Злачынства ў Курапатах 1937-1941: праўда і свабода


Да чвэрці мільёна чалавек – беларусаў і палякаў – маглі забіць энкавэдэшнікі ва ўрочышчы Курапаты. Сталінскае злачынства 1937–1941 гадоў будзе тэмай канферэнцыі, арганізаванай пад эгідаю «Белсату», Інстытутам Пілецкага і Беларускім домам у Варшаве. Сустрэча адбудзецца 24 лютага.

Курапаты, урочышча на сённяшнім ускрайку Менску, застаецца сімвалам камуністычных злачынстваў, якія ўчынілі супраць беларускай і польскай эліты. Тут у 1937–1941 гадах расстралялі паводле розных падлікаў ад 100 да 250 тысяч чалавек. У Курапатах забівалі таксама палякаў: ахвяраў польскай аперацыі НКВД. У Савецкім Саюзе пра камуністычны тэрор нельга было згадваць, таму ўрочышча было сцёртае з калектыўнай памяці, як і іншыя месцы масавых расстрэлаў.

У 1988 годзе выйшаў артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва пад назвай «Курапаты – дарога смерці», у якім упершыню публічна была ўзнятая тэма масавых забойстваў пад Менскам. Нягледзячы на прамінулыя гады, злачынства чакае дакладнага навуковага даследаванне. Археалагічных вышукаў не праводзілі, і дакументацыя застаецца закрытай у архівах. З аднаго боку, Курапатам пагражае забыццё і заціранне слядоў злачынства, з другога – інструменталізацыя ў межах афіцыйнай дзяржаўнай гістарычнай палітыкі. У той жа час апошнія падзеі відавочна сведчаць пра тое, што памяць аб савецкім тэроры жывая сярод беларусаў і робіцца важным арыенцірам для тых, хто сёння дамагаецца праўды і свабоды.

Арганізаваная пад патранатам «Белсату» супольная канферэнцыя Інстытуту Пілецкага і Беларускага дому ў Варшаве будзе прысвечаная масавым рэпрэсіям, якія беларусы і палякі зазналі з боку таталітарнай савецкай улады ў 1937–1941 гадах. Мэта сустрэчы – паказаць цяперашні стан ведаў пра злачынствы ў Курапатах, якія застаецца за межамі галоўнай гістарычнай свядомасці палякаў, а ў Беларусі ў афіцыйным гістарычным дыскурсе фактычна адсутнічаюць. Арганізатары хочуць падкрэсліць супольнасць досведу беларусаў і палякаў у супрацьстаянні камунізму, а таксама паразважаць над роляй памяці ў Курапатах і – шырэй – пра савецкі тэрор у працэсе фармавання новай беларускай ідэнтычнасці. Ці можа агульная палітычная гісторыя народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы быць асновай узаемаразумення і супрацы? Якое значэнне мае досвед камунізму для намаганняў стварыць і пашырыць прастору свабоды і дэмакратыі ў нашым рэгіёне? Як уводзіць гэтую перспектыву ў мэйнстрым еўрапейскай памяці?

Мерапрыемства адбудзецца як вэбінар на платформе «Zoom» і будзе транслявацца на Facebook.

Спасылка для рэгістрацыі на вэбінар.

Спасылка на праграму канферэнцыі на расейскай мове.

Выступы дакладчыкаў будуць сінхронна перакладзены на польскую і беларускую мовы.

md / belsat.eu

Стужка навінаў