ў інтэрвю прапагандысту Уладзіміру Салаўёву Пуцін заявіў, што ядравая вайна будзе глабальнай катастрофай для чалавецтва, але разам з тым дадаў: «Я як грамадзянін Расеі і кіраўнік расейскай дзяржавы хачу задацца пытаннем: а навошта нам такі свет, калі там не будзе Расеі?» У тым жа 2018 годзе на пляцоўцы дыскусійнага клубу «Валдай» Пуцін сказаў, што ў выпадку нападу на Расею агрэсара чакае знішчэнне. «Ну, а мы – ахвяры агрэсіі. І мы як пакутнікі трапім у рай, а яны проста здохнуць», – рэзюмаваў ён. Гэтыя словы мелі вялікі рэзананс і шырока цытаваліся ў заходніх медыях. Шмат хто звяртаў увагу на тое, што словы Пуціна пра «пакутнікаў» і «рай» сугучныя рыторыцы ісламскіх тэрарыстаў-смяротнікаў.

І ў інтэрвю Салаўёву, і на «Валдаі» Пуцін падкрэсліваў, што гаворка ідзе не пра прэвентыўны ўдар – Расея можа выкарыстаць ядравую зброю толькі ў адказ на ядравую атаку на сваю тэрыторыю («зваротна-сустрэчны ўдар»). Але насамрэч Крэмль прыбягае да ядравага шантажу якраз у кантэксце ўласнай агрэсіўнай палітыкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Перад адкрыццём Міжнароднага вайскова-тэхнічнага форуму «Армія-2015».
Фота: kremlin.ru

У 2022 годзе, за пяць дзён да нападу на Украіну, Пуцін зладзіў вучэнні сілаў стратэгічнага стрымлівання, дзе адпрацоўвалася выкарыстанне ядравай зброі. Гэта быў відавочны сігнал Захаду, на што гатовая пайсці Расея. У прамове, абвяшчаючы вайну, Пуцін таксама намякаў на ядравы ўдар у тым выпадку, калі хтосьці захоча ўмяшацца.

27 лютага Пуцін загадаў прывесці расейскія сілы ядравага стрымлівання ў асаблівы рэжым баявога дзяжурства. Пры гэтым ён нават не спрабаваў патлумачыць сваіх дзеянняў пагрозай ядравай атакі з боку NATO або натаўскага нападу з выкарыстаннем звычайных сродкаў узбраення. Замест гэтага Пуцін спаслаўся на «агрэсіўныя выказванні на Захадзе» і эканамічныя санкцыі. Расейскі ядравы шантаж стаў яшчэ больш адкрыты і дэманстрацыйны.

Тактычная і стратэгічная ядравая зброя

Ядравую зброю маюць 9 дзяржаваў: ЗША, Расея, Кітай, Вялікая Брытанія, Францыя, Індыя, Пакістан, Ізраіль і КНДР. Найбольшым ядравым патэнцыялам валодаюць Расея і ЗША – каля 90 % ядравых боегаловак на планеце належыць гэтым дзвюм краінам. І гэта пры тым, што з часу халоднай вайны Масква і Вашынгтон значна скарацілі колькасць сваіх ядравых боепрыпасаў.

Паводле колькасці боегаловак ядравы арсенал Расеі і ЗША з іх саюзнікамі з NATO прыкладна аднолькавы. Згодна з ацэнкамі Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў, Расея мае 5977 ядравых боегаловак. Праўда, гэты лік уключае прыкладна паўтары тысячы спісаных боегаловак, якія падлягаюць утылізацыі.

Ядравая зброя падзяляецца на стратэгічную і тактычную. Стратэгічная ядравая зброя (СЯЗ) – гэта звышмагутныя боегалоўкі, якія выкарыстоўваюцца на вялікай адлегласці і могуць прывесці да ўзаемнага знішчэння. Гаворка ідзе пра міжкантынентальныя балістычныя ракеты (у Расеі іх каля 1185 – уключаючы тыя, што застаюцца на захоўванні), балістычныя ракеты на падводных лодках (800) і ракеты на стратэгічных бамбавіках (580).

Тактычная ядравая зброя (ТЯЗ) – гэта менш магутныя і абмежаваныя ў радыусе выкарыстання боегалоўкі. Яны прызначаныя для задачаў непасрэдна на тэрыторыі ваенных дзеянняў і нават на полі бою. Прывесці да ядравага апакаліпсісу такая зброя не можа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы ВМФ Расеі бяруць удзел у цырымоніі спуску на ваду атамнай падводнай лодкі праекту 885М «Ясень-М» К-571 «Краснаярск» на верфі ў Северадзвінску, Расея. 30 ліпеня 2021 года.
Фота: Sevmash Press Office / TASS / Forum

Строгага падзелу паміж магутнасцю тактычных і ядравых боегаловак няма – большасць ядравых краінаў наогул не падзяляе сваіх арсеналаў на ТЯЗ і СЯЗ. Але дзеля разумення маштабаў можна прывесці такі прыклад. Магутнасць ядравай бомбы, якую амерыканцы скінулі на Хірасіму ў 1945 годзе, складала каля 15 кілатонаў. Магутнасць боегалоўкі ТЯЗ можа складаць некалькі кілатонаў або нават менш за кілатону. Магутнасць адной ракеты з арсеналу СЯЗ можа перавышаць 1000 кілатонаў.

Канцэпцыя «эскалацыі дзеля дээскалацыі»

Менавіта на адрозненнях паміж СЯЗ і ТЯЗ будуецца цяперашняя палітыка ядравага шантажу з боку Расеі.

Падчас халоднай вайны мір паміж СССР і ЗША ў значнай ступені трымаўся на дактрыне ўзаемнага гарантаванага знішчэння. Сутнасць дактрыны была ў тым, што адкрыты канфлікт паміж ЗША і СССР амаль непазбежна прывядзе да татальнай ядравай вайны і поўнага ўзаемнага знішчэння – нават калі спачатку бакі будуць выкарыстоўваць маламагутную ядравую зброю. А значыць, сэнсу выкарыстоўваць ядравую зброю проста няма.

Але расейскае кіраўніцтва доўгі час прасоўвала новыя падыходы да прынцыпаў выкарыстання зброі масавага знішчэння, распрацаваўшы канцэпцыю «эскалацыі дзеля дээскалацыі» або «ядравай дээскалацыі» канфлікту. Калі да 2000 года савецкая і расейская вайсковыя дактрыны разглядалі выкарыстанне ядравай зброі толькі ў кантэксце сусветнай вайны, то падчас кіравання Пуціна вайсковая дактрына пачала дапускаць магчымасць нанясення ядравых удараў падчас канфліктаў, якія вядуцца звычайнымі сродкамі ўзбраення, але ставяць пад пагрозу «само існаванне дзяржавы».

Гаворка ідзе пра выкарыстанне менавіта тактычнай ядравай зброі, якая мае не такі разбуральны эфект, як стратэгічная. Сутнасць ідэі ў тым, што Расея не здольная выйграць вайну з NATO, калі яна будзе весціся звычайнымі відамі ўзбраення, але можа шантажаваць заходнія краіны выкарыстаннем ядравай зброі, якая нівелюе розніцу ў вайскова-тэхнічных магчымасцях бакоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наступствы ўдару па гандлёвым цэнтры «Рэтравіль». Ракетны ўдар быў нанесены расейскай арміяй уначы. Кіеў, Украіна. 21 сакавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Канцэпцыя «ядравага стрымлівання» можа трактавацца і яшчэ больш шырока. Сакратар Савету бяспекі РФ Мікалай Патрушаў наогул прасоўваў ідэю выкарыстання ядравай зброі «не толькі ў буйнамаштабнай, але і ў рэгіянальнай, і нават у лакальнай вайне».

У дакуменце пад назвай «Асновы дзяржаўнай палітыкі Расейскай Федэрацыі ў галіне ядравага стрымлівання», прынятым у чэрвені 2020 года, гаворка ідзе пра ядравае стрымліванне не толькі ў дачыненні дзяржаваў або кааліцыяў дзяржаваў, якія валодаюць ядравай зброяй, але і да дзяржаваў, якія проста валодаюць «значным баявым патэнцыялам сілаў агульнага прызначэння (арт. 13).

Наколькі пагроза рэальная?

Палітыкі і эксперты не схільныя перабольшваць імавернасць выкарыстання Пуціным ядравай зброі. Усе зыходзяць з таго, што ядравая зброя для Расеі – найперш сродак шантажу, і зусім не факт, што Крэмль сапраўды пойдзе на гэты крок, рызыкуючы атрымаць тактычны ядравы ўдар у адказ або наогул развязаць татальную ядравую вайну.

Брытанскі міністр абароны Бэн Ўоліс (Ben Wallace) адзначыў, што загад Пуціна ад 27 лютага наконт сілаў стрымлівання зусім не азначае, што Расея сапраўды намерваецца выкарыстаць ядравую зброю. «Пуцін выклаў гэта на стол проста для таго, каб нагадаць людзям, што ў яго ёсць фактар стрымання», – заявіў міністр. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн у звязку з гэтым заявіў, што амерыканцам не варта хвалявацца наконт ядравай вайны.

Але такі сцэнар Захад усё роўна вымушаны ўлічваць падчас прыняцця рашэнняў. Менавіта патэнцыйнай пагрозаю ядравай вайны тлумачыцца нежаданне Захаду дасылаць сваіх вайскоўцаў ва Украіну або проста ўвесці над украінскай тэрыторыяй беспалётную зону.

Аналітыка
Чаму Украіна ваюе адна, і чым ёй дапамагае Захад?
2022.02.26 21:25

Шмат якія аналітыкі расцэньваюць пагрозу выкарыстання ядравай зброі як не надта вялікую, але цалкам рэальную.

Яшчэ ў лютым 2022 года ў часопісе «The Nation» выйшаў артыкул нобэлеўскага лаўрэата Айры Гэлфанда (Ira Helfand), дзе ён казаў пра імавернасць ядравай вайны паміж Расеяй і ЗША з-за канфлікту ва Украіне.

Эксперт у ядравых сілах Павел Подзвіг, каментуючы загад Пуціна ад 27 лютага, ацаніў сітуацыю як трывожную. «Апошнім часам Крэмль дзейнічае не вельмі рацыянальна, таму гэта нядобры знак», – заявіў Подзвіг у інтэрв’ю газеце «The Guardian».

Украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў лічыць, што Крэмль сапраўды здольны выкарыстаць ядравую зброю. Аднак ён мяркуе, што Пуцін не будзе наносіць удару па Украіне, бо няма сэнсу «ператвараць у ядравую памыйніцу тое, што ты хочаш захапіць». Удар па Еўропе таксама выглядае малаверагодным, лічыць Жданаў. Больш рэалістычным варыянтам, на ягоны погляд, ёсць прэвентыўны ядравы ўдар па нейкай вайсковай базе NATO ў акваторыі Сусветнага акіяну.

«Захад будзе пастаўлены перад дылемай: або здавацца, што для іх катастрафічна, тады Пуцін – уладар свету, гэта наогул за мяжою разумнага, або наносіць такі ж прэвентыўны ўдар у адказ па тэрыторыі Расеі», – адзначыў ён у інтэрвʼю «Настоящему времени».

Аўтарытэтны журналіст-расследавальнік «Bellingcat» Хрыста Грозеў таксама лічыць, што Пуцін не пойдзе на выкарыстанне ТЯЗ супраць Украіны. Але ён можа нанесці ўдар па дзяржавах, якія дапамагаюць Украіне, – напрыклад, па Польшчы.

«Я рэальна баюся, што ён можа адпомсціць Польшчы… Гэта цалкам адпавядае ягонаму псіхалагічнаму профілю. Пасля чаго, вядома, пачнецца ўжо вайна з NATO», – заявіў ён.

Вайсковы эксперт Павел Лузін у сваім артыкуле для «Медузы» адзначыў, што ў цяперашняй сітуацыі «ядравая зброя амаль паводле змоўчання разглядаецца Крамлём як адна з дапушчальных опцыяў». Ён лічыць, што стаўка на ядравы шантаж і канцэпцыя «ядравай дээскалацыі» ёсць небяспечнай памылкай, якая «нясе самой Расеі нашмат большую пагрозу, чым нават Украіне ці любой іншай краіне».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг салідарнасці з украінскім народам. Францыя, Парыж. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: Laure Boyer / Hans Lucas / Forum

На думку Лузіна, выкарыстанне ТЯЗ можа выклікаць «яшчэ большую лютасць і гатовасць нанесці Расеі канчатковую і незваротную паразу на поле бою», а таксама «дэмаралізуе саму расейскую армію, расейскае кіраўніцтва і грамадства». «Ядравая дээскалацыя» на практыцы абернецца экзістэнцыйным выклікам свету, за якім наўздагон будзе адпаведны адказ», – лічыць ён.

Лузін таксама не выключае, што загад Пуціна нанесці ядравы ўдар можа быць проста не выкананы. Эксперт канстатуе, што калі расейскі прэзідэнт вырашыць выкарыстаць ТЯЗ, то ў выкананні такога загаду будзе задзеяная вялікая колькасць людзей: міністр абароны, начальнік Генштабу, начальнік 12-га Галоўнага ўпраўлення Мінабароны (адказнага за ядравую зброю), кіраўніцтва асобных родаў войскаў, кіраўніцтва вайсковай акругі, афіцэры на канкрэтных базах, у вайсковых частках і г. д. «І на кожным з этапаў гэтага ланцужка ёсць верагоднасць збою, адмовы канкрэтных афіцэраў ад выканання загаду і нават схаванага сабатажу», – мяркуе Лузін.

РР belsat.eu

Стужка навінаў