Віктар Лукашэнка пра Алімпіяду: нашыя спартоўцы выступаюць пад нашым сцягам

Віктар Лукашэнка. Фота: прэс-служба НАК

Кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту Віктар Лукашэнка распавёў у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» пра рыхтаванне да Алімпійскіх гульняў у Токіа, паведамляе TUT.by.

«Мы станоўча адзначаем тое, што міжнародная структура [МАК] не пайшла на абвастрэнне адносінаў, і нашыя спартоўцы выступаюць пад нашым сцягам, будзе гучаць наш гімн. Я думаю, гэта самае важнае, і астатняе ўжо другаснае», – сказаў ён.

Лукашэнка мяркуе, што Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі і Міжнародны алімпійскі камітэт заўсёды былі ў досыць блізкіх стасунках: «Вельмі шмат зроблена, вельмі шмат было перамоваў, руху насустрач адзін аднаму. Але што датычыць асобных пунктаў, вядома, яны былі асабліва палітызаваныя. І ў будучыні мы гэтае пытанне вырашым. Спадзяемся, што гэта будзе двухбаковы рух, бо раней такога руху не назіралася. Усю інфармацыю, якая была патрэбная для МАК, мы падалі, выбары ў НАК у нас праведзеныя выключна паводле нашага статуту».

8 сакавіка Міжнародны алімпійскі камітэт абвясціў аб падаўжэнні санкцыяў у дачыненні НАК Беларусі, не прызнаўшы Віктара Лукашэнку прэзідэнтам Нацыянальнага камітэту, а Дзмітрыя Баскава – чальцом выканкаму.

МГМ, belsat.eu

Hавiны