У ЗША вылечылі першых людзей, заражаных Эболай


Двое амерыканцаў, якія заразіліся ліхаманкай Эбола ў Ліберыі, цалкам вылечыліся і былі выпісаныя са шпіталю.

33-гадовы лекар Кент Брэнтлі і 59-гадовая Нэнсі Райтбал працавалі ў хрысціянскай дабрачыннай арганізацыі «Samaritan’s Purse». У Афрыцы яны займаліся місіянерскай дзейнасцю.

Пасля заражэння вірусам Эбола тры тыдні таму іх даставілі з Ліберыі ў ЗША на лячэнне. Пасля лячэння дактары выпісалі іх, пераканаўшыся, што яны не ўяўляюць пагрозы для навакольных.

«Я шчаслівы быць жывым, нармальна сябе адчуваць і зноў быць у коле сям’і. Я ніколі не думаў, што апынуся ў падобнай сітуацыі», – сказаў спадар Брэнтлі на прэс-канферэнцыі ва ўніверсітэце Эмары. Пасля ўспышкі эпідэміі Эболы ў Заходняй Афрыцы сям’я Брэнтлі вярнулася ў ЗША, а сам ён працягнуў аказваць дапамогу хворым. Цяпер сям’я зноў уз’ядналася.

Нэнсі Райтбал пакінула шпіталь, не прыцягваючы ўвагі прэсы. Муж місіянеркі паведаміў, што яна вылечылася ад віруса, але хвароба яе вельмі знясіліла.

Афіцыйна адобранага сродку лячэння ад віруса Эбола не існуе. Лекары давалі Брэнтлі і Райтбал эксперыментальны лек «Zmapp». Сродак раней не ўжываўся пры лячэнні людзей, і пакуль не зразумела, ці стаў ён галоўным фактарам у выздараўленні місіянераў.

«Zmapp» таксама выкарыстоўвалі пры лячэнні іспанскага місіянера, які ўсё ж памёр, а таксама трох ліберыйскіх медпрацаўнікоў, стан якіх крыху палепшыўся.

З лютага 2014 года ад ліхаманкі Эбола памерлі каля 1400 чалавек.



МЯ, belsat.eu, паводле Бі-Бі-Сі

Стужка навінаў