У Вільні палітыкі Беларусі, ЕЗ і ЗША абмяркоўваюць беларускі крызіс


Форум Каліноўскага. Вільня, Літва. 22 сакавіка 2021 г.
Фота: ГР / Белсат

22 сакавіка ў Вільні праходзіць Форум Каліноўскага, на якім абмяркоўваюць, як пераадолець крызіс у Беларусі і дапамагчы беларусам у барацьбе за дэмакратыю.

Сярод спікераў – лідарка беларускага пратэсту Святлана Ціханоўская, прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце (Ingrida Šimonytė), прэзідэнт Парламенцкай асамблеі АБСЕ Пітэр Боўнэс (Peter Bowness), віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жузэп Бурэль (Josep Borrell), намеснік памочніка сакратара Бюро ЗША ў справах Еўропы і Еўразіі Джордж П. Кент (George P. Kent), старшыня камітэту замежных справаў Еўрапейскага парламенту Дэйвід МакЭлістэр (David McAllister) і іншыя.

Ціханоўская – легітымны прэзідэнт Беларусі

Злучаныя Штаты падтрымліваюць дыялог паміж апазіцыяй і дзейнай уладай Беларусі, заявіў Джордж Кент, прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША.

«Палітычны ціск мусіць спыніцца, палітычныя вязні ды іншыя несправядліва асуджаныя мусяць быць вызваленыя», – заявіў ён.

У сваю чаргу амерыканскі сенатар Робэрт Мэнэндэз (Robert Menendez) падкрэсліў, што Святлана Ціханоўская, а не Аляксандр Лукашэнка – легітымны прэзідэнт Беларусі. А кангрэсмен Крыс Сміт (Chris Smith), кажучы пра абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, заклікаў адміністрацыю прэзідэнта ЗША прыняць законы, якія б дапамаглі «цудоўным людзям Беларусі».

Пра недахоп легітымнасці ў Лукашэнкі для кіравання Беларуссю, а таксама пра неабходнасць выканання ў краіне правоў і свабодаў чалавека заявіў і дэпутат Палаты грамадаў Канады Свэн Спэнгеман (Sven Spengemann). Ён паабяцаў прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэнні правоў чалавека і падтрымаў мірны дыялог паміж уладамі і апазіцыяй.

«Мы працягнем супрацоўнічаць з нашымі партнёрамі, каб гарантаваць, што галасы беларусаў і галасы людзей у рэгіёне і па ўсім свеце чуваць. І каб быць упэўненымі, што гвалт і дзеянні па падрыве дэмакратыі будуць мець наступствы», – сказаў канадскі дэпутат.

Еўрадэпутатка Анна Фатыга (Anna Fotyga) асобна спынілася на прысудзе журналісткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай і паабяцала і надалей падтрымліваць тых, хто змагаецца за свабоду. Яна падкрэсліла, што не мусяць заставацца беспакаранымі тыя, хто парушае правы чалавека.

Віцэ-міністр замежных справаў Літвы Мантас Адаменас (Mantas Adomėnas) заклікаў дэмакратычныя краіны не заплюшчваць вачэй на парушэнні правоў чалавека ў іншых краінах, бо гэта ўрэшце будзе ўплываць на ўсіх. У сваю чаргу прадстаўнік МЗС Польшчы Марцін Пшыдач (Marcin Przydacz) падкрэсліў, што пратэсты ў Беларусі натхнілі і людзей у Расеі.

Не легалізоўваць Лукашэнку сустрэчамі з ім

Палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў пра галоўны страх пратэстоўцаў – што Еўразвяз зноў палепшыць стасункі з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён заклікаў арганізаваць з дапамогаю ПА АБСЕ перамовы паміж апазіцыяй і ўладамі Беларусі. Паводле яго, прапановы дыялогу агучваліся яшчэ паўгода таму, але шэсць месяцаў спатрэбілася для таго, каб узмацніць гэты дакумент міжнародным падтрыманнем.

Паводле Вячоркі, галоўны фокус прапановы – новыя выбары ў 2021 годзе. Па-другое, перамовы на платформе АБСЕ мусяць адбыцца ўжо ўвесну. Франак Вячорка заявіў, што адміністрацыя ЗША горача падтрымлівае гэтыя прапановы. Ён заклікаў не легалізоўваць Лукашэнку міжнароднымі сустрэчамі з ім. Таксама, дадаў дарадца Ціханоўскай, з міжнароднай падтрымкай ужо распрацаваны сцэнар правядзення будучых выбараў.

Перамены могуць адбыцца ўжо сёлета

Старшыня камітэту замежных справаў Літвы Жыгімантас Павілёніс (Žygimantas Pavilionis) адзначыў, што перамены ў Беларусі могуць адбыцца ўжо сёлета. Але для гэтага Захад павінен не толькі абмяркоўваць сітуацыю, але і дзейнічаць. Павілёніс заклікаў стварыць адпаведную кааліцыю і дзейнічаць штодзённа.

Віцэ-маршал Сейму Польшчы Міхал Томаш Каміньскі (Michał Tomasz Kamiński) назваў сённяшнія падзеі ў Беларусі, Украіне ды Расеі вынікам слабасці Еўразвязу. Паводле яго, Еўразвяз не можа даць годнага паслання людзям, якія змагаюцца за свабоду і незалежнасць. Ён таксама адзначыў, што ў ЕЗ няма бачання ані сваёй будучыні, ані будучыні суседніх краінаў.

Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка падкрэсліў надзвычайную важнасць Беларусі для Расеі, бо ў Крамлі разумеюць, што за зменамі ў Беларусі прыйдзе чарга і Расеі. Паводле яго, Еўразвязу неабходна ўключыць большую колькасць людзей у санкцыйныя спісы адносна Беларусі. Не выключыў ён і магчымасці сектаральных санкцыяў. Пры гэтым, падкрэсліў дэпутат, галоўнае слова павінны сказаць самыя беларусы.

ЗША падтрымліваюць ініцыятыву Ціханоўскай

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр (Julie Fisher) падтрымлівае ініцыятыву Святланы Ціханоўскай адносна дыялогу з уладамі і гатовасць АБСЕ да пасярэдніцтва ў гэтым пытанні. Паводле яе, неабходна ціснуць на афіцыйны Менск з мэтай арганізацыі інклюзіўнага дыялогу, вызвалення палітвязняў і вяртання палітэмігрантаў.

Завяршыла яна сваю прамову словамі Кастуся Каліноўскага пра тое, што «не народ для ўраду, а ўрад для народу».

Форум Каліноўскага. Вільня, Літва. 22 сакавіка 2021 г.
Фота: ГР / Белсат

Амбасадар Еўразвязу ў Менску Дырк Шубэль (Dirk Schuebel) таксама падтрымаў ініцыятыву Святланы Ціханоўскай адносна дыялогу і правядзення новых выбараў ужо ў 2021 годзе. Паводле яго, Брусель падтрымлівае і намаганні АБСЕ для арганізацыі такога дыялогу.

Дырк Шубэль дадаў, што арганізацыя дыялогу павінна суправаджацца пакараннем вінаватых у рэпрэсіях і фальсіфікацыі выбараў. Ён падкрэсліў, што Еўразвяз не будзе ўводзіць новых санкцыяў, калі афіцыйны Менск выканае патрабаванні адносна дыялогу.

Дыпламат таксама паабяцаў спрыянне з боку ЕЗ пасля змены ўладаў у правядзенні рэформаў і наданні неабходнай эканамічнай дапамогі.

Санкцыі супраць суддзяў і кампаніяў

Том Тугендгэт (Tom Tugendhat), старшыня камітэту замежных справаў Палаты грамадаў Вялікай Брытаніі, падкрэсліў, што беларусы – такі ж еўрапейскі народ, як і ўсе астатнія, і павінны карыстацца такімі ж правамі, як і іншыя. Ён таксама звярнуў увагу на пагрозу з боку Расеі, як для краінаў, з якімі яна мяжуе, гэтак і для астатніх.

Ягоны шведскі калега Кенэт Фошлюнд (Kenneth G. Forslund) падкрэсліў неабходнасць вызвалення ўсіх незаконна ўвязненых. Паводле яго, беларускі крызіс можна пераадолець толькі мірным шляхам. Пры гэтым ён адзначыў, што дагэтуль няма ніякіх адказаў з Менску на шведскую прапанову АБСЕ дапамагчы з арганізацыяй дыялогу ў Беларусі. Дэпутат шведскага парламенту адзначыў, што неабходна ўзмацніць падтрыманне беларускіх дэмакратычных сілаў.

Еўрадэпутат з Нямеччыны Міхаэль Галер (Michael Gahler) звярнуў увагу на важнасць кансэнсу ў беларускім пытанні паміж краінамі Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Паводле яго, бліжэйшым часам можа быць прыняты новы пакет санкцыяў супраць прадстаўнікоў рэжыму ў Беларусі і кампаніяў, якія яго спансаруюць. У прыватнасці, ён спадзяецца, што пад абмежаванні трапяць суддзі, якія выносяць несправядлівыя выракі.

ЕЗ гатовы да новых санкцыяў

Віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Жузэп Бурэль адзначыў, што Еўразвязу нельга пасіўна назіраць за падзеямі ў Беларусі. Паводле яго, ЕЗ гатовы да ўвядзення новых санкцыяў, бо сітуацыя не паляпшаецца. Жузэп Бурэль падкрэсліў, што крызіс у Беларусі можна пераадолець толькі з дапамогай мірнага і інклюзіўнага дыялогу.

«Мы гатовыя падтрымліваць гэты працэс», – адзначыў віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі.

Еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус (Petras Auštrevičius) дадаў, што чацвёрты пакет санкцыяў ужо рыхтуецца.

Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі АБСЕ Пітэр Боўнэс заявіў, што сённяшняя канферэнцыя падкрэслівае еднасць і ўпэўненасць міжнароднай супольнасці. Паводле яго, АБСЕ гатовая правесці дыялог паміж уладамі і апазіцыяй у Беларусі. Боўнэс адзначыў, што арганізацыя захоўвае кантакт з офісам Святланы Ціханоўскай і афіцыйнай дэлегацыяй Беларусі ў АБСЕ.

Прадстаўнік офісу канцлера Нямеччыны Матыяс Лютэнбэрг (Matthias Lüttenberg) заявіў пра неабходнасць ЕЗ абараніць «грамадзянскія свабоды, якія парушаюцца ў нашых найбліжэйшых суседзяў». Ён таксама назваў галоўныя патрабаванні да афіцыйнага Менску: вызваленне палітвязняў, спыненне гвалту і пачатак дыялогу, які мусіць прывесці да новых свабодных і сумленных выбараў.

«Калі мы кажам пра выбары, гэта не значыць, што жнівень 2020 года мусіць паўтарыцца», – сказаў ён.

Паводле яго, абмежавальныя захады ў дачыненні беларускага рэжыму неабходныя.

Былы выканаўчы сакратар Еўрапейскай службы вонкавых дзеянняў П’ер Вімон (Pierre Vimont) адзначыў, што ад пераадолення крызісу ў Беларусі залежыць не толькі будучыня гэтай краіны, але і ўсяго еўрапейскага кантыненту.

Мэта – выбары сёлета

Памочнік Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заклікаў да каардынацыі дзеянняў з мэтай выпрацаваць дарожную мапу для арганізацыі і правядзення перамоваў, а затым і выбараў. Таксама, паводле яго, трэба наладзіць каналы камунікацыі з прадстаўнікамі беларускага рэжыму і Расеяй, якая «з’яўляецца галоўным спонсарам рэжыму». А з дапамогай санкцыяў і іншых формаў ціску, заявіў Вячорка, трэба працягваць прымушаць Лукашэнку да дыялогу.

«Нашая мэта – правесці выбары ўжо сёлета. Не мясцовыя, але прэзідэнцкія і парламенцкія. І гэтыя выбары мусяць весці да дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі», – падкрэсліў ён, дадаўшы, што гэта магчыма толькі з міжнародным падтрыманнем і прыцягненнем усіх мажлівых рэсурсаў.

Belarus, а не Belorussia

Кіраўнік міжпартыйнай групы «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе Украіны Аляксей Ганчарэнка заклікаў выступоўцаў казаць па-англійску Belarus, а не Belorussia, бо шмат чаго пачынаецца з назвы. Ён таксама заклікаў да стварэння міжпартыйных групаў «За дэмакратычную Беларусь» у парламентах Эстоніі, Латвіі, Чэхіі і Еўрапейскім парламенце. Гэта, на ягоную думку, дапаможа стварыць аналагічную міжпарламенцкую групу. Таксама, на думку ўкраінскага дэпутата, да пераадолення беларускага крызісу неабходна як мага хутчэй прыцягваць і Раду Еўропы.

У сваю чаргу расейскі апазіцыянер Уладзімір Кара-Мурза заклікаў не асацыяваць Расею з Уладзімірам Пуціным, падкрэсліўшы, што РФ таксама змяняецца, і пратэсты ідуць па ўсёй краіне, а Крэмль «вельмі напалоханы». Паводле яго, два апошнія дыктатары ў Еўропе навучыліся падтрымліваць адзін аднаго і вучыцца адзін у аднаго. На думку Кара-Мурзы, дэмакратычныя сілы Беларусі ды Расеі павінны рабіць гэтак жа.

Не спадзявацца на Пуціна

Форум Каліноўскага. Вільня, Літва. 22 сакавіка 2021 г.
Фота: ГР / Белсат

Старшыня камітэту замежных справаў Сейму Латвіі Рыхардс Колс (Rihards Kols) заўважыў, што не мусіць паўтарыцца сітуацыя мінулых гадоў, калі пасля ўвядзення санкцыяў супраць Лукашэнкі Еўразвяз усё адно ішоў на паляпшэнне стасункаў з ім. Пры гэтым неабходна знайсці дадатковыя падыходы да Беларусі, не толькі санкцыі, у тым ліку для далейшага функцыянавання і рэфармавання краіны.

Старшыня камітэту замежных справаў парламенту Эстоніі Марка Міхкельсан (Marko Mihkelson) падкрэсліў, што ў Эстоніі захапляюцца мужнасцю беларусаў, якія змагаюцца супраць дыктатуры. Ён адзначыў, што міжнародная ўвага не павінна сыходзіць ад Беларусі, нягледзячы на цяжкасці ў іншых краінах, і заклікаў да супрацы ЕЗ з ЗША і Канадай у беларускім пытанні. Паводле яго, Захаду таксама трэба прыслухоўвацца да пажаданняў беларускіх пратэстоўцаў. Эстонскі дэпутат таксама заклікаў не спадзявацца, што Пуцін можа адхіліць Лукашэнку, і не выбіраць паміж дыктатурамі, а выбіраць дэмакратыю.

Старшыня камітэту замежных справаў Сейму Польшчы Марэк Кухціньскі (Marek Kuchciński) адзначыў тры важныя рысы беларускага пратэсту: пазбаўленне страху, рост нацыянальнай самасвядомасці ды моцную інстытуалізацыю пратэсту. Ён падкрэсліў важнасць далейшага падтрымання беларускіх дэмакратычных сілаў, нягледзячы на пэўны страх Захаду адносна сітуацыі ў Беларусі.

Паводле яго, трэба ўзмацняць ціск на ўрад Беларусі з мэтай правядзення новых выбараў і перадачы ўлады. Таксама трэба ўзмацняць салідарнасць унутры Еўразвязу, падтрымліваць беларускую дэмакратычную пазіцыю і выказваць больш рашучасці датычна пазіцыі Масквы.

Выказаў падтрыманне беларускім пратэстоўцам і Павэл Фішэр, старшыня камітэту замежных справаў парламенту Чэхіі.

Змусіць Лукашэнку да перамоваў

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў адзначыў, што беларусам патрэбныя не зброя і не грошы для змагання з рэжымам, а санкцыі – палітычныя і эканамічныя. Гэта, на ягоную думку, паскорыць надыход свабодных і справядлівых выбараў у краіне.

У сваю чаргу кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька заявіў, што Крэмль і афіцыйны Менск будуць шукаць саюзнікаў у Еўропе, каб як мага надаўжэй захаваць цяперашняе становішча. Палітык назваў асноўныя слупы рэжыму: Крэмль, сілавікі, страх і залежнасць людзей. Самы небяспечны з іх – Крэмль, без якога беларусы б ужо пераадолелі палітычны крызіс у краіне, заявіў Лябедзька. Ён падкрэсліў, што Лукашэнка сам не пойдзе на перамовы, бо хоча перадаць уладу свайму сыну. Таму яго трэба змушаць да перамоваў.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі адзначыў, што паводле ўзроўню рэпрэсіяў Беларусь вярнулася ў сталінскія часы. Тым не менш, заявіў ён, мільёны беларусаў усё яшчэ ўпэўненыя ў будучых зменах. Лідар «Вясны» адзначыў неабходнасць большага і больш інтэнсіўнага ціску міжнароднай супольнасці на рэжым у Беларусі, у тым ліку дзеля вызвалення палітвязняў. Паводле яго, патрэбны моцны сігнал, накіраваны Расеі, які б не дазваляў ёй умешвацца ў беларускую сітуацыю.

Не азірацца на Маскву і дзейнічаць больш рашуча

Віціс Юрконіс (Vytis Jurkonis), кіраўнік «Freedom House» у Літве, падкрэсліў, што дзейнага падтрымання з боку Захаду недастаткова. «Гвалт не спыніўся, ён толькі стаў больш мэтавым», – заявіў ён.

На ягоную думку, міжнародная супольнасць баіцца дзейнічаць актыўна. Ён заклікаў менш баяцца і быць больш шчырымі, не азірацца на тое, «што скажа Масква». Паводле Юрконіса, новыя выбары ў Беларусі павінны прайсці ўжо сёлета, а не адкладвацца на 2022 год, як таго хочуць у Расеі.

Форум Каліноўскага. Вільня, Літва. 22 сакавіка 2021 г.
Фота: ГР / Белсат

Прадстаўнік «Freedom House» адзначыў неабходнасць падвяргаць санкцыям «гаманцы» рэжыму, пакуль не будзе пачутае патрабаванне дыялогу. Паводле яго, санкцыяў толькі «для захавання твару» міжнароднай супольнасці недастаткова.

«Я заклікаю міжнародную супольнасць пераходзіць ад салідарнасці да дзеянняў», – заявіў Юрконіс.

Беларускім сілавікам нагадалі пра будучую справядлівасць

Старшыня камітэту замежных справаў Еўрапейскага парламента Дэйвід МакЭлістэр, у сваю чаргу, адзначыў, што Еўразвяз зараз факусуе сваю дапамогу беларускім дэмакратычным сілам на змаганні з беспакаранасцю беларускіх сілавікоў, на падтрыманні дэмакратыі ды арганізацыі дыялогу ў Беларусі для мірнай перадачы ўлады.

Паводле МакЭлістэра, тыя, хто датычны да рэпрэсіяў супраць беларусаў, мусяць ведаць, што ўрэшце самыя сутыкнуцца са справядлівасцю. Ён заклікаў іншыя краіны следаваць прыкладу Літвы і пачынаць крымінальныя справы супраць беларускіх сілавікоў.

Форум Каліноўскага. Вільня, Літва. 22 сакавіка 2021 г.
Фота: ГР / Белсат

Еўрадэпутат адзначыў, што 26 сакавіка, на наступны дзень пасля Дня Волі, Еўрапарламент будзе ладзіць форум, прысвечаны стратэгіі змагання з беспакаранасцю ў Беларусі і дапамозе праваабаронцам. МакЭлістэр таксама падкрэсліў, што Еўразвяз у беларускім пытанні працягне супрацоўнічаць з ЗША і Канадай. Ён дадаў, што Беларусь і надалей застанецца ў топе палітычнага парадку дня Еўрапарламенту.

Беларусы могуць стварыць цуд

Былы кіраўнік Вярхоўнай Рады Літвы Вітаўтас Ландсбергіс адзначыў важнасць падтрымання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Без гэтага, паводле яго, Расеі будзе вельмі проста падначаліць сабе Беларусь.

«У Беларусі мы бачылі жорсткую бесчалавечнасць. Калі такая жорсткая бесчалавечнасць магчымая на гэтай тэрыторыі, яна будзе магчымай і на іншых таксама», – заявіў ён.

Паводле яго, беларусы могуць стварыць цуд. І Кастусь Каліноўскі вітаў бы далучэнне Беларусі да еўрапейскай сям’і, падкрэсліў Ландсбергіс.

Ціханоўская назвала галоўную слабасць пратэсту

Святлана Ціханоўская адзначыла, што з моманту Першага Форуму Каліноўскага, які прайшоў 24 жніўня 2020 года, беларусы шмат чаму навучыліся, але і шмат што пагоршылася: больш як 32 000 чалавек былі затрыманыя, 2500 крымінальных справаў былі распачатыя, 290 асобаў былі прызнаныя палітвязнямі і не менш за 1000 выпадкаў катавання былі зафіксаваныя. Не менш за 8 пратэстоўцаў – забітыя. І ніхто з прадстаўнікоў уладаў не панёс за гэта адказнасці.

Святлана Ціханоўская папрасіла прысутных пра дапамогу, бо галоўная слабасць беларускага працэсу – час.

«Мы можам зрабіць мірную рэвалюцыю самастойна. Але гадзіннік цікае, пакуль лёсы людзей разбураюцца. Людзі губляюць жыццё, сваіх блізкіх, працу, веру. Гэта не можа працягвацца надалей», – падкрэсліла лідарка пратэсту.

Паводле яе, дапамога патрэбная для арганізацыі дыялогу з уладамі Беларусі на міжнароднай платформе, спынення гвалту сілавікоў і аднаўлення справядлівасці.

«Мы ўдзячныя за дапамогу, якую мы ўжо атрымалі. Кожны жэст салідарнасці, кожная санкцыя супраць дыктатуры, кожны выратаваны беларускі бежанец, кожнае дзеянне, якое надае беларусам правы чалавека, набліжае нас на крок да дэмакраты», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская.

«Для дыктатара няма магчымасці павярнуць усё назад»

Форум Каліноўскага. Вільня, Літва. 22 сакавіка 2021 г.
Фота: ГР / Белсат

Прэмʼер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце выказала спадзеў неўзабаве сустрэцца ў парламенце, вольна і дэмакратычна абраным беларускім народам. Яна падкрэсліла, што Беларусь і Літва маюць супольныя карані, пачынаючы з часу Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Кіраўніца літоўскага ўраду дадала, што сёння Літва стала вольнай, у той час як Беларусь апынулася зноў за «жалезнай заслонай». Інгрыда Шыманіце адзначыла, што восем месяцаў беларусаў пераследуюць, збіваюць і звальняюць толькі за тое, што яны маюць уласнае меркаванне і ўздымаюць свае сцягі.

«Лукашэнка стварыў такую краіну з дапамогай Крамля», – заявіла палітык.

Яна падкрэсліла, што не мінула і года з моманту перапахавання Кастуся Каліноўскага ў Вільні, як бел-чырвона-белыя сцягі запоўнілі вуліцы беларускіх гарадоў. І цяпер беларусы больш не скорацца перад рэжымам.

«Для дыктатара няма магчымасці павярнуць усё назад. Адзін шлях, які застаўся, – гэта вызваліць шлях людзей да перамогі», – сказала Інгрыда Шыманіце.

Спікер Сейму Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн (Viktorija Čmilytė-Nielsen) заклікала прысутных да канкрэтных крокаў дзеля падтрымання справядлівасці ў Беларусі. У прыватнасці, яна ўзяла апякунства над беларускім блогерам, палітвязнем Ігарам Лосікам. Яна таксама нагадала, што менавіта літоўскі Сейм першы не прызнаў афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў