Гарадзенскага таксіста, якога збілі амапаўцы, могуць пасадзіць на тры гады

Аляксей Лапа ў судзе. Фота: Белсат

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні 22 лютага працягвалі разглядаць справу супраць мясцовага таксіста Аляксея Лапы. Мужчыну, якога вінавацяць у гвалце над сілавікамі, хочуць зняволіць на тры гады, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Гэты працэс пачаўся яшчэ 5 лістапада. Аляксея Лапу затрымалі 11 жніўня. Таксіст і ягоныя сябры паехалі ў гіпермаркет па ваду. На паркоўцы амапаўцы пачалі біць па аўтамабілі Аляксея. Аляксей з’ехаў, аднак хутка машыну спынілі. Кіроўцу і ягоных пасажыраў збілі. У дыягназе Аляксея – пералом сківіцы, гаймаравых пазух, скулічнай косці, носа і шматлікія выцятыя месцы.

Распачынаць крымінальную справу ў дачыненні амапаўцаў адмовіліся. А вось Аляксея абвінавацілі паводле артыкулу 364 («Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні службовай асобы»). Пацярпелымі прызналі працаўнікоў АМАПу Арцёма Логіша і Паўла Конана. Пры гэтым пацярпеў толькі апошні: у яго былі сінякі на локці і калене, драпіна на лобе, якія выклікалі кароткачасовую страту здароўя.

Пракурор Георгій Смольскі лічыць, што віна Лапы даказаная. Гэта нібыта пацвярджаецца паказаннямі пацярпелых і сведкаў-амапаўцаў. Таксіст быццам бы хацеў перашкодзіць дзеянням амапаўцаў. Дзяржабвінаваўца запытаў для мужчыны тры гады пазбаўлення волі, а таксама спагнаць 164 рублі працэсуальных выдаткаў.

ЯП belsat.eu

Hавiны