«Еўразвязу «да лямпачкі», дзе менавіта адбудуцца перамовы па украінскім пытанні»


Улады Беларусі і асабіста Аляксандр Лукашэнка хочуць выступіць у ролі аўтарытэтных пасярэднікаў ды палепшыць свой імідж на Захадзе праз правядзенне шматбаковых перамоваў па украінскім пытанні. Гэндрык Вос, прафесар, дацэнт універсітэту г. Гэнт у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» патлумачыў, чаму Еўразвяз згодны на такі сцэнар і чаму Захад не збіраецца ангажавацца ва ўзброены канфлікт.

{movie}«Еўразвязу «да лямпачкі», дзе менавіта адбудуцца перамовы па украінскім пытанні»|right|18037{/movie}

– Што Еўропа можа чакаць ад сустрэчы 26 жніўня ў Менску?

– Цяжка займацца прадказаннямі, вядома ж. Але гэта ўжо добры знак, што будзе нейкая гутарка, нейкая сустрэча. Усе яе ўдзельнікі згадзіліся прыйсці на гэтую сустрэчу. Гэта ўжо вялікі поспех! Урэшце, дыпламатыя – адзіны шлях развязання гэткага роду канфліктаў. Ніякі бок не зацікаўлены ў далейшай эскалацыі расейска-ўкраінскага канфлікту. І яны цудоўна ўсведамляюць тое, што ім трэба ўрэшце сесці за стол перамоваў. А мы можам толькі спадзявацца, што пасля гэтай сустрэчы з’явяцца нейкія знакі дээскалацыі канфлікту і ніякай іншай эскалацыі больш не будзе на парадку дня.

– А ці не засмучае Еўропу той факт, што гэты стол перамоваў размяшчаецца ў краіне апошняга дыктатара Еўропы?

– Ёсць сапраўды вельмі інтрыгавальны момант ува ўсім гэтым. Але, я думаю: усе бакі перамоваў, а асабліва Еўрапейскі Звяз, усведамляюць усю важнасць гэтых перамоваў. І важна таксама для іх проста знайсці месца, прымальнае ў тым ліку і для расейскага боку. А мы ведаем, што ва ўсходняй Украіне цяпер шмат прарасейскіх баевікоў… Для Еўрапейскага Звязу не мае вялікага значэння, дзе пройдуць перамовы. Была зробленая прапанова, каб гэтыя перамовы прайшлі ў Менску, і Еўразвяз згадзіўся прыняць гэтую прапанову. Яго чыноўнікі не знайшлі неабходным шукаць нейкую іншую кропку, дзе гэтыя перамовы могуць прайсці. Самае важнае тое, што ўсе бакі перамоваў згадзіліся прыйсці, браць удзел у гэтых перамовах. Гэта самае важнае! А не тое, дзе яны праходзяць. Нам настолькі патрэбныя гэтыя перамовы, бо нам патрэбна дээскалацыя канфлікту, і мы таксама хочам, сярод іншага, даць магчымасць Пуціну выратаваць свой твар. І ЕЗ на гэты момант не надае шмат увагі месцу, дзе пройдуць перамовы і выніковыя прэс-канферэнцыі. Мы проста хочам, каб усе бакі канфлікту селі за адзін стол. І Еўразвязу цяпер, прабачце, “да лямпачкі”, дзе гэты стол месціцца.

– Вы згадалі, што Пуцін хоча выратаваць свой твар. А вось папярэднік, палітолаг з Бруселю лічыць, што Пуціну гэта не трэба…

Мы маем 28 краінаў-сябраў, кожная з якіх часам цягне коўдру на сабе, бо мае свае ўласныя інтарэсы ў тым ці іншым пытанні. І таму ЕЗ вельмі няпроста размаўляць адным голасам у сітуацыі, калі гэтых галасоў цэлы хор.

– У міжнароднай палітыцы кожны тым ці іншым чынам хоча захаваць твар. Мы бачылі раней, за апошнія некалькі месяцаў, вельмі цяжкія канфлікты, калі было вельмі няпроста для розных бакоў давесці, што яны маюць рацыю. Яны рабілі пэўныя заявы, яны мелі пэўныя інтарэсы і яны абаранялі свае інтарэсы і ўвесь час, заўсёды, намагаліся захаваць свой твар, давесці сваю правату. І ў міжнароднай палітыцы заўсёды гэтак. Я думаю, Еўрапейскі Звяз у гэтым украінскім канфлікце вёў сябе, магчыма, часам не вельмі разумна. З аднаго боку, прапаноўваючы безумоўную дапамогу ўкраінскім уладам, а, з іншага боку, у пэўным сэнсе ігнаруючы, не надаючы дастаткова ўвагі таму, што адбываецца ў Расеі. І не надаючы дастаткова ўвагі таму, які гандлёвае пагадненне ці пагадненне аб асацыяцыі Украіны з Еўрапейскім Звязам мае ўплыў на Расею. І таму Еўразвяз, на маю думку, вёў сабе не заўсёды разумна і абдумана за апошнія некалькі месяцаў.

– Ці лічыце Вы, што тыя захады, што прымае Еўропа, дастатковыя? Ці не варта было б выкарыстаць вайсковую сілу, напрыклад, міратворчыя сілы НАТО, як гэта было ў былой Югаславіі?

– Рабіць больш – гэта не так проста, бо, з аднаго боку, калі ты ідзеш на далейшую мілітарызацыю канфлікту, гэта вельмі рызыкоўная справа. Расея – гэта супердзяржава з ядраваю зброяй, а з еўрапейскага боку НАТО таксама мае ядравую зброю. Гэта вельмі рызыкоўная справа – пайсці цяпер па ваенным шляху вырашэння канфлікту. А калі мілітарызацыя канфлікту – не шлях і войскі НАТО не пасылаюцца на мейсца, у выкарыстанні – эканамічныя санкцыі. І гэта якраз тое, што Еўразвяз зрабіў. Асабліва гэта было апраўдана пасля таго, як збілі авіялайнер над Украінаю. Але калі мы возьмем эканамічныя санкцыі, абодва бакі канфлікту – прагулялі. Еўразвяз таксама! Ніхто не зацікаўлены ў далейшай эканамічнай эскалацыі ці эскалацыі эканамічнага аспекту канфлікту.

У нас 28 краінаў-сябраў, і мы мусім дамовіцца, прыйсці да адзінага рашэння сярод гэтых 28-мі краінаў. Некаторыя з гэтых краінаў – залежныя ад рынкаў расейскага экспарту, іншых турбуюць больш пытанні правоў чалавека, дэмакратыі і гэтак далей. Але мы маем 28 краінаў-сябраў, кожная з якіх часам цягне коўдру на сабе, бо мае свае ўласныя інтарэсы ў тым ці іншым пытанні. І таму ЕЗ вельмі няпроста размаўляць адным голасам у сітуацыі, калі гэтых галасоў цэлы хор. І прыйсці да нейкага пэўнага набору санкцыяў.

– Да чаго ўрэшце можа прывесці гэтая гульня з эмбарга і санкцыямі паміж Расеяй і Еўропаю?

– Цяжка зноў жа рабіць нейкія прадказанні. Але, калі ўсталёўваць гандлёвыя бар’еры паміж краінамі, мы ведаем, што абодва бакі ў гэтым канфлікце прагуляюць. Але гэта праўда, што на гэты момант расейская эканоміка – у вельмі кепскім стане, і, напрыклад, забарона Еўрапейскага Звязу набываць аблігацыі расейскіх банкаў мела вельмі негатыўны і цяжкі ўплыў на эканоміку Расеі. Магчыма, Расея губляе больш у гэтым канфлікце, чым ЕЗ. Але ўсё роўна і для Еўразвязу, і асабліва для некаторых краінаў, для пэўных сектараў еўрапейскай эканомікі цяжкая сітуацыя на гэты момант. Вы ўжо чулі, што, напрыклад, у Вугоршчыне і ў Славаччыне людзі гавораць, што гэта было не вельмі разумна з боку ЕЗ умешвацца ў канфлікт паміж Украінаю і Расеяй, бо цяпер мы маем вялікія праблемы ў звязку з гэтым. Унутры Еўразвязу няма адзінай пазіцыі ў гэтым пытанні.

– Ці мае Еўропа эфектыўныя інструменты, каб спыніць вайну ва Украіне?

Не важна, дзе стаіць гэты стол перамоваў, важна, што ён недзе стаіць. І ёсць людзі, бакі канфлікту, якія хочуць сесці за гэты стол і паразмаўляць адно з адным. Дыпламатыя мусіць зрабіць сваю працу, выканаць сваю місію.

– Эканамічныя санкцыі – гэта і ёсць той інструмент, які мае Еўразвяз. Бо вайсковае ўмяшанне ў канфлікт цяпер нават і не ляжыць на стале прапановаў. Бо гэта, як я ўжо адзначаў, занадта рызыкоўная справа. Проста занадта небяспечная! Эканамічныя санкцыі – гэта ўсё, што мы можам зрабіць, і тое, што мы выкарыстоўваем. Але гэта ўсё неадназначнае. Бо мы цудоўна ўсведамляем, што ўздзейнічаем не толькі на расейскую эканоміку і на ўлады Расеі, іншы канец палкі б’е па нас саміх. Цярпяць страты еўрапейскія кампаніі, нашыя бізнесы. Але існуюць прынцыпы, фундаментальныя прынцыпы, якія больш важныя за эканамічныя страты. Напрыклад, калі збілі гэты малайзійскі лайнер ва ўсходняй частцы Украіны, у Еўразвязу не заставалася іншага выбару, апроч таго, як выкарыстаць санкцыі. Цяпер мы маем санкцыі на наступныя 6 месяцаў. А далей мы паглядзім. Я думаю, што ЕЗ спадзяецца на дээскалацыю канфлікту цягам некалькіх будучых тыдняў ці месяцаў. І менавіта таму гэтыя перамовы ў Менску 26-га жніўня такія важныя. І менавіта таму Еўразвязу не важна, дзе яны адбываюцца. Не важна, дзе стаіць гэты стол перамоваў, важна, што ён недзе стаіць. І ёсць людзі, бакі канфлікту, якія хочуць сесці за гэты стол і паразмаўляць адно з адным. Дыпламатыя мусіць зрабіць сваю працу, выканаць сваю місію. Бо гэта адзіны шлях, адзіны разумны шлях вырашыць гэткага кшталту канфлікт.

– Што мусіць і можа быць зробленае, каб тэрмінова спыніць гэтую вайну ва Украіне?

– Адзіны шлях развязаць, спыніць гэты канфлікт, як я ўжо сказаў, – гэта размаўляць, гэта дыпламатыя, гэта працягваць размаўляць. З аднаго боку, часам спрабуючы зразумець, прымаючы да ўвагі клопаты расейскага боку, іхныя інтарэсы, а, з іншага боку, стоячы цвёрда на фундаментальных прынцыпах, на якіх пабудаваны Еўрапейскі Звяз. Гаворка ідзе аб дэмакратыі, аб правах чалавека, аб тэрытарыяльнай цэласнасці. Еўразвяз мусіць таксама цвёрда стаяць на гэтым прынцыпе з тым, каб пераканаць іншы бок, што гэта ўсё вельмі важныя пытанні. Гэта не толькі калі мы гаворым пра канфлікт на Украіне, а наагул у глабальным кантэксце. Дыпламатыя важная, з аднаго боку, але фундаментальныя прынцыпы таксама істотна важныя.

Гутарыў Алесь Сіліч, belsat.eu

Стужка навінаў