Дапамагчы галоднаму: місія выканальная!


Крама аддае не прададзены тавар, бізнесоўца ахвяруе грошы, а шараговы грамадзянін можа падкласці пачак грэчкі. Як паказвае досвед ініцыятывы «Maisto bankas» у Літве, для дапамогі бедным слаям насельніцтва не трэба шмат высілкаў. Збольшага гэта пытанне паспяховай лагістыкі.

{movie}Дапамагчы галоднаму: місія выканальная!|right|17959{/movie}

Летнім ранкам прыходзім на склад грамадскай арганізацыі «Maisto bankas» («Харчовы банк»). Яшчэ да прыёму харчоў тут поўна валанцёраў рознага ўзросту і прафесіяў.

«Я займаюся валанцёрствам, бо хачу дапамагчы людзям. Адпрацаваў 23 гады, у тым ліку, быў дырэктарам, – распавядае пенсіянер Кястуціс, – Цяпер маю вольны час, і хачу яго правесці з пэўнаю мэтай».

Агулам «Харчоваму банку» дапамагае каля 300 добраахвотнікаў. Усе яны працуюць бясплатна. Студэнт Сцяпас дапамагае ў вольны ад навучання час. «Дзейнасць ініцыятывы вельмі цікавая. Я валанцёр ужо тры гады, усе ведаем адзін аднога. З іншага боку, калі падумаць: чаму ўсё трэба рабіць за грошы?»

Як працуе схема?

«Часам мы прывозім працаўнікоў прадпрыемстваў, што ахвяруюць нам, паабедаць у сацыяльныя сталовыя. Яны тады маюць магчымасць паглядзець, што за людзі прыходзяць туды. Часта думаюць, што гэта нейкія алкаголікі ці бяздомныя. Але яны здзіўляюцца, калі бачаць там звычайных людзей са страхам і сорамам у вачах»

Кіраўнік «Харчовага банку» Вайдотас Ільґюс не сядзіць у офісе, а з задавальненнем прыязджае, каб дапамагчы разгрузіць харчы. Ён апісвае шлях, па якім прадукты патрапляюць да тых, каму яны найбольш патрэбныя.

Найбуйнейшы аб’ём харчоў – тры тоны штодня – арганізацыя атрымлівае ад сеткі супермаркетаў. Яны аддаюць прадукты, у якіх хутка заканчваецца тэрмін прыдатнасці. Дарэчы, пратэрмінаваныя харчы «Харчовы банк» перадае арганізацыям, што клапоцяцца аб бадзяжных жывёлах. На жаль, толькі адна віленская сетка крамаў з чатырох наважылася браць удзел у дабрачыннасці. Астатнія тры распрадаюць тавары да апошняга, а пасля проста выкідаюць іх на сметнік, тлумачыць Вайдотас.

Акрамя таго, у крамах стаяць адмысловыя скрыні з пазнакаю «Maisto bankas», куды любы ахвочы можа кінуць пакунак харчоў з доўгім тэрмінам захоўвання. Пры гэтым неабавязкова купляць яго ў краме, можна прынесці, напрыклад, лішні пачак рысу з дому. Гэткім чынам арганізацыя атрымлівае каля 10 % харчоў.

Некаторыя прадпрыемствы дапамагаюць «Харчоваму банку» грашыма альбо харчамі. Валанцёры ні ад чаго не адмаўляюцца: бяруць і кансервы, і мех бульбы. На гэтыя сродкі ў тым ліку ладзяцца бясплатныя абеды ў дабрачынных сталовых.

«Часам мы прывозім працаўнікоў прадпрыемстваў, што ахвяруюць нам, паабедаць у сацыяльныя сталовыя. Яны тады маюць магчымасць паглядзець, што за людзі прыходзяць туды. Часта думаюць, што гэта нейкія алкаголікі ці бяздомныя. Але яны здзіўляюцца, калі бачаць там звычайных людзей са страхам і сорамам у вачах», – кажа Вайдотас.

На складзе атрыманыя харчы размяркоўваюць валанцёры. Тут жа за імі прыязджаюць прадстаўнікі дабрачынных арганізацыяў, і такім шляхам харчы аператыўна развозяць па ўсёй Літве. З «Харчовым банкам» супрацоўнічае 470 суполак.

Хто атрымлівае дапамогу?

У пункце выдачы прадуктаў чаргі няма, але людзі прыходзяць увесь час. Каб разлічваць на дапамогу, трэба значыцца ў афіцыйным спісе сем’яў з нізкім прыбыткам – менш за 525 літаў (каля $ 200) на чальца сям’і. У Літве гэта кожны пяты.

Ірма Янкаўскайце, каардынатарка праграмаў дапамогі Віленскага аддзела, удакладняе: «Да нас прыходзяць людзі паводле скіраванняў сацыяльных працаўнікоў. У іх, у адрозненні ад нас, ёсць доступ да інфармацыі пра прыбыткі і сітуацыю ў сям’і. Рэкамендацыя неабходная, каб пазбегнуць злоўжыванняў».

Дапамогі ежаю просяць беспрацоўныя (шмат хто згубіў працу пасля эканамічнага крызісу), самотныя маці, пенсіянеры і людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

«Жанчыны, маці, размаўляюць са слязамі ў вачах. Дзіця распавядае, што на Каляды атрымала 5 літаў (2 долары) ў падарунак. Вельмі шмат сем’яў, у тым ліку, шматдзетных, у якіх цяжка з грашыма, і яны рады любой дапамозе», – прыгадвае кіраўнік «Харчовага банку».

Ініцыятыва актыўна працуе ўжо сем год. Летась па дапамогу харчамі звярнулася 390 тысячаў асобаў, а дапамагчы атрымалася толькі палове з іх – пры ўсёй паспяховасці рэсурсаў «Харчовага банку» бракуе.

Цяпер, пасля расейскага эмбарга, у Літву вяртаюцца тоны не купленых харчоў. Супрацоўнікі «Харчовага банку» разлічваюць, што вытворцы ўзгадаюць пра дабрачыннасць і трансфармуюць згублены прыбытак у дапамогу іншым.

А што ў нас?

У Беларусі існуе толькі дзяржаўная адрасная дапамога бедным сем’ям у выглядзе бясплатнага дзіцячага харчавання для немаўлятаў. Іншыя спробы арганізаваць дапамогу на грамадскім узроўні дзяржава ўсяляк здушае.

Нават раздача супу бяздомнікам у гарадскім парку для чыноўнікаў і праваахоўнікаў выглядае падазрона. Актывісты ініцыятывы «Ежа замест бомбаў» ужо не раз уласнымі намаганнямі ладзілі частаванне бесхацінцаў у Менску, за што іх затрымлівалі міліцыянты ды кідалі пад арышт.

Настасся Яўмен, Алесь Сіліч, belsat.eu

Стужка навінаў