Украінскай лётчыцы Саўчанцы ў Расеі будуць месяц рабіць псіхіятрычную экспертызу


Савецкі раённы суд Варонежу задаволіў хадайніцтва следства, каб працягнуць арышт ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі да 30 кастрычніка, перадае «РИА Новости».



Раней абарона Саўчанкі неаднаразова заяўляла пра гатоўнасць амбасады Украіны ў Расеі выплаціць заклад, спачатку ў памеры Ru 0,5 млн, а пазней – Ru 1 млн рублёў. Суд гэтыя прапановы адхіліў.

Сама Надзея Саўчанка паведаміла суду, што знаходзіцца ў Расеі з 24-га чэрвеня, а не з 30-га, як гаворыцца ў судовых паперах.

У бліжэйшы час Саўчанку этапуюць з Варонежа ў Маскву для правядзення псіхіятрычнай экспертызы, паведаміў ейны адвакат Марк Фейгін. «Найбліжэйшым часам Надзею Саўчанку змесцяць на месяц у інстытут імя Сербскага (Масква) на судовую псіхолага-псіхіятрычную экспертызу», – заявіў Фейгін.

Саўчанка ваявала на Данбасе ў складзе батальёну «Айдар». Па версіі следства, яна перасекла дзяржаўную мяжу без дакументаў пад выглядам уцякачкі, пасля чаго апынулася ў СІЗА на тэрыторыі Расеі. Сама Саўчанка сцвярджае, што яна была выкрадзена тэрарыстамі і перададзена расейскім праваахоўнікам. Саўчанку вінавацяць у забойстве расейскіх тэлежурналістаў пад Луганскам.

Парашэнка ўзнагародзіў Надзею Саўчанку ордэнам «За мужнасць» III ступені. 27 жніўня лётчыцу судзілі ў Варонежы.

МЯ, belsat.eu, паводле tvrain.ru

Стужка навінаў