198 дзён пратэстаў. Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі, калонія для падлетка


Паслявыбарчыя пратэсты ў Беларусі працягваюцца 198 дзён. Судовы канвеер штампуе новыя выракі, а беларусы рыхтуюцца да Дня Волі.

Лукашэнка сустрэўся з Пуціным

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
Фота: president.gov.by

Сёння ў Сочы адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.

Лукашэнка вылецеў у Расею яшчэ ў пятніцу, 19 лютага. Да панядзелка ён перабываў на гарналыжным курорце Красная Паляна, што каля Сочы.

Да сустрэчы расейскае выданне «Коммерсантъ» паведаміла, што Лукашэнка і Пуцін амаль дамовіліся пра новы крэдыт дзейным уладам Беларусі. Кажуць, што беларускі бок хацеў бы атрымаць $ 3–3,5 млрд. Крыніцы расейскага выдання адзначаюць, што прынцыповыя пытанні ўжо развязалі, а адсоткі, тэрміны і памер сумы абмяркоўваюцца. З датай сустрэчы выданне не памылілася.

Hавiны
Лукашэнка сёння сустракаецца з Пуціным. Ці будзе гаворка пра $ 3 млрд?
2021.02.22 10:59

Ці абмяркоўвалі новы крэдыт, невядома. Прынамсі, Пуцін заявіў, што датацыі не галоўны складнік у стасунках між дзяржавамі.

«Аляксандр Рыгоравіч, вы згадалі пра фінансавае падтрыманне. Вы абсалютна маеце рацыю, гэта важна, але далёка не галоўнае. Галоўнае – гэта супольная праца для кааперацыі ў рэальным сектары эканомікі».

Абмеркавалі газавую тэму. Скарачэнне спажывання расейскага газу, сцвярджае Лукашэнка, Беларусь кампенсуе за кошт АЭС у Астраўцы. Да таго ж, у Горадні плануюць пабудаваць другі азотны камбінат.

Закранулі і дарожныя мапы, што датычаць інтэграцыі. У 2019-м іх не падпісалі, бо не знайшлі кансэнсусу ў пытаннях нафты, газу, падатковай палітыкі і адзінай валюты. Але над імі працуюць. Паводле Лукашэнкі, засталося дапрацаваць 6–7 мапаў. Іншыя ўжо гатовыя для падпісання.

Hавiны
Замест газу – АЭС, новыя інтэграцыйныя мапы. Пра што Лукашэнка і Пуцін размаўлялі ў Сочы
2021.02.22 17:39

Не забыліся і на пандэмію. У лютым і сакавіку Расея паставіць у Беларусь новыя партыі сваёй вакцыны. Яе Лукашэнка назваў найлепшай у свеце. Аднак толькі на ўсходняга суседа краіна не спадзяецца. Лукашэнка анансаваў беларускую вакцыну. І з’явіцца яна нібыта ўжо ўвосень.

Падлетка пасадзілі на 5 гадоў

Дзмітрый Карнееў (злева) і Мікіта Залатароў.
Фота: svaboda.org

17-гадоваму гомельцу Мікіту Залатарову прысудзілі 5 гадоў выхаваўчай калоніі за «масавыя беспарадкі» (артыкул 293 КК).

22 лютага суддзя Дзмітрый Дэбой вынес прысуд у гэтай крымінальнай справе.

Разам з падлеткам асудзілі яшчэ дваіх мужчынаў: 25-гадовага Дзмітрыя Карнеева пазбавілі волі на 8 гадоў, 28-гадовы Леанід Кавалёў пакараны 6 гадамі калоніі. Пракурор Яўген Фартушняк прасіў 6 гадоў для Залатарова, для Кавалёва – 7, Карнееву – 8.

Жыхароў Гомля, Гомельскага раёну і Добрушу вінавацілі ў масавых беспарадках, гвалце над міліцыяй, незаконных дзеяннях з гаручымі рэчывамі («кактэйлі Молатава»), а Леаніда Кавалёва – яшчэ і ва ўцягванні няпоўнагадовага ў супрацьпраўныя паводзіны.

Кавалёў і Залатароў сваёй віны не прызналі. Карнееў прызнаў часткова.

Мікіта Залатароў хварэе на эпілепсію. Ягоны бацька расказваў журналістам, што хлопца білі ў міліцыі і СІЗА. Афіцыйная праверка не знайшла складу злачынства. Вязень заявіў на судзе, што яго білі не толькі ў жніўні, але і 29 снежня ў гомельскім СІЗА. Паводле ягоных словаў, там яму не давалі таблетак.

Hавiны
16-гадоваму хлопцу з эпілепсіяй далі 5 гадоў калоніі за «масавыя беспарадкі»
2021.02.22 11:53

Пазбаўленнем волі можа скончыцца і яшчэ адна палітычна матываваная справа. Аляксея Лапу затрымалі 11 жніўня. Таксіст і ягоныя сябры паехалі ў гіпермаркет па ваду. На паркоўцы амапаўцы пачалі біць па аўтамабілі Аляксея. Ён з’ехаў, аднак хутка машыну спынілі. Кіроўцу і ягоных пасажыраў збілі.

Распачынаць крымінальную справу ў дачыненні амапаўцаў адмовіліся. А вось Аляксея абвінавацілі паводле артыкулу 364 («Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні службовай асобы»). Пракурор запытаў для яго тры гады зняволення.

Беларусы рыхтуюцца святкаваць Дзень Волі

Дзень Волі ў Менску, 24 сакавіка 2019.
Фота: «Белсат»

За час паслявыбарчых працэсаў у Беларусі не адбылося ніводнай легальнай маніфестацыі супраць дзейнай улады. А вось адзначаць 25 сакавіка плануюць санкцыяванай імпрэзай.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», арганізацыі і людзі, зацікаўленыя ў святкаванні Дня Волі, сустракаліся на мінулым тыдні.

«Цяпер ідзе абмеркаванне па фармаце і па магчымым удзеле. Справы рухаюцца цяжка, але не выключаю, што ўсё можа атрымацца», – сказаў «НН» старшыня БСДП Ігар Барысаў.

Перад падачай заяўкі ў Мегарвыканкам, згодна з новымі правіламі, трэба падпісаць дамовы з хуткай дапамогай і камунальнымі службамі. Гэтую працу ад імя грамадскай арганізацыі БНФ «Адраджэнне» пачаў Рыгор Кастусёў.

«З хуткай дамова ўжо існуе. Спадзяемся, што хутка будуць і дзве астатнія», – сказаў Кастусёў.

Калі дамовы падпішуць, будуць разглядаць і пытанне іншых падпісантаў заяўкі ў Менгарвыканкам. Месца імпрэзы пакуль не называецца. Паводле інфармацыі «НН», апазіцыя згодная на любую пляцоўку ў цэнтры Менску з цвёрдым пакрыццём, бо хвалюецца, што да таго часу ўвесь снег яшчэ не сыдзе.

Hавiны
Святкаванне Дня Волі можа быць легальным. Кастусёў пачаў перамовы
2021.02.22 15:22

Рыхтавацца да Дня Волі заклікае былая кандыдатка на прэзідэнцкую пасаду Святлана Ціханоўская.

«За апошнія месяцы Лукашэнка не проста давёў Беларусь да страшнага крызісу, але і стаў галоўнай пагрозай незалежнасці краіны. Мы ж бачым: ён спрабуе прадаць Беларусь па частках у абмен на крэдыты і падтрыманне, каб утрымацца яшчэ некалькі месяцаў. Але вясна ўжо блізка.

25 сакавіка – гэта Дзень Волі. Дзень нашай незалежнасці. І я заклікаю ўсіх беларусаў рыхтавацца да гэтага дня ўжо цяпер: мабілізаваць пратэставы дух, выбудоўваць бяспечныя супольнасці, планаваць вяртанне на вуліцы ўласных гарадоў. Бо адзіная сіла, здольная спыніць распродаж краіны, – гэта народ Беларусі.

25 сакавіка – гэта дзень, да якога мы аб’ядноўваем намаганні і заяўляем: мы разам супраць крызісу і за новую Беларусь», – сказала Святлана Ціханоўская.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў