Мікалай Статкевіч прапанаваў вылучыць адзіным кандыдатам палітвязня


Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі і палітзняволены Мікалай Статкевіч прапанаваў апазіцыі вылучыць адзіным кандыдатам на выбарах кіраўніка дзяржавы 2015 года апазіцыйнага лідара, які мае «палітычную судзімасць» або нават знаходзіцца паводле палітычных матываў у турме, паведамляе сайт statkevich.org.



На думку Статкевіча, які адбывае пакаранне паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года, ва ўмовах адсутнасці дэмакратычных выбараў у Беларусі апазіцыя павінна сканцэнтравацца на падрыхтоўцы масавых вулічных пратэстаў.

Кіраванне людзьмі на вуліцы, на думку Статкевіча, можа ажыццяўляць толькі адзіны кандыдат у прэзідэнты, бо ўсе астатнія апазіцыйныя лідары могуць быць прэвентыўна арыштаваныя. «Арыштаваць жа «адзінага» да выбараў – значыць сарваць увесь спектакль. У такім выпадку яго не трэба было б і ладзіць», – адзначае Статкевіч у апублікаваным на сайце матэрыяле.

Палітзняволены прапаноўвае сфармуляваць патрабаванні да патэнцыйнага адзінага кандыдата і вызначыць такую працэдуру ягонага абрання, якая дазволіла б выбраць «адзіным» чалавека, здольнага дасягнуць мэтаў кампаніі.

На думку Статкевіча, лідары беларускіх партый – «палітыкі нядрэннага ўзроўню», але не валодаюць неабходнымі якасцямі, каб перамагчы ва ўмовах адсутнасці выбараў, у тым ліку найбольш неабходнай з такіх якасцяў – здольнасцю да самаахвяравання.

У выпадку прагназаванай адмовы ўлады зарэгістраваць кандыдата, які мае «палітычную судзімасць» або які знаходзіцца па палітычных матывах у турме, апазіцыя, на думку Статкевіча, магла б разгарнуць акцыі пратэсту падчас агітацыйнай кампаніі (не чакаючы дня галасавання), а затым аб’явіць пра байкот выбараў і пра непрызнанне самога факта выбараў.

Палізняволены лічыць, што гэта дазволіць апазіцыі «захаваць свой аўтарытэт і нанесці рэжыму маральны і палітычны ўрон».

На мінулым тыдні кампанія «Гавары праўду» прапанавала вылучыць Мікалая Статкевіча адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад апазіцыі на выбарах 2015 года, калі палітычныя сілы не змогуць дамовіцца аб іншым адзіным кандыдаце. У такім выпадку вылучэнне Статкевіча стане сімвалічным актам, бо ён павінен выйсці на волю толькі ў снежні 2016 года, праз год пасля выбараў.

Пра свае прэзідэнцкія амбіцыі заяўлялі лідар кампаніі «Гавары праўду», экс-кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах паэт Уладзімір Някляеў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч і Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) генерал Валерый Фралоў. Не выключалі свайго ўдзелу ў прэзідэнцкай гонцы лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, старшыня грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач, першы намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алена Анісім. Сродкі масавай інфармацыі таксама паведамлялі пра магчымае вылучэнне намесніка старшыні руху «За Свабоду» палітолага Алеся Лагвінца.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН, statkevich.org

Стужка навінаў