Як мастак распачаў флэшмоб з «загадамі» настаўнікам даваць справаздачы па выдуманых акцыях


Як успрымаць тое, што настаўнікі ахвотна выконваюць загад кагосьці невядомага, калі гэты загад проста напісаны канцылярскай мовай?

У канцы студзеня настаўнікі адной з менскіх школаў атрымалі e-mail ад «Каардыанатару дыялогавых пляцовак па ўнясенні правак у Канстытуцыю па Ленінскаму раёну Менску Сяргееву А.І.». Ён загадваў ім правесці «дыялогавую пляцоўку па зменах у Канстытуцыю» і прыслаць фота. Настаўнікі выканалі загад, аўтарам якога аказаўся мастак Уладзік Бохан.

Художник Владик Бохан, Владислав Бохан
Мастак Уладзік Бохан.
Фота: АГ / Белсат

На гэтым справа не спынілася: потым невядомыя яшчэ некалькі разоў так разыгрывалі розных настаўнікаў. Дайшло да таго, што адна група настаўнікаў фактычна агітавала за псаванне бюлетэняў, а «Фонду міру» давялося апраўдвацца, што ён не ладзіць акцыі за мір.

Навошта?

Цяпер аўтар першага загаду (наступныя высылаў не ён, а невядомыя яму паслядоўнікі) праводзіць выставу сваіх пратэставых карцінаў у Варшаве. Уладзік Бохан расказаў «Белсату», што не чапаў бы настаўнікаў, калі б не было перадгісторыі: ён працаваў у школе, якой выслаў загад.

Яго затрымалі летась і збіраліся асудзіць за «непадпарадкаванне», але пасля пералому ног ён хадзіў на мыліцах, таму яго адпусцілі да суду – ён скарыстаўся момантам і з’ехаў з Беларусі. Перад выездам ён не звальняўся са школы, хацеў звольніцца ўжо з-за мяжы і атрымаць працоўную кніжку. Яму адмовілі, а потым яшчэ і цягам трох месяцаў участковы шукаў яго, каб яго маглі звольніць са школы, а то без асабістай прысутнасці нельга.

Настаўнікі ўдзельнічаюць у флэш-мобе пранкераў.
Фота: МотолькоПомоги / Telegram

Тады і прыйшла ідэя «дыверсіі». Бохан кажа, што бачыў ранейшыя фота з прагляду «працоўнымі калектывамі» зваротаў Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэта нават не пранк, а хутчэй мастацкі акцыянізм, бо фактычна я зрабіў пастаноўку гэтай пастаноўкі, – тлумачыць ён. – Нават пастаноўка ў квадраце атрымалася. Пастаноўка гэтай антыўтопіі, сюррэалізму, які цяпер адбываецца ў адукацыі».

Бохан тлумачыць: ён працаваў у школе і ведае, на якой мове гэткія загады пішуцца. І праз тое, што загад быў напісаны на «зразумелай ім» мове, «па-чыноўнічы», усё атрымалася.

Як ставіцца да таго, што настаўнікі так вядуцца на загады невядомых?

Бохан думае, што ўсё сумна: пастаноўка паказала, што адукацыя рухаецца ў бок «канвееру ператварэння ў ідэалагічна правільных людзей». Чыноўнік у адукацыі – «цар і бог, ад аднаго погляду на якога трасуцца», упэўнены ён, таму і не дзівіцца, што так атрымалася.

REBELarus, выставка протестного искусства, художник Владик Бохан, Владислав Бохан
Мастак Уладзік Бохан расказвае пра свае працы і гісторыі іх стварэння наведвальнікам выставы пратэснага мастацтва «REBELarus» у Варшаве.
Фота: АГ / Белсат

«Яно ў прынцыпе і дагэтуль было так, – разважае мастак. – Гэта быў адзін са стымулаў заставацца ў школе: я быў настаўнікам гісторыі і хацеў, каб фільтравалі гэтую прапаганду, бо часам у падручніках гісторыі і грамадазнаўства пісалі проста жахі. Такая мярзотная адкрытая прапаганда.

Я лічыў сваім абавязкам ачышчаць розумы дзяцей ад гэтага, вучыць мысліць крытычна адносна не толькі падручніка, але і майго меркавання, бо мы ўсе суб’ектыўныя».

З’язджаў, замазаўшы карціны. Атрымаў іх назад і зладзіў выставу ў Варшаве

Калі Уладзік з’язджаў з Беларусі, ён не браў з сабой свае работы, але замазаў іх гуашшу. У той час у Серабранцы, дзе ён жыў, ішлі затрыманні, а адна дзяўчына пайшла на супрацу з сілавікамі – мастак лічыў, што так дойдуць да яго.

REBELarus, выставка протестного искусства, художник Владик Бохан, Владислав Бохан
Працы мастака Уладзіка Бохана на выставе пратэснага мастацтва «REBELarus» у Варшаве.
Фота: АГ / Белсат

Карціны хацеў забраць, бо гэта «месяцы працы», выдаткі на матэрыялы, ды й проста не хацелася, каб «яны апынуліся ў руках гэтых бандытаў». Разумеў, што тэматыка творчасці практычна цалкам палітычная (і стала такой «да таго, як гэта стала мэйнстрымам»). Калі ўжо выехаў, дамовіўся, каб карціны пераслалі, атрымаўшы адмысловы дазвол.

«Выставу я вырашыў зрабіць, каб паказаць другі бок рэвалюцыі: з таго, што я бачыў, там звычайна былі або пабітыя людзі, або мірныя маршы, – тлумачыць Бохан. – Я хацеў паказаць, што былі людзі, якія выказваліся больш рэзка, прама і рашуча, і на вуліцах, і ў творчасці.

Паклікаў яшчэ мастакоў з Расеі. Нашыя рэжымы ўзаемна ўплываюць адзін на аднаго. Хацелася, каб яны паказалі сваё бачанне сітуацыі праз прызму творчасці».

Фота
Напамін аб вогненных днях. У цэнтры Варшавы адкрылася выстава пратэснага мастацтва
2022.02.19 13:10

Каму гэта трэба, калі мастацтва пра беларускі пратэст па-за Беларуссю?

Бохан кажа, што для яго асабіста мастацтва – «гэта такі выхлап». Творчасць, кажа ён, дапамагае адцягнуць увагу ад псіхалагічных траўмаў, якія забраў з сабой з Беларусі.

REBELarus, выставка протестного искусства, художник Владик Бохан, Владислав Бохан
Фота: АГ / Белсат

Але бачыць і абавязак мастакоў у эміграцыі развіваць культуру. Ён разважае, што мастацтва ў прынцыпе развіваецца «не за, а насуперак»: нават у часы Рэнесансу, калі царква дамінавала, мастакі «зрабілі прарыў, які вызначыў будучыню Еўропы». Беларускія мастакі, якія трапілі ў эміграцыю, знаходзяцца ў больш свабодным асяроддзі, таму мусяць выкарыстоўваць гэта, «каб было з чым прыехаць дамоў», бо калі рэжым падзе, «будуць руіны ва ўсіх сферах».

«Я спрабаваў уплываць на беларусаў, яшчэ калі быў у Беларусі, бо да апошняга заставаўся ў актывізме, – згадвае Бохан. – Я разумеў, што калі мы не вернемся на вуліцы ў 2021-м, будзе нешта жахлівае, бо яны пачалі зачышчаць усё вакол.

Людзям, якія называліся актывістамі, я ледзь не крычаў: давайце арганізоўвацца! Яны адказвалі: будзем чакаць лідараў. Я кажу, дык давайце дзяўбці лідараў, каб арганізоўвалі, бо іначай прыйдуць па ўсіх, хто гатовы супраціўляцца. У выніку так і атрымалася. Цяпер мне з людзьмі са «свайго» актыву» прасцей сустрэцца ў Варшаве, чым у сябе на раёне».

На што тады спадзявацца?

Мастак дадае: яго супакойвае тое, што можа паўтарыцца сітуацыя 2017 года і пратэстаў супраць «падатку на дармаедаў». Ён згадвае, як выйшаў тады на першую акцыю і быў здзіўлены тым, колькі выйшла людзей, а «ніхто не думаў, што чарговы новы падатак стане такім каталізатарам пратэстаў, якія распаўсюдзяцца на ўсю краіну». Праблемы грамадства цяпер не вырашаныя, «напружанне вісіць у паветры», «дастаткова запалкі».

«Адзін няслушны крок улады, які зачэпіць людзей, можа вывесці на вуліцы, – мяркуе Бохан. – З аднаго боку шаля са страхам, але ёсць жа яшчэ шаля з гневам, з нянавісцю.

І калі яна напоўніцца і пераважыць, будзе бум. Галоўнае – не паўтараць сваіх памылак, якія зрабілі ў 2020 годзе.

Художник Владик Бохан, Владислав Бохан
Мастак Уладзік Бохан з сябрам. Варшава, Польшча.
Фота: АГ / Белсат

Цяпер ён займаецца не толькі напісаннем карцінаў, а і акцыянізмам «на мяжы мастацтва і палітыкі» – напрыклад, нядаўна шпацыраваў пад беларускім консульствам у Беластоку з «лязгам гусеніц»: у яго «гусеніцамі» былі чарвячкі з відэагульняў «Worms». Плануе і наступныя акцыі.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў