«Мы даўно і да ўсяго гатовыя». Як ва Украіне рэагуюць на прызнанне Расеяй «ДНР» і «ЛНР»


Пуцін прызнаў незалежнасць «ЛНР» і «ДНР». Захад адрэагаваў чарговымі пагрозамі санкцыяў. Расейскія біржы адрэагавалі падзеннем. А што думаюць палітыкі ва Украіне?

Вечарам 21 лютага ў Расеі апублікавалі загадзя запісаны тэлезварот Уладзіміра Пуціна аб прызнанні незалежнасці самаабвешчаных «Данецкай народнай рэспублікі» і «Луганскай народнай рэспублікі» на тэрыторыі Украіны. Ён падпісаў указ аб увядзенні расейскіх войскаў у «ДНР» і «ЛНР», хоць яшчэ невядома, ці Расея прызнае «рэспублікі» ў фактычна кантраляваных межах, ці і ў тых, што пад кантролем Украіны.

Што сказаў Зяленскі

Адначасова з гэтым ва Украіне прэзідэнт Уладзімір Зяленскі склікаў паседжанне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны, правёў перамовы з прэзідэнтам Злучаных Штатаў і прэм’ерам Брытаніі, да таго размаўляў з прэзідэнтам Францыі і канцлерам Нямеччыны. Па выніках ноччу ён зрабіў тэрміновы тэлезварот да ўкраінцаў.

Ён заклікаў заставацца спакойнымі і ўпэўненымі, «бо зараз не люты 2014 года, а люты 2022 года». Зяленскі паабяцаў, што «як толькі пабачым рост рызыкаў, вы будзеце пра гэта ведаць», «прычынаў для бяссоннай ночы няма», бо «мы даўно на ўсё гатовыя». І запэўніў:

«Мы на сваёй зямлі, мы нікога і нічога не баімся, нікому і нічога не павінны, і нікому нічога не аддамо, і мы ўпэўнены ў гэтым».

Дзеянні Расеі, сказаў ён, Украіна кваліфікуе як парушэнне свайго дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама як выхад Расеі з Менскіх пагадненняў і ігнараванне рашэнняў «нармандскага фармату».

Асабіста Пуціна ён падкалоў: «У нас і нашай дзяржавы няма часу на доўгія лекцыі па гісторыі». Ягоны зварот цягнуўся 5 хвілінаў, а Пуцін прамаўляў гадзіну, перад тым паўтары гадзіны слухаў, як яго «ўгаворвалі» прызнаць «ДНР» і «ЛНР».

Што сказалі іншыя ўкраінскія палітыкі і журналісты

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што Крэмль прызнаў не «ДНР» і «ЛНР», а сваю агрэсію супраць Украіны. Але ён запэўніў: Украіна застаецца «спакойнай і ўпэўненай», гатовай бараніць свой суверэнітэт. Ён заклікаў да санкцыяў, але задаўся пытаннем, ці не ўтвараецца новая Берлінская сцяна.

Ягоная намесніца Ганна Маляр казала ў тэлеэфіры, што Пуцін быў вымушаны мяняць тактыку адносна Украіны, бо не справіўся з ёй: казала, ён чакаў, што знойдуцца «здраднікі», якія сядуць за стол перамоваў з «ДНР» і «ЛНР». Яна дадала, што Украіна зберажэ ўсе падкантрольныя тэрыторыі і што баяцца паўтарэння 2014 года не варта: 400 тысяч чалавек маюць баявы досвед, краіна мае новае ўзбраенне і новае кіраўніцтва.

Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба правёў перамовы з дзяржаўным сакратаром ЗША і заклікаў яго да санкцыяў. Ён таксама пісаў, што цяпер у свеце ўзгадняюць парадак і паслядоўнасць санкцыяў супраць Расеі, а ад рэакцыі свету залежаць далейшыя дзеянні Крамля. Таму «Расея павінна пераканацца, што калі свет кажа пра санкцыі, ён сапраўды гатовы іх прымяніць».

Пастаянны прадстаўнік Украіны ў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў Сяргей Кыслыця заявіў на тэрміновым паседжанні Рады бяспекі ААН, што «ААН хворая. Яна відавочна пацярпела ад вірусу, які распаўсюджваў Крэмль». Ён заклікаў арганізацыю «выканаць сваю місію» і абараніць Украіну.

Таксама ён заўважыў, што Расея «слова ў слова скапіявала» заяву, якую рабіла ў 2008 годзе, калі пайшла з вайной на Грузію. «Хто стане наступным?» – спытаў Кыслыця ў Рады бяспекі ААН. Практычна ўсе ўдзельнікі Рады бяспекі ААН заклікалі да выканання Менскіх пагадненняў і захавання тэрыторыі Украіны ў міжнародна прызнаных межах, выказалі занепакоенасць – толькі Расея выказала супрацьлеглую пазіцыю, а Украіна палічыла дзеянні Расеі адмовай ад Менскіх дамоваў.

Былы прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцэнюк заявіў, што «па факту гэта яшчэ адна юрыдычная анексія ўкраінскай тэрыторыі» і што Пуцін прызнаў сябе бокам канфлікту, які «загроб украінскую тэрыторыю».

Вядомы ўкраінскі журналіст Дзмітрый Гардон запісаў эмацыйны зварот, у якім казаў, што «Пуцін і ягоная злачынная банда перайшлі мяжу». Ён параўнаў «угаворванні» Пуціна ягонымі чыноўнікамі са сталінскімі часамі – маўляў, гэтак «Пуцін вырашыў павязаць усіх рашэннем: гэта не я, гэта народ».

Былая дэпутатка Лэся Арабец адзначыла, што Пуцін «цягнуў да апошняга». Яна мяркуе, што ён меў некалькі варыянтаў завяршэння прамовы і «відавочна чакаў нейкага паведамлення», а ў выніку не абвясціў вайну – «чамусьці стух».

Галоўная рэдактарка «Украінскай праўды» Сэўгіль Мусаева выказала ўпэўненасць у тым, што Пуцін – «звар’яцелы фюрэр», які «не супакоіцца, пакуль не знішчыць нас і Украіну», бо «ён бачыць у гэтым сваю гістарычную місію».

А дэпутат ад фракцыі «Апазіцыйная платформа» і кум Пуціна Віктар Медвядчук, магчыма, спрабаваў уцячы з-пад хатняга арышту: каля яго ўдома вечарам 21 лютага сабралася шмат паліцыі і аховы – паводле неафіцыйных звестак, да таго некалькі аўтамабіляў прыехала вывозіць ягоную маёмасць і зброю. Афіцыйных каментароў пра гэта не было.

АА belsat.eu

Стужка навінаў