Адукацыйны застой


Грошай і свабоды… не стае беларускай сістэме адукацыі для таго, каб быць канкурэнтнай заходнім аналагам. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі круглага стала «Прафесійна пра актуальнае», які прайшоў у Менску.

{movie}Адукацыйны застой (26.08.14) |right|18101{/movie}

МІХАІЛ ПАСТУХОЎ, ПРАФЕСАР:
«У такім выглядзе нашая сістэма адукацыі працуе, фактычна, на халастых абаротах. Гэта – нішто іншае, як стагнацыя».

І гэта нягледзячы і на тое, што колькасць абітурыентаў у Беларусі высокая нават паводле сусветных стандартаў. У 2012 годзе агулам ува ўсіх ВНУ краіны навучалася чатыры з паловаю адсоткі насельніцтва. Гэта – істотна менш, чым у Злучаных Штатах, але больш, чым у Расеі ды шмат якіх краінах Еўразвязу.

Але адставанне, паводле незалежных экспертаў, усё больш праяўляецца ў якасці адукацыі.

МІХАІЛ ПАСТУХОЎ, ПРАФЕСАР:
«Дзейная ўлада не хоча ўспрымаць еўрапейскіх стандартаў».

І пачынаецца ўсё гэта са школьнай лавы. Як тлумачаць настаўнікі, захаваная ў Беларусі савецкая мадэль адукацыі кардынальна адрозніваецца ад еўрапейскай ужо ў малодшых класах.

ВОЛЬГА МАЁРАВА, НАСТАЎНІЦА ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАЎ:
«Нашыя праграмы і ўвогуле ўся сістэма адукацыі настроеная на тое, каб дзіця паўтарала тое, што яму даецца ў гатовым выглядзе. Дзяцей не вучаць выкладаць уласнае меркаванне, не вучаць спрачацца, не вучаць чуць адзін аднаго».

А ці задаволеныя ўзроўнем айчыннай адукацыі самі беларусы? На вуліцах Менску меркаванні падзяліліся паводле ўзроставай прыкметы.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
«Напрыклад, калі мы едзем, жадаем паехаць працаваць, напрыклад, у тую ж Чэхію, мы павінны давучвацца або здаваць нейкія там тэсты».
«Нават незразумела, чаму не прызнаюць нашых дыпломаў, я лічу, нашая адукацыя – вышэйшая і лепшая, чым, скажам, у Расеі, у краінах Балтыі».
«Тая адукацыя, якая закладзеная на сёння, мне падаецца, што яна дастаткова канкурэнтная не толькі з краінамі Еўропы».
«Я лічу, што нашая сістэма адукацыі – недасканалая, у ёй няшмат новых тэхналогіяў».

Эксперты тлумачаць – недахоп актуальных матэрыялаў, па-першае, пытанне грошай. Сёлета, напрыклад, адукацыйны бюджэт – меншы, чым летась, пры тым, што на ўнутраныя сілы бяспекі ўлады выдаткавалі на 20 % болей, чымся летась.

БЮДЖЭТ 2014 Г. У ПАРАЎНАННІ З 2013-ЫМ

КДБ + 23 %
МУС + 22 %
АДУКАЦЫЯ – 0,6 %

АНАТОЛЬ ПАЎЛАЎ, МАДЭРАТАР ДЫСКУСІІ:
«Дзяржава з кожным годам змяншае фінансаванне, больш за тое, калі ёсць праблемы, забіраюць у медыцыны і адукацыі.»

Але галоўнае – падыход. На Захадзе мадэль адукацыі заточаная на заахвочванне студэнта да ўласнага пошуку інфармацыі, яе крытычнага аналізу ўмення падаць ды адстаяць тэзіс. Эксперты ўзгадваюць, гэткія прынцыпы былі закладзеныя ў першую рэдакцыю закону аб навучанні, прынятага ў 1991 годзе. Але пазней….

АНАТОЛЬ ПАЎЛАЎ, МАДЭРАТАР ДЫСКУСІІ:
«З той рэдакцыі ўсе дэмакратычныя артыкулы былі выхалашчаныя».

Адсутнасць рэальнага студэнцкага самакіравання, выбарнасці акадэмічнага кіраўніцтва і жорсткі ідэалагічны кантроль над выкладаннем і матэрыяламі з боку Адміністрацыі прэзідэнта – прычына, праз якую Беларусь дагэтуль не прынялі ў Балонскі працэс – праграму гарманізацыі еўрапейскіх дыпломаў, у якой бяруць удзел нават Расея і Казахстан.

Станіслаў Івашкевіч, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў