«Ці хочуць рускія вайны?..» Як расейцы рэагуюць на прызнанне Пуціным «ДНР» і «ЛНР»


Пуцін рассмяшыў «стужку», але не ўсю. Для многіх заява прэзідэнта Расеі стала «сімвалам духоўнага адраджэння» і «перамогі дабра над злом». Эксперты схіляюцца да таго, што вайна ўжо ідзе. Па меншай меры – «вайна нерваў».

Пешаход пераходзіць вуліцу каля будынку з банерам з лозунгам «Мы – рускі Данбас!» у горадзе Данецку ў Украіне, што ўтрымліваецца паўстанцамі. 9 верасня 2021 года.
Фота: ALEXANDER ERMOCHENKO / Reuters / Forum

Вядомы расейскі паэт і праваабаронца Сяргей Гандлеўскі выказаўся наконт песні на словы Яўгена Еўтушэнкі «Хотят ли русские войны?» («Ці хочуць рускія войны?»). Гандлеўскі заўважыў, што «пра гэта трэба пытацца не бярозы і жонку паэта, а чачэнцаў, палякаў, венграў, чэхаў і іншых».

«Па маіх жыццёвых назіраннях і па вопыце чытання класічнай айчыннай літаратуры, суайчыннікі празмернай ваяўнічасцю не адрозніваюцца – нам не больш хочацца ваяваць, чым Герасіму тапіць Муму», – напісаў Сяргей Гандлеўскі.

«Ці хочуць рускія войны? Не ведаю, як у Маскве, а ў Омскай вобласці зэкі ў мой час пагаворвалі: «Вось бы заўтра вайна, і ў палон здацца», – каментуе адзін з карыстальнікаў пост Гандлеўскага.

Каментуючы «гістарычную прамову» Пуціна 21 лютага Ксенія Сабчак у Instagram прыводзіць цытату Жванецкага «пра разумных і тупых».

«Напісала ўчора ў ночы пост з кароткім пераказам гістарычнай прамовы Пуціна. Пасля гэтага пекла разгарэўся ў каментарах – людзей не цікавіць журналістыка, аналітыка, разважанні над сітуацыяй, Ім важней зразумець «ты за вайну ці супраць»? <…> я, вядома ж, супраць вайны, але, пачытаўшы каментары, мяне палохае іншае: галоўную сусветную вайну мы ўжо прайгралі. Вайну, аб якой казаў Жванецкі…» – напісала Сабчак.

Пра глупства і пра вяртанне ў брэжнеўскія часы казаў на тэлеканале «Дождь» і пісьменнік Станіслаў Бялкоўскі.

«Наколькі ўсе гэтыя людзі вярнуліся ў брэжнеўскія часы і навучыліся казаць тое, што хоча чуць ад іх бос. І ён нават не хітруе, калі кажа, што загадзя не ўзгадняў з імі тэкст – гэты тэкст выгравіраваны ў іх на сэрцы…», – заўважыў Станіслаў Бялкоўскі.

Паводле яго словаў, рашэнне аб прызнанні «ЛНР» і «ДНР» не стала сенсацыяй, таму што «да яго рыхтаваліся яшчэ з канца мінулага года». Бялкоўскі кажа, што «Пуцін не майстар вялікіх войнаў, а спецыяліст па спецаперацыях». Таму спецаперацыя па прызнанні «ДНР» і «ЛНР» з мэтай стварэння буфернай зоны была магчымая. Эксперт лічыць, што Пуцін амаль даслоўна паўтарае абхазска-асяцінскі сцэнар 2008 года.

«Пуцін індуктывіст па сваім мысленні, ён любіць паўтараць тыя сцэнары, якія даваліся яму ў мінулым. Святая дата 22.02.22 адпавядае ў гэтым сэнсе 08.08.08 абхазска-асяцінскай гісторыі», – адзначае Бялкоўскі.

З нагоды таго, што Пуцін сам рыхтаваў сваю прамову і ні з кім не ўзгадняў, выказаўся і Міхаіл Хадаркоўскі.

Прыкладна ў тым жа ключы выказаўся і палітык Яўген Ройзман. На ягоную думку, тое, што Пуцін зрабіў пасяджэнне Рады Бяспекі адкрытым для ўсяго свету – спосаб зняць адказнасць і замазаць крывёю іншых.

Калі пра дачыненні да чалавечай крыві, то аглядальнік «Новой газеты» Аляксандр Салдатаў, кажучы аб маўчанні Рускай праваслаўнай царквы перад тварам вайсковага сутыкнення Расеі і Украіны, адзначае:

«З пачаткам пуцінскай эпохі міратворчасць аказалася »не ў трэндзе«, і, напэўна, хутка лозунгі тыпу «Нет войне» або «Миру мир» будуць прызнаныя ў РФ экстрэмісцкімі».

Пральецца ці не пральецца кроў – злачынства ўжо здзейсненае і працягвае здзяйсняцца, лічыць пісьменніца Лінор Гаралік. Таму што трымаць у «смяротным страху» людзей у дзвюх дзяржавах – гэта ўжо злачынства.

«І пра такое злачынства, як ператварэнне сваёй краіны ў палітычнага ізгоя, таксама трэба казаць асобна, вядома, – але я цяпер не пра яго. Словам, вайны ў яе старым разуменні яшчэ няма, а звязаных з ёй злачынстваў ужо хоць адбаўляй…» – піша Гаралік.

«Стаўкі ў гэтым вар’яцкім покеры растуць, карты схаваныя, дзеянні гульцоў непрадказальныя, незразумела, дзе рэальнасць, а дзе блеф. Усе чакаюць – будзе сапраўдная вайна, а не толькі нерваў, ці пранясе», – піша намеснік галоўнага рэдактара «Новой газеты» Андрэй Ліпскі.

На яго думку, вайна ўжо ідзе – «вайна нерваў». «Галоўнае, каб яны ні ў каго не здалі», – заключае Ліпскі.

Што думае народ

Карыстальнікі сацыяльных сетак у Рунэце рэзка падзяліліся на прыхільнікаў і праціўнікаў прызнання так званых «народных рэспублік», уводу туды расейскіх войскаў і вядзення ваенных дзеянняў. З аднаго боку, з’явіліся заклікі расейскіх жанчын устаць на абарону сыноў з абодвух бакоў. З іншага – размахваюць «калашамі» пад свежым тэгам «данбаснаш».

Так, расейскія жанчыны заклікаюць абʼядноўвацца, каб выратаваць «свет, жыццё і каханне».

«Ніводная жанчына не можа аддаць свайго сына ў рукі ўсякай ваяўнічай сволачы толькі дзеля яе прагных інтарэсаў, яе амбіцыяў, каб нейкаму Захаду паказаць яшчэ большую мізэрнасць…» – гаворыцца ў закліку.

Супраць вайны выступае Хабараўск, у якім смелыя людзі арганізавалі акцыю падтрымкі Украіны.

У той жа час, напрыклад, арганізацыя ветэранаў – пенсіянераў вайны, працы, узброеных сіл і праваахоўных органаў Багучанскага раёна – абʼяўляе акцыю па зборы гуманітарнай дапамогі жыхарам Данбасу.

Расейская сацсетка «ВКонтакте» пачынае закіпаць ад патрыятычнага чаду.

«Віншую ўсіх датычных рускіх людзей з гэтай важнай, архіважнай падзеяй – з прызнаннем суверэннага статусу Данецкай і Луганскай Народных Рэспублік. Гэта валявы крок нашай дзяржавы павінен стаць адпраўкай кропкай ва ўмацаванні міру (рускага свету, у тым ліку) і духоўнага адраджэння нашай краіны, стаць сімвалам аднаўлення шматпалярнага свету і сцвярджэннем перамогі дабра над злом», – піша адзін з карыстальнікаў.

У «Твітэры» усё больш папулярным становіцца тэг «данбаснаш». Галоўны матыў: Данбас «вяртаецца дадому».

Аўтар хрэстаматыйнага верша «Хотят ли русские войны?» быў бы збянтэжаны. Мабыць.

ЗК/ІР belsat.eu

Стужка навінаў