Дзень Волі як новы сэнс

Дзень Волі, як і Пагоня, бела-чырвона-белы сцяг, беларуская мова ўжо выйшлі за межы свайго традыцыйнага значэння.

Марш волі ў Менску, 6 снежня 2020 г.
Фота: Агата Квяткоўская / «Белсат»

Гэта ўжо не палітычныя і ідэалагічныя сімвалы, яны набылі экзістэнцыйнае значэнне для беларускага грамадства, якое адраджаецца. Палітычнае абуджэнне, якое адбылося летам 2020 году, прывяло не толькі да разбурэння легітымнасці Лукашэнкі і ягонага рэжыму, але і ўсіх ідэалагічных падставаў (савецкай міфалогіі), на якіх будавалася гэтая сістэма цягам 26 гадоў. Арыенцірам для новых настрояў і чаканняў грамадзян стала нацыянальная атрыбутыка.

З моманту ўмацавання беларускай дзяржаўнасці на пачатку 90-х гадоў нацыянальны дух быў і застаецца рухавіком пераменаў: свабоды, дэмакратыі, незалежнасці. Ужо шмат каму відавочна, што без апоры і развіцця нацыянальнай свядомасці, мыслення, нацыянальнай памяці будзе проста немагчыма пабудаваць паўнавартасную дэмакратычную і вольную дзяржаву.

Па-за гэтым духам Беларусь будзе заўсёды знаходзіцца пад ціскам расейска-савецкага свету, аўтарытарызму і расейскай імперскасці.

Нацыянальны дух – гэта ўсвядомленая грамадзянская адказнасць за краіну, гэта здольнасць самім беларусам вызначаць сваю будучыню пасля Лукашэнкі, гэта гатовасць разарваць сваю міфічную залежнасць ад Расеі, прызнаць уласную цывілізацыйную каштоўнасць і самадастатковасць.

Дзень Воли.
Фота: Reuters

Таму 25 сакавіка з’яўляецца адным з выключных элементаў – сімвалаў у развіцці цэласнага духу нацыі. Гэта дзень беларускай дзяржаўнасці, якая працягвае выбудоўвацца штодня, праз падзвіжніцтва, гераізм і барацьбу грамадзянаў. Гэты дзень, перш за ўсё, – дзень пашырэння прасторы нацыянальнай дзяржавы ў індывідуальнай свядомасці, вяртанне да сваёй дзяржавы.

Фактычна, пасля падзеяў жніўня 2020 года, Дзень Волі адбываецца кожны дзень, кожны момант: калі вывешваецца нацыянальны сцяг, калі спяваецца нацыянальны гімн і гучыць родная мова, калі мужныя людзі выходзяць на вуліцу, супрацьпастаўляючы сябе тэрору, калі хтосьці пакутуе ў турме.

Hавiны
Улады адмовілі арганізатарам Дня Волі з прычыны каронавіруса
2021.03.22 13:52

Усё гэта шлях на нацыянальнай, уласнай Дзяржавы, які надае 25 сакавіка новы сэнс, які ўлада Лукашэнкі ўжо не будзе ў стане замяніць або задушыць.

Нацыянальная рэвалюцыя ўжо адбылася, так ці інакш яе працягам будзе палітычная рэвалюцыя і крах аўтарытарнага рэжыму. Чым мацней лукашэнкаўская ўлада будзе змагацца з нацыянальным духам, тым больш інтэнсіўна будзе пашырацца яго экзістэнцыяльная прастора. Знішчыць яго можна толькі знішчыўшы народ і беларускую дзяржаву.

Разам з тым барацьба з нацыянальным, з беларускім будзе асноўнай мэтай Лукашэнкі, можна нават сказаць, адзіным сэнсам дзейнасці дыктатарскай сістэмы на апошнім этапе кіравання Лукашэнкі. Гэта свайго роду завяршэнне цыклу яго палітычнага існавання, бо менавіта са знішчэння нацыянальных сімвалаў пачалося фармаванне аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі.

Валадар і яго асяроддзе разумеюць, які велізарны мабілізуючы патэнцыял мае нацыянальная сімволіка, у ёй ёсць воля і сіла да жыцця, увасабленне ў гісторыі, у той час як уся ідэалагічная палітыка рэжыму Лукашэнкі – імкненне да смерці і забыцця.

26 гадоў гэты рэжым інвеставаў велізарныя рэсурсы (інстытуцыйныя, інфармацыйныя, сацыяльныя), каб падарваць сімвалічную памяць і прыхільнасць да нацыянальнага, каб адарваць народ ад яго мінулага. І ўсё гэта рабілася дзеля таго, каб захаваць Беларусь як «асколак імперыі», без права і волі да ўласнага існавання. Менавіта гэтая канцэпцыя была закладзеная ў афіцыйным «свяце» 3 ліпеня. Дзень вызваленне Менску савецкімі войскамі ад гітлераўцаў, які стаў Днём Незалежнасці.

Дзень Волі-2017.
Фота: Белсат

Але ў выніку ўся гэтая савецка-расейская парадыгма рухнула, паказаўшы сваю ідэйную і духоўную пустэчу, унутраную дэградацыю і імкненне да разбурэння. У гэтай канструкцыі, якую Лукашэнка намагаўся зрабіць універсальнай, ніколі не было творчасці, веры і радасці. Яна існавала, як і ўсе ў сістэме Лукашэнкі, на хлусні і гвалце.

25 сакавіка, Дзень Волі, як сімвал безумоўна перажыве ў 2021 годзе глыбокую ідэалагічную трансфармацыю. Гэты дзень чакаюць усе, са страхам і надзеяй.

Рэжым будзе рыхтавацца да рэалізацыі новай хвалі тэрору, беларусы – да новай хвалі супрацьстаяння з сістэмай. Ужо сам факт псіхалагічнай напружанасці, звязанай з гэтым Днём, робіць яго важнай палітычнай падзеяй і, па-за ўсякім значэннем, робіць яго сакральным для грамадства і дзяржавы.

/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў