Беларусы просяць прытулку ў Польшчы часцей, чым афганцы. Новыя звесткі польскіх уладаў

Колькі беларусаў захоча вярнуцца на радзіму пасля затрымання Іллі Вайцяховіча, які ехаў на пахаванне бацькі? А колькі захоча назаўжды выехаць з краіны?

Белорусы провели митинг возле здания Интерпола в Варшаве
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі і актывісты сабраліся ля будынку Інтэрполу. Людзі патрабуюць аховы беларусаў, якія цяпер знаходзяцца пад палітычным пераследам. На здымку – актывісты падпісваюць ліст з патрабаваннем спыніць супрацу арганізацыі з уладамі Беларусі. Варшава, Польшча. 4 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

Калі хтосьці кажа, што беларусы не ўцякаюць за мяжу, гэта хлусня. Возьмем свежую статыстыку польскай Управы ў справе замежнікаў (Urząd do spraw cudzoziemców) за мінулы год. Прытулак (міжнародную ахову) у Польшчы папрасілі 7,7 тыс. замежнікаў. Здагадайцеся з якой краіны паходзіць большасць уцекачоў? Правільна, з Беларусі. Ажно 2,3 тыс. нашых суайчыннікаў папрасілі прытулку. На другім месцы – Афганістан (1,8 тыс.), далей ідуць Ірак (1,4 тыс.), Расея (1 тыс.), Украіна (240).

Артыкулы
Ці можна пісаць каментары пра Лукашэнку з-за мяжы? Чым гэта можа пагражаць?
2022.01.22 13:11

У Польшчу не ўцякаюць пенсіянеры, выязджае пераважна моладзь. Амаль палову заяваў падалі асобы ва ўзросце 18–40 гадоў, а дзеці і моладзь да 18 гадовага ўзросту складаюць ажно 32 % агульнай колькасці ўцекачоў. Пра што гэта сведчыць? З краіны з’язджаюць маладыя сем’і з дзецьмі. У мінулым годзе міжнародную ахову ў Польшчы атрымалі 1150 беларусаў, Афганістан – 750, Расея – 90. З грамадзянамі, якія атрымаюць прытулак у Польшчы, Беларусь можа ўжо развітацца. Па-першае, паездка ў Беларусь будзе азначаць ануляванне прытулку, а па-другое, наступны крок беларусаў – атрыманне польскага грамадзянства. Да 2020 года беларусаў цяжка было знайсці ў спісах шукальнікаў прытулку і аховы (не лічачы ўцекачоў пасля выбараў 2010 года). Згадку пра беларусаў у папярэдніх рапартах удалося знайсці толькі ў дакументах за 2015 год. Тады прытулак атрымалі 14 грамадзянаў Беларусі. А тэндэнцыя не добрая, бо ў 2020 годзе «міжнароднай аховы» ў Польшчы прасілі 400 беларусаў. За год колькасць ахвотных вырасла ў шэсць разоў.

В центре Варшавы прошла акция «Дзяды»
У польскай сталіцы адбылася акцыя ўшанавання памяці продкаў. Беларусы Варшавы сабраліся каля помніка Тадэвушу Касцюшку і прайшліся шэсцем па вуліцах сталіцы Польшчы. 31 кастрычніка 2021 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Але ж не ўсе падаюцца на прытулак. Беларусы (37 тыс.) выйшлі на другое месца пасля ўкраінцаў (амаль 300 тыс.) сярод замежнікаў, якія маюць часовы або доўгатэрміновы від на жыхарства ў Польшчы. Толькі за дзевяць месяцаў мінулага года такі дакумент атрымалі 8,4 тыс. беларусаў. Не шмат? Калі ўлічыць статыстыку іншых краінаў ЕЗ, то атрымаецца, што з’ехала насельніцтва сярэднестатыстычнага беларускага гораду. Памятайма і пра тое, што больш за 160 тыс. грамадзянаў Беларусі атрымалі карту паляка (звесткі на лістапад 2021 года). Да падзеяў 2020 года большасць з прадстаўнікоў польскай меншасці ў Беларусі магла не думаць пра пераезд у Польшчу, але сітуацыя радыкальна змянілася пасля таго, што напаткала Саюз палякаў у Беларусі, а ў прыватнасці – Анджэліку Борыс і Анджэя Пачобута. Для ўладальнікаў карты паляка дарога да грамадзянства самая простая, хопіць толькі год пажыць і папрацаваць у Польшчы. Сябры СПБ, якія засталіся ў Беларусі, кажуць, што «выязджае ўжо кожны, хто толькі можа і мае сілы».

Паказальна і тое, што колькасць удзельнікаў самай папулярнай беларускай групы ў «Фэйсбуку» – «Беларусы ў Варшаве» – вырасла амаль да 19 тыс. (за апошні тыдзень – каля 300 новых варшаўскіх беларусаў). Вядома, пашпарт і прапіску там ніхто не правярае, але цікава, што ўсё больш беларусаў шукае там інфармацыю «як атрымаць сталы побыт» ці «як атрымаць польскае грамадзянства».

В центре Варшавы прошла акция «Дзяды»
У польскай сталіцы адбылася акцыя ўшанавання памяці продкаў. Беларусы Варшавы сабраліся каля помніка Тадэвушу Касцюшку і прайшліся шэсцем па вуліцах Варшавы, Польшча. 31 кастрычніка 2021 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

У жніўні польскае МЗС інфармавала, што за год Польшча выдала грамадзянам Беларусі ажно 150 тыс. візаў. Польскі рынак ахвотна праглыне працаўнікоў з Беларусі, нястача рабочай сілы і мазгоў адчуваецца амаль у кожнай галіне эканомікі. Калі чалавек працавіты, а яшчэ малады ды адукаваны, у яго ёсць усе шанцы пачаць новае жыццё. Зусім нядаўна адзін мой добры знаёмы перавёз усю сям’ю з Беларусі ў Гданьск. Не быў рэпрэсаваны, выехаў шукаць лепшага і спакайнейшага жыцця. Хутка асімілюецца, а яшчэ хутчэй – ягоны двухгадовы сын, які праз некалькі месяцаў пойдзе ў дзіцячы садок і лепш за бацькоў навучыцца гаварыць па-польску. У Беларусь не збіраюцца вяртацца, шукае польскія карані і збірае дакументы на грамадзянства. Такія прыклады можна множыць.

Нехта скажа, што мабільнасць людзей у ХХІ стагоддзі – гэта багацце кожнай краіны. Несумненна, асабліва гледзячы на ўкраінцаў. У Польшчы працуюць, але жывуць ва Украіне, там будуюць дамы, на радзіму прывозяць заробленыя ў Варшаве, Вроцлаве ці Познані грошы.

Колькі беларусаў захоча вяртацца дадому пасля навіны аб затрыманні Іллі Вайцяховіча, які ехаў на пахаванне бацькі з Латвіі? Або пасля затрымання пісьменніка і публіцыста Севярына Квяткоўскага, які вярнуўся ў Беларусь. Колькі беларусаў пачне збіраць дакументы, каб атрымаць від на жыхарства ці польскае грамадзянства? Ці праблема гэта для краіны, насельніцтва якой ужо трыццаць гадоў запар памяншаецца?

Hавiны
У Пінску вызвалілі Севярына Квяткоўскага
2022.01.22 16:56

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў