Актывісты запланавалі 21 пікет за бязвізавы рух з Польшчай і Літвой


Дзеячы кампаніі „За малы памежны рух” пры падтрыманні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі падалі заяўкі на правядзенне 21-го пікету ў падрыманне бязвізавага руху з Польшчай і Літвой. Ініцыятары звярнуліся да мясцовых ўладаў 19-ці прымежных з Польшчай і Літвой гарадоў па дазвол на правядзенне масавых акцыяў.

Мэтай правядзення пікетавання актывісты пазначылі: „Інфармаванне грамадзянаў аб сітуацыі з рэалізацыяй пагаднення аб малым прымежным руху паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча і збор подпісаў у Міністэрства замежных справаў Беларусі з просьбай паскорыць увядзення ў дзеянне гэтага пагаднення”.

Адзін з ініцыятараў кампаніі „За малы памежны рух!” Зміцер Кухлей адзначыў: „Мы хацелі бы распавесці жыхарам прымежных беларускіх гарадоў наконт пераваг і асаблівасцяў увядзення малога памежнага руху з Польшчай і Літвой. У нашых суседзяў – Украіны і Расеі – жыхары прымежных рэгіёнаў ужо некалькі гадоў карыстаюцца выгодамі бязвізавага руху з краінамі Еўразвязу. Мы спадзяемся на хуткую рэалізацыю існуючых дамоваў Беларусі з Польшчай і Літвой. Тым больш, што з гэтага года беларускія ўлады актывізавалі перамовы з ЕЗ наконт візавай лібералізацыі”.

Пікеты запланаваны на канец жніўня і пачатак верасня гэтага года. Калі ўлады дазволяць, акцыі маюць адбыцца ў 19-ці гарадах і селішчах, якія ўваходзяць у зону дзеяння дамовы аб малым памежным руху з Польшчай і Літвой: Берасце, Высокае, Жабінка, Камянец, Маларыта, Пружаны, Горадня, Свіслач, Вялікая Бераставіца, Ваўкавыск, Скідзель, Масты, Астравец, Ашмяны, Воранава, Іўе, Ліда, Шчучын, Смаргонь.

МЯ, belsat.eu, паводле bchd.info

Стужка навінаў