У Менску адкрыўся кругласуткавы прытулак для ахвяраў хатняга гвалту


Прытулак можа прыняць трох жанчын з дзецьмі, і цяпер у ім ужо жывуць пяць чалавек.

Чарговы кругласуткавы прытулак для пацярпелых ад дамашняга насілля жанчын і іх дзяцей адкрыўся ў Менску. Паводле адмыслоўцаў, у Беларусі праблема дамашняга насілля застаецца актуальнаю, таму такіх прытулкаў вельмі бракуе.

Новы прытулак (ці шэлтар, ад англійскага «shelter» – «надзейнае сховішча») адкрыла грамадскае аб’яднанне «Гендарныя перспектывы» ў межах беларуска-аўстрыйскага праекту.

Каб трапіць у прытулак, трэба звярнуцца на «гарачую лінію» для пацярпелых ад хатняга гвалту: 8-801-100-8-801.

Як паведаміла pr-менеджар гэтай арганізацыі Святлана Мацкевіч, шэлтар размясціўся ў трохпакаёвай кватэры, дзе ёсць усё неабходнае для жыцця. Прытулак можа прыняць трох жанчын з дзецьмі, і цяпер у ім ужо жывуць пяць чалавек. «Экстранна мы можам і чацвёртую жанчыну падсяліць, але будзе ўжо цесна – у нас ёсць рэзервовае месца для вельмі экстранных выпадкаў», – зазначыла Мацкевіч.

У шэлтары жанчыны могуць заставацца на працягу аднаго-трох месяцаў. Ім аказваецца дапамога псіхолага, юрыста і спецыяліста ў сацыяльнай працы, прычым як у перыяд пражывання ў прытулку, так і пасля. «Мы засяляем жанчыну спачатку на месяц, і калі ёсць неабходнасць, будуць выдзеленыя грошы на першы час, будзе забяспечана ежай, лекамі. Першыя экстранныя выдаткі мы пакрыем», – сказала прадстаўніца арганізацыі.

Паводле Святланы Мацкевіч, недахоп прытулкаў для пацярпелых ад хатняга гвалту гвалту – сур’ёзная праблема для Беларусі. На сёння ў краіне працуюць усяго чатыры кругласуткавыя прытулкі: тры – у Менску і адзін – у Лідзе. Акрамя таго, пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ёсць 74 так званыя крызісныя пакоі, але там нельга перабываць цэлыя содні.

Хто найчасцей цярпіць ад гвалту?

Аналіз зваротаў на «гарачую лінію» пацярпелых ад дамашняга насілля сведчыць пра актуальнасць гэтай праблемы ў Беларусі.

У 95 % выпадкаў ахвярамі дамашняга насілля становяцца жанчыны, траціна з іх – ва ўзросце 27—40 гадоў, 55 % – замужам, 19 % – разведзеныя, 42 % выхоўваюць адно дзіця і 32 % – двух дзяцей.

У 86 % выпадкаў дамашняга насілля ў ролі агрэсара выступае мужчына, у 40 % выпадкаў яго ўзрост – ад 27 да 40 гадоў. Часцей за ўсё агрэсар – муж (45 %) або былы муж (13,5 %) пацярпелай.

Адмыслоўцы таксама адзначаюць, што за апошні год павялічылася колькасць зваротаў на «гарачую лінію» з рэгіёнаў Беларусі – цяпер такія званкі складаюць 58 % усіх зваротаў.

Анастасія Салановіч, БелаПАН.

Стужка навінаў