У Магілёве ціснуць на журналістаў. Падрыхтоўка да выбараў 2015 года?


Незалежных магілёўскіх журналістаў Алеся Буракова і Міхася Аршынскага вінавацяць у супрацы з «Белсатам» без акрэдытацыі. Міліцыя распачала разбіральніцтва.

У кастрычніку 2013 года незалежны тэлеканал паказаў рэпартаж пра магілёўскія трушчобы і людзей, якія ў іх жывуць. Сёлета 18 жніўня міліцыянты выклікалі на допыт Алеся Буракова, бо, як адзначылі, атрымалі на яго справу з КДБ.

Раней КДБ-шнікі завіталі да герояў рэпартажу, які паказаў «Белсат», ды паказалі тры фатаграфіі, на адной з якіх быў Алесь, а на іншай – аператар Міхась Аршынскі. Нехта з апытаных людзей нібыта прызнаў Алеся за аўтара матэрыялу, іншыя ўказалі на Міхася, якога таксама выклікалі ў міліцыю. Фрылансерам паведамілі, што супраць іх распачалі адміністратыўныя разбіральніцтвы.

Незалежныя журналісты адзначаюць, што з тэлеканалам «Белсат» не супрацоўнічаюць.

Адміністрацыйная адказнасць наступае з моманту здзяйснення правапарушэння, адзначыў сайт праваабаронцага цэнтру «Вясна». Прыцягнуць да адказнасці за падобнае правапарушэнне можна цягам двух месяцаў, і калі лічыць, што рэпартаж быў паказаны на «Белсаце» ў кастрычніку мінулага года, то ўсе тэрміны ўжо даўно прайшлі. Алесь Буракоў мяркуе, што, верагодна, КДБ вырашыла нагадаць пра сябе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў