У Венесуэле прадаваць тавары будуць па адбітках пальцаў


Прэзідэнт Венесуэлы Нікаля Мадура абвесціў аб увядзенні ва ўсіх харчовых крамах абавязковай сістэмы сканавання адбіткаў пальцаў. Па словах уладаў, гэты крок накіраваны на барацьбу з недахопам харчоў і кантрабандай.



Чакаецца, што сістэма абавязковай дактыласкапіі ў супермаркетах будзе ўведзеная праз некалькі месяцаў – бліжэй да Новага года.

Апазіцыя краіны рэзка асудзіла гэтыя планы ўраду. На думку крытыкаў, зняцце адбіткаў пальцаў пры набыцці ежы абазначае нармаванне харчавання і парушае недатыкальнасць прыватнага жыцця.



У крамах Венесуэлы нярэдка можна ўбачыць пустыя паліцы. Жорсткая манетарная палітыка і недахоп замежнай валюты робяць цяжкім любы імпарт, а спробы заканадаўча стрымаць рост коштаў не дапамагаюць: вытворцы скардзяцца, што некаторыя тавары каштуюць настолькі танна, што ледзь пакрываюць сабекошт.

Са звестак Цэнтрабанку краіны, на пачатку 2014 года ў крамах Венесуэлы адсутнічала прыкладна чвэрць асноўных прадуктаў харчавання.

Паводле падлікаў уладаў, амаль 40% харчоў, вытворчасць якіх падтрымліваецца дзяржавай, незаконна вывозяцца ў Калумбію, дзе прадаюцца па больш высокіх коштах.

Апазіцыя Венесуэлы абвінавачвае ў эканамічным крызісе правальную сацыялістычную палітыку дзяржавы апошніх 15-ці гадоў, ініцыяваную былым прэзідэнтам Уга Чавэсам.

МЯ, belsat.eu, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў