«Яны не разумеюць уласнае прысягі». Гісторыя № 14 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»


Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

У адрозненне ад бальшыні нашых суразмоўцаў Васіль (імя змененае) кажа, што яго і на каліва не здзівілі ні жнівеньскія, ні тым больш наступныя падзеі ў краіне.

«Я ведаў, чым гэта ўсё адгукнецца. Шмат хто смяецца са словаў Лукашэнкі, маўляў – глупства якое. Але, калі я пачуў пра расстрэлы, я адразу зразумеў, што гэта не жарты», – адстаўны вайсковец кажа пра словы Аляксандра Лукашэнкі 4 чэрвеня.

Тады той згадваў «свайго сябра Рахмона», які «з кулямётам уваходзіў у сталіцу Таджыкістану». Васіль тры дні ездзіў на аўтамабілі ды назіраў з яго за пратэстам. Урэшце 12 жніўня пастанавіў – досыць.

Васіль (імя змененае).
Фота: Белсат

Васіль падрыхтаваўся да вулічнага супрацьстаяння. Надзеў берцы, узяў будаўнічую каску, некалькі неабходных рэчаў і вайсковую форму. Аднак 12-га хваля гвалту спынілася, і ён выйшаў у горад, толькі калі даведаўся, што там ёсць і іншыя адстаўныя дэсантнікі.

«Хацелася паказаць людзям, што былыя вайскоўцы, мы – тыя, хто даваў прысягу, – мы тут. А тое, што робяць гэтыя амапаўцы… Было сорамна вельмі», – тлумачыць ён. У форме ён і некалькі дзясяткаў іншых былых дэсантнікаў не аднойчы выходзілі на акцыі пратэсту і намагаліся ахоўваць парадак. 13 верасня падчас Маршу герояў каля трох дзясяткаў колішніх дэсантнікаў намагаліся абараніць пратэстоўцаў каля Маскоўскага дворыку ў сталіцы.

«Мы спрабавалі прыкрыць людзей, але гэта ж не ваенная аперацыя, нас было вельмі мала. Мяне выцягнулі, я пачаў актыўна супраціўляцца, адразу затушылі газам і панеслі ў бус», – нібы тлумачыць адстаўны вайсковец, чаму яны не давалі больш жорсткага адпору людзям у цывільным. Двое ціхароў закінулі яго ў прыпаркаваны побач бус. Спадзеючыся на свой лёс, Васіль спытаў у кіроўцы, у якой частцы той служыў, – маўляў, можа служылі разам. «У маёй частцы здраднікаў не было», – размова была кароткая. У бус зайшлі яшчэ двое і пачалі біць.

Малюнак Васіля.
Фота: Белсат

Білі мэтанакіравана ў патыліцу і па хрыбетніку. «Ратавала тое, што ў бусе не ставала месца, каб разгарнуцца, – згадвае Васіль. – Перавярнулі мяне і пачалі таптаць. Было разуменне, што ўсё – трэба ратаваць жыццё. Трапіў у палон, трэба дзеяць паводле сітуацыі». Былы дэсантнік тлумачыць, што сілавікам патрэбныя крыкі ды стогны, а ён проста пачаў паўтараць:

«Ну ўсё хлопцы, ну ўсё».

Спыніўшы збіццё, амапаўцы загадалі Васілю зняць цяльняшку і парвалі яе. Супакоіўшыся, яны завезлі затрыманага на Акрэсціна. Там не збівалі і ўвесь час абяцалі выклікаць доктара, чаго гэтак і не адбылося. Зладзілі фармальны суд, і 14 наступных содняў мужчына заставаўся ў Жодзіне.

У Жодзінскім СІЗА было адносна спакойна. Васіль прабавіў шмат часу ля вакна з кнігаю. Запомнілася кожная дэталь. Падвойныя краты, трэснутае шкло, звонку – шэры і дзіравы цэлафан. Праз пяцісантыметровую дзірку мужчына мог бачыць асфальт.

Запомніўся адзін вартаўнік. «Гадоў дваццаці з выгляду, хударлявы, балаклава на ім вісела. Толькі ён у балаклаве і хадзіў. Увесь час з дубінкаю і шукаў нагоды яе ўжыць», – смяецца былы дэсантнік. У адну з начэй гэты маладзён без асаблівых прычынаў забраў у Васіля матрац. Зранку ён пытаўся ў зняволеных, ці зразумелі тыя… жыццё.

Васіль намагаўся яшчэ падчас зняволення зняць пабоі, аднак персанал Жодзінскага ізалятару патрабаваў адпаведнага факсу ад адваката. Патэлефанаваць абаронцу, вядома, не было як. Затое ўжо наступным па вызваленні днём патэлефанавала следчая, якая самая прапанавала засведчыць збіццё. Мужчына разважыў, што пасля гэткае сустрэчы можа доўга не вярнуцца дадому. На трэці па выйсці з турмы дзень ён пакінуў Беларусь.

Былы вайсковец лічыць, што ў жаўнераў тэрміновае службы выбару сапраўды няма – яны не могуць не падпарадкавацца загаду. Пра амапаўцаў кажа наступнае:

«Яны проста прадукт ідэалагічнага апрацоўвання. У нас ёсць разуменне прысягі. Ёсць вайсковыя людзі, а ёсць цывільнае насельніцтва. Мы не здраднікі – яны злачынцы! Мы спрабавалі мірна абараніць людзей і спрабавалі з імі весці дыялог», – зноў нібыта апраўдваецца мужчына.

Васіль хавае твар, бо спадзяецца некалі вярнуцца ў Беларусь, а цяпер пераймаецца за сяброў, калегаў са службы. Калі можа адбыцца ягонае вяртанне – нават не бярэцца меркаваць.

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Стужка навінаў