У ДНР на Дзень Незалежнасці Украіны змусяць палонных прайсціся маршам


Тэрарысты ДНР вырашылі правесці ў Данецку вайсковы парад 24 жніўня, у Дзень незалежнасці Украіны, пішуць расейскія медыі, спасылаючыся на інфармацыю ад сепаратыстаў.

«Парад пройдзе ў цэнтры гораду. Там жа, на плошчы Леніна, будзе выстаўлена захопленая ў арміі вайсковая тэхніка», – заявіў прадстаўнік штабу тэрарыстаў на старонцы «Наваросіі» ў інтэрнэце.

Ён дадаў, што прэм’ер-міністр самаабвешчанай ДНР Аляксандр Захарчанка падпісаў адпаведны загад. Падрыхтоўка да параду ўжо пачалася – на плошчы Леніна ідзе ўстаноўка вайсковай тэхнікі.

Намеснік міністра абароны ДНР Сяргей Пятроўскі паведаміў, што на Дзень незалежнасці Украіны ў Данецку пройдзе парад украінскіх палонных: «Ну, і палонных карнікаў правядзем па горадзе, як іх натхняльнікаў-немцаў калісьці правялі па Маскве».

Тэрарысты, а таксама расейскія дзяржаўныя прапагандысты называюць новыя ўлады Украіны пасля ўцёкаў колішняга прэзідэнта Віктара Януковіча ў Расею «фашысцкімі» і «бандэраўскімі».

Вайсковыя дзеянні паміж тэрарыстамі і дзяржаўнымі войскамі трываюць ва Украіне з сярэдзіны сакавіка. Паводле ААН, з гэтага часу да сярэдзіны жніўня ва Украіне загінула больш за 2 тыс. мірных жыхароў, 5 тыс. паранены.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў