Паралакс: Як у кіно


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Сэндзі Скоглунд ніколі не дакументавала рэчаіснасць, а стварала сваю. Класік інсцэнізаванай фатаграфіі перажавала амерыканскую поп-культуру і зляпіла з яе новы сусвет.

Дачка шведскіх эмігрантаў, Скоглунд нарадзілася ў 1946 годзе ў Куінсі, і была звычайнай школьніцай, якая вучалася у звычайнай школе ў сярэдняй паласе Амерыкі. Уцёкамі з кансерватыўнай нармальнасці для яе сталі заняткі мастацтвам спачатку ў родным Масачусетсе, а потым ў парыскай Сарбоне. Там дзяўчына пазнаёмілася з французскай “новай хваляй” і зразумела, што найбольш дасканалым відам мастацтва ёсць фільм. Яна пачне вывучаць яго ў Нью-Ёрку, але так і не знойдзе сябе там. Вырашыць заняцца жывапісам, але спакою не знойдзе. Урэшце Сэндзі адкрые для сябе фатаграфію, каб застацца з ёй назаўжды. Скоглунд здымае рэдка, але метка: каля шасці месяцаў яна лепіць з гіпса вавёрак, сабак і ваўкоў, рыхтуе для іх адпаведную прастору, шукае статыстаў, каб потым зрабіць адзіны здымак.

“Радыёактыўныя коткі” былі ейнай асабістай прамовай у дыскусіі на тэму ядравай зброі, “Зялёны дом” стаўся ўнёскам у абмеркаванне тэмы парніковага эфекту, а ў “Помсце залатых рыбак” Сіндзі разважае пра стасункі чалавека з прыродай: згодна з яе воляй не чалавек бярэ рыбак у палон (скажам, хатняга акварыюма), а рыбы – чалавека.

Хтосьці з крытыкаў шукае карані шалёных пастановак у дадаізме і сюрэалізме, а хтосьці бачыць у іх уплыў дыснэйлэндаўскіх паркаў, фільмаў жахаў і тэлевізійнай рэкламы. Сама Скоглунд прызнаецца, што на працу яе натхняе Галівуд, і не бачыць нічога кепскага ў тым, каб нібы ў папкорнавай стужцы звяртацца не да розуму гледачоў, а да іх пачуццяў.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў