Ці прызнае Лукашэнка «ЛДНР» і да чаго гэта можа прывесці


Прызнанне Расеяй незалежнасці псеўдарэспублік ДНР і ЛНР паставіла афіцыйны Менск перад неабходнасцю таксама вызначыцца ў гэтым пытанні. Belsat.eu разбіраўся, ці пойдзе на гэта Аляксандр Лукашэнка, і калі так, то якія наступствы гэта будзе мець.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каля 650 эвакуяваных, пераважна жанчыны, дзеці і пажылыя людзі, прыбылі ў расейскі горад Ульянаўск.
Фота: Дзмітрый Сандзіміраў / TASS / Forum

Цягам 2014–2020 гадоў Лукашэнка вельмі супярэчліва выказваўся аб сітуацыі на Данбасе і лёсе сепаратысцкіх утварэнняў. У некаторых прамовах ён апраўдваў Расею, сцвярджаючы, што яна была вымушана абараняць і падтрымліваць «ДНР» і «ЛНР». Заяўляў, што ва Украіне ідзе грамадзянская вайна, і з кіраўніцтвам «ЛДНР» Кіеву трэба дамаўляцца. У іншых прамовах Лукашэнка казаў, што баевікоў, якія ваююць супраць украінцаў, трэба знішчаць. Ён фактычна прызнаваў, што вайна ідзе паміж Расеяй і Украінай, а таксама выказваўся ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Але варта прызнаць, што ў адным пытанні ягоная пазіцыя была адназначнай: у той перыяд ён не дапускаў прызнання незалежнасці «ДНР» і «ЛНР» і называў рэферэндумы баевікоў юрыдычна нікчэмнымі.

Аднак пасля падзеяў 2020 года залежнасць ад Расеі значна вырасла, гульні ў роўнааддалены нейтралітэт і шматвектарнасць скончыліся. Афіцыйны Менск пачаў цалкам падтрымліваць Расею ва ўкраінскім пытанні, не дапускаючы ніякіх вольных трактовак. У цяперашні крызіс Беларусь была ўцягнутае як стоадсоткавы хаўруснік Крамля.

Як вызначыць «старэйшы брат»

У лютым 2022 года Лукашэнка зрабіў некалькі заяваў наконт сітуацыі на Данбасе, у якіх ставіў сваю пазіцыю ў гэтым пытанні ў залежнасць ад дзеянняў Масквы. У інтэрв’ю прапагандысту Уладзіміру Салаўёву ён зазначыў, што ў выпадку абвастрэння сітуацыі на Данбасе беларуская армія будзе паводзіць сябе гэтак сама, як і расейская. А 17 лютага, напярэдадні свайго візіту ў Маскву, Лукашэнка заявіў, што рашэнне аб прызнанні «ЛДНР» ён будзе прымаць супольна з расейскім бокам.

«Мы дамовімся з Пуціным, як нам зрабіць, каб было лепш для Расеі і для Беларусі. Але гэта будзе супольнае рашэнне», – сказаў ён.

Паказальна, што ў аналагічных выразах Лукашэнка выказваўся наконт лёсу расейскіх войскаў у Беларусі пасля завяршэння вучэнняў «Саюзная рашучасць»: маўляў, вызначым разам з Пуціным. Цяпер ужо вядома, што расейскія войскі ў Беларусі пакінулі дэ-факта на нявызначаны тэрмін. Як заявілі ў беларускім Генштабе, падраздзяленні расейскай арміі вернуцца ў пункты пастаяннай дыслакацыі «толькі тады, калі ў гэтым з’явіцца аб’ектыўная неабходнасць». Хаця раней кіраўнік МЗС Уладзімір Макей абяцаў, што ўсе расейскія вайскоўцы і тэхніка пакінуць Беларусь адразу пасля завяршэння «Саюзнай рашучасці».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

Калі Лукашэнка пайшоў на тое, каб у цяперашняй сітуацыі пакінуць у Беларусі расейскую армію, то цяжка сябе ўявіць, каб ён змог ухіліцца ад прызнання «ЛДНР». Улічваючы татальную палітычную і эканамічную залежнасць рэжыму Лукашэнкі ад Крамля гэта фактычна немагчыма. Тая геапалітычная камбінацыя, якую цяпер разыгрывае Пуцін, мае для яго прынцыповае значэнне: любая спроба Менску праявіць нелаяльнасць ва ўкраінскім пытанні можа быць успрынятая ў Маскве як здрада. Існаванне рэжыму Лукашэнкі ў такім выпадку можа страціць для Крамля сэнс. Ды і рэальных альтэрнатываў у беларускага кіраўніцтва, па сутнасці, няма. У адрозненне ад 2008 года (калі Лукашэнка не прызнаў незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі) і 2014 года (калі ён дыстанцыяваўся ад расейскай агрэсіі супраць Украіны) афіцыйны Менск фактычна спаліў усе масты ў стасунках з Захадам.

Пры гэтым прызнаннем незалежнасці псеўдарэспублік сюжэт з Данбасам не абмяжоўваецца. Калі абвастрэнне перарасце ў поўнамаштабную вайну, то перад афіцыйным Менскам можа ўзнікнуць пытанне аб вайсковым удзеле Беларусі ў канфлікце. Дарэчы, адпаведныя заявы Лукашэнка рабіў не толькі ў інтэрв’ю Салаўёву, але і ў лістападзе 2021 года на нарадзе Міністэрства абароны:

«Яны выдатна разумеюць: калі яны зноў развяжуць вайнушку на Данбасе ці недзе на мяжы з Расеяй, Беларусь убаку не застанецца. І зразумела, на чыім баку будзе Беларусь».

Наступствы вонкавыя

Але нават калі вайны не будзе і ўсё абмяжуецца тым, што Лукашэнка проста прызнае «ЛДНР», то наступствы гэтага кроку ўсё роўна будуць дастаткова сур’ёзнымі для афіцыйнага Менску.

Па-першае, афіцыйны Кіеў будзе вымушаны рэагаваць на такія паводзіны Беларусі, прычым наўрад ці рэакцыя будзе толькі на дыпламатычным узроўні. Кіраўніцтва Украіны, хутчэй за ўсё, увядзе санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якія непазбежна закрануць беларуска-ўкраінскія эканамічныя стасункі. Маштабы і эфектыўнасць гэтых санкцыяў на сённяшні дзень прадказаць немагчыма. Напрыклад, вядома, што Украіна – буйны пакупнік беларускіх нафтапрадуктаў, і закрыццё гэтага экспартнага напрамку было б вельмі сур’ёзным выклікам для Беларусі. Але замяніць такі імпарт для афіцыйнага Кіева будзе таксама вельмі няпроста. У любым выпадку супраць рэжыму Лукашэнкі можа быць адкрыты яшчэ адзін санкцыйны фронт (нагадаем, санкцыяў Еўразвязу, у тым ліку сектаральных, афіцыйны Кіеў раней не падтрымліваў).

Нельга выключаць, што новыя санкцыі ўвядзе і Еўразвяз. Прадстаўнікі ЕЗ лічаць прызнанне сепаратысцкіх рэгіёнаў «абуральным парушэннем міжнароднага права, тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і Менскіх пагадненняў». Падтрыманне такіх дзеянняў Расеі наўрад ці на Захадзе пакінуць без увагі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына стаіць побач з домам, пашкоджаным у выніку абстрэлу ў горадзе Аляксандраўск, на захад ад Луганску.
Фота: Alexander Reka / TASS / Forum

Па-другое, прызнанне «ЛДНР» канчаткова замацуе за Беларуссю статус дзяржавы, якая дэ-факта страціла сваю суб’ектнасць на міжнароднай арэне. За апошнія паўтара года і так склалася тэндэнцыя, калі заходнія лідары абмяркоўвалі праблемы Беларусі з Крамлём, а не Лукашэнкам (напрыклад, Эманюэль Макрон падчас лютаўскага візіту ў Маскву размаўляў пра змены ў беларускай Канстытуцыі і размяшчэнне ядравай зброі – з Пуціным). Цяпер жа ў гэтым пытанні будзе пастаўлена кропка: рэжым Лукашэнкі на Захадзе будуць, па сутнасці, лічыць марыянетачным.

Прызнанне Беларуссю псеўдарэспублік будзе негатыўна ўспрынятае і часткай краінаў постсавецкай прасторы, бо, напрыклад, Грузія і Малдова ўжо рэзка негатыўна адрэагавалі на дзеянні Крамля. Для гэтых дзяржаваў тэма прызнання тых ці іншых сепаратысцкіх тэрыторыяў у рэгіёне – гэта пытанне, якое непасрэдна закранае нацыянальныя інтарэсы, улічваючы непераадоленыя праблемы Прыднястроўя, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Недавер да афіцыйнага Менску на гэтым фоне аўтаматычна вырасце.

Наступствы ўнутраныя

Больш складана ацаніць наступствы прызнання «ЛДНР» для рэжыму Лукашэнкі ўнутры краіны. Апошнія сацыялагічныя апытанні, на падставе якіх можна было б разважаць аб стаўленне беларусаў да ўкраінскага крызісу, праводзіліся яшчэ ў 2016 годзе.

Варта прызнаць: цягам 2014–2016 гадоў пераважная большасць беларусаў глядзела на расейска-ўкраінскі канфлікт вачыма крамлёўскай прапаганды. Напрыклад, у снежні 2014 года, паводле апытання НІСЭПД, 49,5 % беларусаў падтрымлівалі ідэю незалежнасці «Наваросіі» (як першапачаткова называлі «ЛДНР») і толькі 18,4 % лічылі, што ніякая «Наваросіі» наогул не існуе. Па стане на сакавік 2016 года 75 % беларусаў лічылі, што канфлікт на Данбасе – гэта грамадзянская вайна, а 57,8 % называлі анексію Крыму «аднаўленнем гістарычнай справядлівасці».

З таго часу прайшло 6–7 гадоў – для любога грамадства гэта вялікі тэрмін, за які настроі і погляды могуць прынцыпова змяніцца. Тым больш гэта актуальна для беларускага грамадства, якое за апошнія гады перажыло маштабныя ўзрушэнні. Пазіцыя Крамля ў дачыненні Беларусі ў 2020–2022 гадах і поўная падтрымка рэпрэсіўнай палітыкі Лукашэнкі не магла не адбіцца на стаўленні грамадзянаў да палітыкі Расеі ў дачыненні Украіны. Таму можна прагназаваць, што цяпер крамлёўскія наратывы адносна Украіны падтрымлівае значна меншая колькасць беларусаў. Уцягванне ў геапалітычныя гульні Крамля яўна не будзе мець папулярнасці ў грамадстве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці ў Вроцлаве, Польшча.
Фота: Krzysztof Zatycki / Zuma Press / Forum

Трэба звярнуць увагу і на яшчэ адно наступства цяперашняй сітуацыі, якое адчуюць на сабе беларусы незалежна ад таго, прызнае Лукашэнка «ЛДНР» ці не: пагаршэнне фінансавай і эканамічнай сітуацыі. Тыя эканамічныя праблемы, з якім сутыкнецца Расея пасля цяперашніх падзеяў, ускосна будуць адбівацца і на беларускай эканоміцы, бо яна шчыльна звязаная з расейскай.

Гэтая тэндэнцыя заўважная ўжо цяпер: 22 лютага курс беларускага рубля аслабеў услед за аслабленнем расейскага рубля, хаця афіцыйны Менск наогул яшчэ ніяк не выказаў сваёй пазіцыі аб прызнанні «ЛДНР». Дарэчы, у 2014–2015 гадах расейская агрэсія супраць Украіны каштавала Беларусі дэвальвацыі нацыянальнай валюты больш чым на 50 % (толькі за студзень 2015-га рубель абваліўся амаль на 30 %). Хаця тады афіцыйны Менск імкнуўся займаць нейтральную пазіцыю ў расейска-ўкраінскім канфлікце.

Аналітыка
Рэпрэсіі, мабільныя групы і пазбаўленне права голасу. Што трэба ведаць пра так званы рэферэндум
2022.02.22 07:30

РР belsat.eu

Стужка навінаў