«І тут мы разумеем, што ў гэтым аўтазаку зусім не Беларусь». Гісторыя №6 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»


Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Кім Мазур – рэстаратар. Ён называе збіццё і здзекі «нязручнасцямі, якія можна трактаваць як катаванні». Кажа, што больш хваляваўся за свайго сябра Андрэя. Маўляў, сам – спартовец, таму прасцей было перажыць тое, што здарылася. 10 жніўня мужчыны ездзілі па горадзе, каб зразумець, што адбываецца ў Менску. Сустрэліся на вуліцы Ракаўскай са знаёмцам, разгаварыліся. Пад’ехаў бус з сілавікамі, тыя даволі ветліва запрасілі ў машыну. «Пакуль яшчэ ў галаве захоўвалася думка, што ў Беларусі ўсё рэгулюецца законам, і ніякай бязглуздзіцы не будзе. Нас апытаюць, і праз тры гадзіны мы вольныя», – згадвае Кім.

Кім Мазур.
Фота: Белсат

Затрыманых павезлі да стэлы і перагрузілі ў аўтазак. Першыя знявагі ды ўдары. Утрох мужчыны апынуліся ў маленькім і душным «стакане». Яны чуюць, як на вуліцы і ў аўтазаку жорстка бʼюць людзей. «І мы разумеем, што тут, у машыне, – зусім іншая краіна, не Беларусь», – распавядае пра знікненне апошніх ілюзіяў Кім. Затрыманых даставілі ў адно з раённых упраўленняў сталіцы. Далей – калідор з амапаўцаў, што збіваюць новапрыбылых і кідаюць на калені, тварам уніз, на зямлю. Праз некалькі гадзінаў людзей перавялі ў залу з бетоннаю падлогаю ды кінулі на яе ў той жа пазіцыі.

Кім кажа, што міліцыянты пачуваліся як мінімум няёмка ад таго, што адбывалася навокал. Адзін з іх, калі застаўся з дзясяткамі збітых людзей, папрасіў прабачэння: маўляў, «гэта сістэма такая», і нават дазволіў патэлефанаваць блізкім. Паспелі пазваніць шасцёра. «Раптам забягае хтосьці з дубінкаю ў руках і крычыць: «Як вы смееце на міліцыю руку падымаць!» І проста ідзе і збівае ўсіх дубінкаю», – прыгадвае мужчына і супрацьлеглыя паводзіны міліцыянтаў. Той супрацоўнік загадаў не пускаць затрыманых у прыбіральню і не даваць ім вады. Раніцаю ўсіх павезлі ў Жодзінскі ізалятар.

У чарговым аўтазаку Кім ізноў апынуўся разам з сябрам. «Хтосьці з начальнікаў прамовіў, паказваючы на мяне: «Гэтаму вясёламу хлопцу – асаблівая ўвага». Удар па назе, у сківіцу, у спіну нагой, скруцілі сцяжкамі рукі за спіну – і ў аўтазак», – распавядае ён. Мужчына пабачыў, як сілавік паставіў нагу на твар і шыю сябра ды пачаў ціснуць. Праз нейкі час той страціў прытомнасць. Мужчынаў кідалі адно на аднога і прымушалі паўзці па целах іншых, пакуль амапаўцы збівалі людскую масу. Гэты працэс сілавікі называлі «рамонтам» – маўляў, рамантуюць няправільных людзей. Падобную гісторыю нам распавёў і Вадзім.

«Я запоўз у самы канец аўтазака і лёг за лесвіцай, каб ні на кім не ляжаць. Гучыць каманда: «Асабліва па гэтым на краі працуйце». Ад пятак да шыі праходзяцца па мне. Увесь шлях да Жодзіна нас бʼюць. І крычаць: «Едзьце ў Польшчу, працуйце прастытуткамі і дальнабоямі», – Кім згадвае, як выглядаў пераезд у Жодзіна.

У камеры быў чалавек з паламанаю нагою, людзі з вывернутымі насамі, парванымі вуснамі ды нават павекамі. Сябар Андрэя атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і ўвесь час траціў прытомнасць. «Ну, а ў мяне, кажуць, што спіна сіняя ўся… Ну, сіняя і сіняя», – Кім паўтарае, што яму, як спартоваму чалавеку, было нашмат прасцей перажыць катаванні.

Большасць людзей выпусцілі праз некалькі дзён, раней за заканчэнне тэрміну арышту. На наступны дзень пасля вызвалення Кіму патэлефанавалі са Следчага камітэту і прапанавалі прыйсці на размову «па факце затрымання» і збіцця. У кабінеце следчая запыталася, ці будзе ён пісаць заяву. «Я гляджу, а ў яе на стале ляжыць куча справаў, і там верхняя – адзін у адзін спісаная з маёй. Тады і тады затрыманы такі і такі грамадзянін, па факце пабояў вядзецца разбор справы. І прыпіска: калі не дапаўняецца, справу знішчыць». Кім кажа, што следчая, паціскаючы плячыма, прызнала, што заява – «нікому не дапаможа». Замест марнавання часу ў СК мужчына паехаў дапамагчы валанцёрам ля Акрэсціна і Жодзінскага ізалятару.

Малюнак Кіма Мазура.
Фота: Белсат

Напрыканцы размовы Кім ізноў махае рукою на свае траўмы. Прасіць дапамогі ў фондах салідарнасці не збіраецца: «Ды якая дапамога, хапае людзей, якім дапамога насамрэч патрэбная. Калі пачуў іншыя гісторыі, то зразумеў, што мне яшчэ пашанцавала, я са сваймі сінячкамі спраўлюся».

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Стужка навінаў