Ці можна пісаць каментары пра Лукашэнку з-за мяжы? Чым гэта можа пагражаць?


З палітычных матываў цяпер заводзяць справы на беларусаў, якія жывуць за мяжою. Калі ўлады не могуць дацягнуцца да самаго чалавека, то з ператрусам прыходзяць да ягоных сваякоў. Або могуць затрымаць пасля перасячэння мяжы.

Ці можна завесці крымінальную справу на чалавека, які цяпер за мяжою?

Такія выпадкі ўжо ёсць. Напрыклад, мужчына напісаў каментар у суполцы «Беларусы ў Польшчы», і ў Беларусі на яго завялі крымінальную справу. Мы папрасілі юрыстку праваабарончай арганізацыі «Human Constanta» растлумачыць гэты прававы момант. Ейныя адказы:

На практыцы, калі чалавек знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы і здзейсніў злачынства на тэрыторыі Польшчы, то фармальна гэта не павінна выклікаць рэакцыі ў Беларусі. Але ёсць прынцыпы ўніверсальнай юрысдыкцыі – гэта значыць, што ў некаторых злачынствах можна заводзіць крымінальныя справы, нават калі яны былі здзейсненыя не ў Беларусі. Гэта злачынствы супраць чалавечнасці і гуманітарнага права: генацыд, прапаганда вайны, акт міжнароднага тэрарызму. І побач ёсць артыкул 130 КК РБ аб распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні. І менавіта паводле гэтага артыкулу ўлады Беларусі сталі заводзіць крымінальныя справы нават на тых, хто цяпер за мяжой, – на іхнае меркаванне, яны распальваюць варожасць у Беларусі.

Так, напрыклад, у Беларусі пачалі крымінальную справу супраць мэра Рыгі і міністра замежных справаў Латвіі.

Я выйшаў_ла на пікет за мяжою

Графіка «Белсату»

За сам пікет справу не могуць завесці. Але калі там тэматыка, якая ўладамі Беларусі расцэньваецца як распальванне варожасці (пасыл, тэма або плакат), то могуць распачаць крымінальную справу.

Артыкулы
Выйшаў на пікет у Варшаве і атрымаў крымінальную справу ў Беларусі
2022.01.16 19:28

Артыкул 130 мусіць быць дэкрыміналізаваны, прынамсі ў частках 1 і 2. Бо існуе мяжа свабоды выказванняў – ёсць тэст, які гэта можа ацаніць. У Беларусі, калі заводзяць справу, не ацэньваюць аўтараў гэтага выказвання, аўдыторыю, магчымасць наступстваў, рэальны гвалтоўны пасыл.

Я напісаў_ла каментар у суполцы

З каментарамі ў інтэрнэце трэба быць найбольш асцярожнымі. Большасць людзей, якіх прызналі палітвязнямі, пераследуюць паводле дыскрымінацыйных артыкулаў. Гэта ўсё, што звязана з абразай прадстаўнікоў улады, прэзідэнта і г. д. Людзі за пару словаў у інтэрнэце атрымліваюць рэальныя тэрміны.

Графіка «Белсату»

Таму фармальна, калі вы пішаце абразлівы каментар з-за мяжы, то справу могуць завесці. Але цяжка вызначыць, дзе чалавек быў, – можна сказаць, што людзі за мяжой у большай бяспецы, бо гэтыя выпадкі дакладна не трапляюць пад універсальную юрысдыкцыю. Але, напрыклад, чалавек з’ехаў у Беларусь, ягоны каментар усё яшчэ вісіць, умоўна могуць заявіць, што ён у дадзены момант распаўсюджвае свой пасыл. Агулам варта пісаць канструктыўныя каментары.

Я працую ў экстрэмісцкім фармаванні з-за мяжы

З экстрэмісцкімі фармаваннямі сітуацыя да канца не зразумелая, бо закон уступіў у сілу толькі ў чэрвені 2021 года. У кастрычніку 2021 года з’явілася пастанова Савету Міністраў, якая ўдакладняе, у якой форме весці спісы экстрэмісцкіх фармаванняў, згодна з якой працэдурай іх прызнаваць.

Графіка «Белсату»

Маем прыклады, калі «давешваюць» гэты артыкул на людзей, якія ўжо затрыманыя з палітычных матываў. Але закон, які абцяжарвае, не мусіць мець адваротнай сілы. Цяпер цяжка сказаць, куды пойдзе прававая практыка. Такое заканадаўства прымаецца, каб запужваць, таму думаю, што спіс экстрэмістаў будзе пашырацца, будуць заводзіць кропкавыя справы. І тут трэба разумець, што заведзеная крымінальная справа ў Беларусі накладае на людзей за мяжою пэўныя абмежаванні. Улады могуць падаць чалавека ў міжнародны вышук. І калі чалавек з такой крымінальнай справаю будзе перасякаць мяжу і спрацуе пазнака «міжнародны вышук», то фармальна чалавека могуць спыніць і пратрымаць нейкі час для высвятлення сітуацыі нават у трэцяй краіне, – нейкія нязручнасці могуць быць.

Ці могуць канфіскаваць маю маёмасць у Беларусі?

Графіка «Белсату»

Цяпер ГУБАЗік лабіюе чарговыя змены ў заканадаўстве – магчымасць асудзіць чалавека, нават калі той застаецца за мяжою, і канфіскоўваць маёмасць паводле артыкулу за экстрэмізм. Цяпер такіх заканадаўчых актаў няма, але ў любы момант гэта могуць увесці. Даць тэрмін плюс канфіскаваць маёмасць.

Парады
Тэлефон шмат ведае пра вас. Ці здасць ён вас КДБ?
2021.05.04 12:56

belsat.eu

Стужка навінаў