«Набліжае да нашых мэтаў». Юрыст Кірылюк распавёў, на што паўплывае расследаванне ФБР пра «Ryanair»


Улады ЗША выставілі абвінавачанні ў змове з мэтай здзяйснення акту паветранага пірацтва чатыром службовым асобам Беларусі з нагоды пасадкі ў Менску самалёта авіякампаніі «Ryanair». Міхаіл Кірылюк, сябра Каардынацыйнай рады, адказны за пытанні юстыцыі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, распавядае «Белсату» пра юрыдычныя і палітычныя наступствы такога рашэння.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pixabay

Хто і каго абвінавачвае

Мінюст ЗША паведамляе, што абвінавачанне ў змове з мэтай авіяцыйнага пірацтва выставілі гендырэктару «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуру, ягонаму намесніку Алегу Казючыцу, а таксама двум афіцэрам КДБ – імя аднаго невядомае, другі фігуруе ў дакументах як «Андрэй Анатольевіч». За пасадку самалёту «Ryanair» ім пагражае ад 20 гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага.

Адзначаецца, што абвінавачаныя «змовіліся выкарыстоўваць ілжывую пагрозу аб бомбе, каб незаконна змяніць маршрут самалёта» дзеля арышту Рамана Пратасевіча. Пры гэтым заяўляецца, што дзеянні беларускіх уладаў паставілі пад пагрозу жыцці больш як сотні пасажыраў самалёту, у тым ліку чатырох грамадзянаў ЗША.

Hавiны
ICAO выпусціла справаздачу адносна пасадкі рэйсу «Ryanair» у Менску
2022.01.18 08:19

Расследаванне праводзілі следчыя ФБР з аддзелаў барацьбы з тэрарызмам і контрразведкі. Справа ўжо перададзеная на разгляд акруговаму суддзі Полу Энгельмаеру. Пры гэтым у абвінаваўчым акце ёсць адзнака пра «выдадзены ордары на арышт».

Як адзначае пракурор Дэм’ян Ўільямз, абвінавачваныя парушылі міжнародныя стандарты «для дасягнення неналежнай мэты – задушэння іншадумства і свабоды слова».

«Мы поўныя рашучасці прыцягнуць да адказнасці ключавых удзельнікаў шакавальнай змовы (…), якія не толькі парушылі міжнародныя нормы і крымінальнае права ЗША, але і патэнцыйна паставілі пад пагрозу жыццё чатырох грамадзян ЗША і мноства іншых нявінных пасажыраў», – заявіў пракурор.

Hавiны
З’явіліся падрабязнасці справаздачы расследавання ICAO адносна пасадкі «Ryanair» у Менску
2022.01.18 15:33

У чым вінавацяць

У абвінаваўчым акце следчыя заяўляюць, што ўлады Беларусі сфабрыкавалі паведамленне пра пагрозу выбуху на борце. Паводле іх, гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чура разам з афіцэрам КДБ прыбылі ў аператыўны штаб Менскага раённага цэнтру кіравання паветраным рухам 23 траўня ў 9.45 раніцы паводле менскага часу, ці амаль за гадзіну да вылету самалёту з Афінаў. Яны «адмыслова распрацавалі пагрозу», паведамілі пра яе кіраўнікам цэнтру, а ўжо тыя перадалі ўказанні дыспетчарам.

Далей афіцэр КДБ асабіста кіраваў радыёсувяззю з самалётам, каб прымусіць рэйс разгарнуцца і распавядаў пра падзеі свайму калегу Андрэю Анатольевічу.

У расследаванні ўдакладняецца, што самалёт, якому пагражае выбух, трэба накіроўваць у бліжэйшы аэрапорт. Але рэйс «Ryanair» на загад прадстаўніка КДБ скіравалі ў менскі аэрапорт, хоць ён не быў найбліжэйшым.

Hавiны
Авіядыспетчар з Менску збег у Польшчу і раскрыў дэталі аперацыі КДБ па пасадцы самалёта «Ryanair» з Пратасевічам
2021.12.08 22:41

Пасля пасадкі самалёту супрацоўнік КДБ пакінуў дыспетчарскую і накіраваўся на ўзлётна-пасадачную паласу, дзе назіраў за сілавікамі і кантраляваў праверку пасажыраў. Адзначаецца, што сілавікі загадалі Раману Пратасевічу выйсці з натоўпу пасажыраў наперад і прадставіцца, «паказаўшы, што беларускія ўлады ведалі аб тым, што ён знаходзіцца на борце рэйса». Яго асобна ад усіх абшукалі на ўзлётна-пасадачнай паласе. Пазней была затрыманая і Сафія Сапега.

У дакуменце таксама прыводзяцца звесткі, якія раней адзначаліся ў справаздачы ICAO. У прыватнасці, што ліст з пагрозай пра бомбу Менск атрымаў істотна пазней за іншыя аэрапорты, якія нічога не паведамлялі пра пагрозу. Тым не менш дыспетчар пад кіраўніцтвам афіцэра КДБ заявіў экіпажу, што паступілі «масавыя паведамленні ва ўсе аэрапорты».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ІА / Белсат

Падкрэсліваецца, што ў сілавікоў не было абсталявання абясшкоджвання магчымага выбуховага прыстасавання. Пасажыраў выводзілі групамі і дазвалялі ім стаяць побач з рэчамі падчас ператрусу, што нетыпова пры пагрозе выбуху.

Абвінавачанне сцвярджае, што ўлады адразу пачалі хаваць дэталі здарэння. Гэтак, ужо 24 траўня Леанід Чура на прэс-канферэнцыі з іншымі афіцыйнымі асобамі заявіў, што ўсё рабілася паводле інструкцыі і ў адпаведнасці са службовымі абавязкамі, хоць «ведаў, што ён і ягоныя саўдзельнікі сфабрыкавалі ілжывую пагрозу». Ягонага намесніка Алега Казючыца ж вінавацяць у тым, што ён загадаў авіядыспетчарскім службам фальсіфікаваць справаздачы аб інцыдэнце, каб «схаваць фабрыкацыю пагрозы выбуху і выключыць ролю беларускіх спецслужбаў».

Хто цісне на ICAO?

Сам Казючыц ужо пракаментаваў «РИА Новости» высунутыя супраць сябе абвінавачанні. Ён заявіў, што афіцыйна яму не паведамілі пра высунутыя абвінавачанні.

Hавiны
«Белаэранавігацыя» пра пазоў ЗША па факце пасадкі «Ryanair»: Гэта не салідна
2022.01.21 13:16

Паводле яго, гэтая справа можа быць ціскам перад разглядам справаздачы Радай ICAO, паседжанне якой запланаванае на 31 студзеня.

«Наогул я расцэньваю гэта як поўную лухту», – паведаміў Казючыц.

Між тым Аляксандр Лукашэнка заклікаў ICAO «спусціць усё на тармазах, не лезці ў нетры», прыгразіўшы арганізацыі судовымі іскамі і кампенсацыямі шкоды ўсёй краіне.

«Бо чым далей у лес, тым больш дроў. Таму не трэба лезці ў нетры там: іх нічога добрага не чакае», – адзначыў ён.

Здалі свае ж?

На думку аўтара беларускага тэлеграм-каналу «Cynic», расследаванне «было немагчымым без «кратоў» унутры сістэмы Лукашэнкі. Разведка і контрразведка грунтуецца не столькі на «дзірах» у бяспецы звестак, колькі на прамых «кантактных асобах».

«Любая асоба, якое мінімальна звязаная з палётам, зараз можа атрымаць поўную бяспеку, калі пачне зліваць кавалачкі сістэмы па частках. У аперацыі натуральна ўдзельнічала больш за 4 чалавекі, і вось паказанні на іх будуць вітацца», – піша ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Астатнім жа ўдзельнікам пасадкі самалёту ён раіць або «спадзявацца, што сістэма «сваіх» не прыбярэ [з чаго б раптам ёй верыць?], або пад рэальныя гарантыі фізічнай і юрыдычнай недатыкальнасці перадаць інфармацыю ў Штаты, застаўшыся тамака назаўжды, змяніўшы знешнасць, пашпарт і г.д.». Не выключае ён і палявання на «вядзьмарак» унутры сістэмы.

«Ёсць магчымасць абвесціць у вышук»

На сённяшні момант расследаваная ФБР справа адносна злачынства беларускіх уладаў з’яўляецца самай моцнай з усіх, што былі распачатыя супраць прадстаўнікоў афіцыйнага Менску. Пра гэта ў каментары «Белсату» заявіў Міхаіл Кірылюк, юрыст, сябра Каардынацыйнай рады, адказны за пытанні юстыцыі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

«У Еўропе справы пачыналіся. Гэта асвятлялася ў медыях. А ў ЗША гэтага нічога не было. Яны зрабілі справу публічнай толькі тады, калі ўжо падалі абвінавачанне. А гэта дэманструе, што яны ўжо прасунуліся далей у расследаванні справаў, чым усе еўрапейскія краіны», – мяркуе юрыст.

Паводле яго, гэта ўжо канкрэтны юрыдычны крок, за якім можа пайсці выклік абвінавачаных у суд ЗША.

«Калі яны не з’явяцца, то тады ёсць магчымасць абвесціць іх у вышук», – адзначыў прадстаўнік НАУ.

«Не можа не ўплываць»

Эксперт цяпер не выключае паскарэння расследавання і падачы ў суд і іншых падобных справаў з боку іншых краін. Ён нагадаў, што справы ўжо пачатыя за пасадку самалёту ў Польшчы і Літве.

«Мне здаецца, што калі пракурор у ЗША знайшоў дастаткова доказаў, каб пачаць справу, то, напэўна, у гэтых краін таксама ёсць такая магчымасць», – дадаў Міхаіл Кірылюк.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Леанід Фаерберг / Russian Look / Forum

Не выключае ён, што «такая адзнака з боку пракуратуры ЗША не можа не ўплываць» і на паседжанне Рады ICAO 31 студзеня, на якой будзе разглядацца беларускае пытанне.

Пры гэтым, на яго думку, больш імаверна тое, што менавіта тэхнічная справаздача ICAO, якая ў тым ліку паказала ілжывасць паведамленняў пра бомбу на борце «Ryanair», спрасціла працу амерыканскай пракуратуры і наблізіла падачу справы ў суд.

Артыкулы
«Тэрарыст і злачынца». У нямецкім Нюрнбэргу абмеркавалі, як прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку і ягоных памагатых
2021.10.11 18:35

Пры гэтым юрыст не ўпэўнены, ці дапаможа падача гэтай справы ў суд прызнанню афіцыйных уладаў Беларусі тэрарыстычнымі, бо з аднаго боку ў дакуменце амерыканскай пракуратуры ўскладаецца на іх адказнасць, але з другога – гаворка ідзе пра чатырох канкрэтных асобаў.

«Але, безумоўна, гэтая справа нам на карысць. І яна нас да нашых мэтаў набліжае. Як з вызначэннем усяго рэжыму ці Лукашэнкі тэрарыстычным, гэтак і без яго», – дадаў прадстаўнік НАУ.

А вось у паспяховасць скаргі на еўрапейскія санкцыі супраць грамадзянскай авіяцыі Беларусі, на якую спадзяюцца ў Менску, юрыст наадварот не верыць.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў