Пуцін настойвае на перамовах аб «дзяржаўнасці» паўднёвага ўсходу Украіны (абноўлена)


Расейскі лідар падкрэслівае неабходнасць спынення баявых дзеянняў ва Украіне, а расейская тэхніка і вайскоўцы ўсцяж застаюцца на Данбасе.



Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін лічыць, што ўлады Украіны мусяць пачаць перамовы пра ўрэгуляванне канфлікту на Данбасе з абмеркавання «дзяржаўнасці паўднёвага ўсходу краіны». Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю праграме «Воскресное время» на расейскім «Первом канале» 31 жніўня.

«Трэба неадкладна прыступіць да субстантыўных, змястоўных перамоваў, і не пра тэхнічныя пытанні, а пра пытанні палітычнай арганізацыі грамадства і дзяржаўнасці на паўднёвым усходзе Украіны, каб забяспечыць законныя інтарэсы людзей, якія там жывуць», – сказаў Пуцін.

Ён таксама заявіў, што на Данбасе трэба «спыніць баявыя дзеянні неадкладна і пачаць аднаўляць інфраструктуру».

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў адзначыў праз некаторы час, што ў заяве Пуціна гаворка ідзе не аб наданні дзяржаўнасці ДНР і ЛНР, а пра інклюзіўнасць перамоваў ўнутры самой Украіны, падае pravda.com.ua.

Паводле яго словаў, толькі Украіна можа дамовіцца з баевікамі аб урэгуляванні канфлікту, прыняўшы пад увагу інтарэсы насельніцтва. Пяскоў адзначыў, што нельга казаць аб дамоўленасці паміж прэзідэнтамі Расеі і Украіны, каб дасягнуць міру на Данбасе. «Гэта немагчыма. Таму што гэта не канфлікт паміж Расеяй і Украінай, а ўнутрыўкраінскі канфлікт», – сказаў Пяскоў.

Пасяджэнне кантактнай групы датычна дасягнення міру ва Украіне пройдзе ў Менску 1 верасня.

28 жніўня прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка прызнаў, што Расея ўвяла ва Украіну рэгулярнае войска. Некаторыя краіны свету назвалі ваенны канфлікт на Данбасе поўнамаштабнаю вайной. Расея дагэтуль не прызнала, што яе войскі ваююць ва Украіне. Паводле ААН, колькасць загінулых у канфлікце складае каля 3 тыс. асобаў.

МЯ, belsat.eu, паводле tsn.ua

Стужка навінаў