Паралакс: Лепшы сябра капірайтэра


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.



Рэкляма цыгарэт, зубной пасты і кавы ягонага аўтарства вісіць цяпер у музеях і мастацкіх галерэях. Чалавекам, які прымусіў фатаграфію прадаваць і прадавацца, быў фатограф-самавук Віктар Кеплер.

Ён нарадзіўся ў 1904 годзе у Нью-Ёрку, у сям’і эмігрантаў. Яшчэ падлеткам Віктар абсталяваў у бацькоўскім склепе на вугаль уласную лабараторыю, дзе ўвесь вольны час праводзіў за фотахімічнымі вопытамі.

Ягоны вылет з гнязда супаў па часе з амерыканскім рэкламным бумам: у другой палове 20-х рэкламныя агенцыі з’яўляліся штодня, і працы фатографу хапала. Найбольш цесна ён супрацоўнічаў з рэкламным гігантам BBDO. Капірайтэры з удзячнасці нават прыдумалі для таленавітага майстра слоган: “Гэта можа быць зроблена – тэлефануй Кеплеру”.

На фоне большасці фатографаў, якія трымаліся спраўджаных практык, Кеплер быў рэвалюцыянерам, імгненна прымяняючы ў рэклямным бізнэсе ўсе магчымыя здабыткі фатаграфічнага прагрэса. Ён першым выкарыстаў у рэкламнай фатаграфіі каляровую стужку і лямпу-бліскавіцу, а барвовы карбонавы друк дык і увогуле стаў ягонай візітоўкай.

Чорна-белая стужка была зарэзерваная ім для рэпартажаў (Кеплер быў сталым аўтарам The Saturday Evening Post ды Cosmopolitan) і вандровак (фатограф аб’ездзіў Штаты, Канаду і Еўропу). Але й самы вядомы рэкламны твор Кеплера – таксама чорна-белы.

Масавая вытворчасць распушачальнай кавы была вынікам сумесных высілкаў бразільскага ўраду і швайцарскай карпарацыі Nestle па перапрацоўцы лішкаў кавы: першая бляшанка Nescafe была выпушчаная ў 1938 годзе. Падчас вайны часу на каву ў Кеплера не было: фатограф працаваў над прапагандысцкімі плакатамі на замову Скарба ЗША. Кававую сэсію з Мартай Скот, тагачаснай кіназоркай другога плану, Кеплер зладзіць у 1946 годзе. Свежы, як на той час, ні на што не падобны, мадэрністычны фотамантаж вялікага эксперыментатара дапаможа зарабіць мільёны вытворцам кававага сублімату. Другімі памочнікамі былі амерыканскія жаўнеры, што пілі яго на фронце (амерыканскія заводы Nestle працавалі падчас вайны на патрэбы арміі) – яны прывезлі гэтую звычку дамоў і прышчапілі яе свамі блізкім.

Кеплер быў сведкам, як фатаграфія ажывае і становіцца фільмам, а сам зрабіў адваротнае: на адным здымку паказаў маленькі фільм.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Стужка навінаў