226-ы дзень пратэстаў. Журналісты «CNN» распавялі пра бязмежжа беларускіх сілавікоў, улады не дазволілі Дзень Волі

Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца з вечара 9 жніўня. Сёння беларусы традыцыйна выйшлі на акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыяў, гвалту, хлусні 226-ы дзень. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.

З’явіліся новыя відэа з камераў беларускіх сілавікоў

Амерыканскі тэлеканал «CNN» апублікаваў расследаванне пра рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да мірных грамадзянаў Беларусі.

Расследаванне тэлеканалу «CNN» журналісты ладзілі некалькі месяцаў. Журналісты размаўлялі з беларусамі, якія нелегальна перабраліся праз мяжу ва Украіну, ратуючыся ад рэпрэсіяў. У рэпартажы ахвяры катаванняў распавядаюць пра гвалт, сексуальны гвалт, збіццё, жорсткасць сілавікоў

Акрамя таго рэдакцыя атрымала відэа з боку былых працаўнікоў МУС, у якіх сілавікі чыняць гвалт супраць мірных пратэстоўцаў, у тым ліку падлеткаў.

Улады адмовілі арганізатарам Дня Волі

Арганізатары святкавання 103-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску атрымалі адмоўны адказ з міліцыі, паведамляе радыё «Свабода».

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў, што ў ГУУС Менгарвыканкаму патлумачылі адмову на просьбу заключыць дамову пандэміяй каронавіруса і заклікамі «экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў» выходзіць на вуліцы. Міліцыя лічыць правядзенне масавага мерапрыемства не магчымым.

Дзень Волі-2017. Фота: journalby.com

Апратэставаць рашэнне ў судзе да 25 сакавіка арганізатары не паспеюць. Гэта азначае, кажа Кастусёў, што афіцыйнага дазволу гарвыканкаму заяўнікі наўрад ці атрымаюць.

9 сакавіка Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За свабоду» і грамадская арганізацыя БНФ «Адраджэнне» падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне шэсця і мітынгу, прысвечаных Дню Волі.

Аднавіўся суд у справе Віктара Бабарыкі

У судзе Маскоўскага раёну аднавіўся працэс над экс-банкірам Віктарам Бабарыкам.

Адвакат Бабарыкі Зміцер Лаеўскі распавёў, што настрой у Віктара Бабарыкі – выдатны. Ён рады бачыць людзей, якія змаглі трапіць у залу.

«Любы рух, нават рух у крымінальным працэсе, – гэта ўсё ж такі лепш, чым стан нявызначанасці, – кажа адвакат Зміцер Лаеўскі.

Віктар Бабарыка ў судзе. Крыніца: AFP / Виктор Бабарико — официальный канал / telegram

У судзе працягваюць зачытваць абвінавачанне.

Аднавіўся суд у справе Віктара Бабарыкі

Палітычны пераслед і арышты

У Ваўкавыску міліцыянты затрымалі каля 35-40 удзельнікаў курсаў «Мова нанова». На затрыманне прыбыў нават кіраўнік мясцовага РАУС Асоцкі Віталь.

Падставай для затрымання стаў нібыта ананімны сігнал. Сярод затрыманых і Ігар Варашкевіч, лідар гурта «Крама».

Пазней затрыманых пачалі вызваляць з мясцовага РАУС. Перад вызваленнем людзям даюць падпісаць паперу.

Дакумент, які даюць падпісаць затрыманым. Фота: чытачы Белсат

Менскі гарадскі суд адмовіў абароне Марыі Калеснікавай у задавальненні скаргі аб працягу тэрміну ўтрымання пад вартай.

Марыя Калеснікава выступае перад рабочымі ААТ «Беларуськалій» на цэнтральнай плошчы Салігорску, Беларусь. 18 жніўня 2020 г. Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Калеснікава застанецца ў СІЗА да 8 траўня, паведамляе прэс-служба Бабарыкі.

Папярэдні тэрмін утрымання скончыўся 8 сакавіка, але Марыі Калеснікавай не выпусцілі. Толькі праз дзень пасля завяршэння тэрміну стала вядома, што яе вырашылі пакінуць за кратамі.

Скаргі Марыі Калеснікавай не задаволілі, яна застаецца за кратамі

Палітвязень, адміністратар тэлеграм-каналу «Беларусь галаўнога мозгу» Ігар Лосік знаходзіцца за кратамі 270 дзён. Блогера затрымалі 25 чэрвеня мінулага году. Сёння ж стала вядома, што яму працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 25 траўня.

Партрэт Ігара Лосіка. Студзень 2021 году. Фота: ТК / Белсат

Старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігара Барысава асудзілі за непадпарадкаванне сілавікам на 15 содняў арышту.

Старшыню Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігара Барысава затрымалі ўчора. Невядомыя ў масках выцягнулі лідара сацыял-дэмакратаў з аўтамабіля, у якім той ехаў з жонкаю і дзіцём.

Падчас затрымання Ігар Барысаў не супраціўляўся. Але яго даставілі на Акрэсціна.

Толькі сёння родныя даведаліся, што Ігара Барысава будуць судзіць. Яму інкрымінуюць непадпарадкаванне службовай асобе і будуць судзіць паводле адміністратыўнага артыкулу 24.3 (раней 23.4).

Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызнаў Ігара Барысава вінаватым у непадпарадкаванні і арыштаваў яго на 15 содняў.

Старшыню БСДП Ігара Барысава асудзілі за непадпарадкаванне сілавікам

 

Беларускія праваабаронцы 22 сакавіка прызналі палітвязнямі жыхарку г. Берасце Вольгу Завадскую (абвінавачаная па ч.2 арт. 339 КК – хуліганства) і жыхара г. Воршы Міхаіла Беркаса (абвінавачаны па арт. 341 КК – апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Цяпер у краіне 288 палітзняволеных.

У Вільні абмяркоўваюць беларускі крызіс

22 сакавіка ў Вільні праходзіць Форум Каліноўскага, на якім абмяркоўваюць, як пераадолець крызіс у Беларусі і дапамагчы беларусам у барацьбе за дэмакратыю.

Сярод спікераў – лідарка беларускага пратэсту Святлана Ціханоўская, прэм’ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце (Ingrida Šimonytė), прэзідэнт Парламенцкай асамблеі АБСЕ Пітэр Боўнэс (Peter Bowness), віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жузэп Бурэль (Josep Borrell), намеснік памочніка сакратара Бюро ЗША ў справах Еўропы і Еўразіі Джордж П. Кент (George P. Kent), старшыня камітэту замежных справаў Еўрапейскага парламенту Дэйвід МакЭлістэр (David McAllister) і іншыя.

Форум Каліноўскага. Вільня, Літва. 22 сакавіка 2021 г. Фота: ГР / Белсат

Злучаныя Штаты падтрымліваюць дыялог паміж апазіцыяй і дзейнай уладай Беларусі, заявіў Джордж Кент, прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША.

«Палітычны ціск мусіць спыніцца, палітычныя вязні ды іншыя несправядліва асуджаныя мусяць быць вызваленыя», – заявіў ён.

У сваю чаргу амерыканскі сенатар Робэрт Мэнэндэз (Robert Menendez) падкрэсліў, што Святлана Ціханоўская, а не Аляксандр Лукашэнка – легітымны прэзідэнт Беларусі. А кангрэсмен Крыс Сміт (Chris Smith), кажучы пра абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, заклікаў адміністрацыю прэзідэнта ЗША прыняць законы, якія б дапамаглі «цудоўным людзям Беларусі».

Дзень Волі як новы сэнс

СК belsat.eu

Hавiны