Пуцін, Парашэнка і прадстаўнікі ЕЗ сустрэнуцца ў Менску


У беларускай сталіцы 26 жніўня прэзідэнт Украіны, кіраўнікі Беларусі, Казахстану, Расеі ды высокія прадстаўнікі Еўразвязу абмяркуюць выкананне Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕЗ, энергетычную бяспеку і стабілізацыю сітуацыі на Данбасе.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка праінфармаваў праз тэлефон прэзідэнта Еўрапейскай камісіі Жузэ Мануэла Барозу аб развіцці сітуацыі на Данбасе і правакацыі Расейскай Федэрацыі, якія працягваюцца і скіраваны на абвастрэнне сітуацыі ў рэгіёне. Ён праінфармаваў аб абстрэле тэрарыстамі арганізаванай калоны мірных грамадзян, якія пакідалі Луганск пад белым сцягам.



Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі асудзіў злачынства тэрарыстаў і заклікаў да неадкладнага аб’ектыўнага расследавання трагедыі. Прэзідэнт Украіны запэўніў, што вінаватыя будуць знойдзеныя і пакараныя.

Пётр Парашэнка абмеркаваў з Жузэ Мануэлу Барозу сустрэчу ў Менску 26 жніўня ў фармаце Украіна – ЕЗ – «Еўразійская тройка» (Беларусь, Расея, Казахстан) ды падзякаваў за гатоўнасць накіраваць адначасова трох членаў Еўрапейскай камісіі – Высокага прадстаўніка ЕЗ па пытаннях бяспекі і знешняй палітыкі Кэтрын Эштан, віцэ-прэзідэнта Еўракамісіі Гюнтэра Отынгера і камісара па пытаннях гандлю Карла дэ Хюхта. Такі беспрэцэдэнтны крок – гэта пацвярджэнне салідарнасці і падтрымання Украіны з боку Еўрапейскага Звязу, адзначыў Пятро Парашэнка.

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб сваёй гатоўнасці, а таксама пра гатоўнасць прэзідэнтаў Расеі і Казахстану Уладзіміра Пуціна і Нурсултана Назарбаева правесці сустрэчу з украінскім прэзідэнтам, падало ўкраінскае агенцтва “УНІАН”.

30 жніўня Парашэнка паляціць у Брусель на запрашэнне Жузэ Мануэла Барозу.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў