Свіная чума вярнулася


Знішчыць усё пагалоўе свіней. З гэткім загадам у вёску Праскурні на Жлобіншчыне днямі прыбыла цэлая дэлегацыя з мясцовых чыноўнікаў і ветэрынараў.

{movie}Свіная чума вярнулася?|right|17945{/movie}

На пад’ездах да вёскі – цяпер міліцэйскія блокпасты. Дык няўжо афрыканская чума, якая летась лютавала ў Беларусі, вярнулася?

ЖЫХАРЫ ПРАСКУРНЁЎ:
“Акупацыю зрабілі, у вёсцы пярэпалах”.
“Папярэдзілі: альбо забівайце самыя, альбо будзем прыходзіць усыпляць. Сказалі, чума нейкая афрыканская, ці што нам сказалі…”.

Паводле жыхароў вёскі, смяротны для свіней вірус выявілі ў гаспадарцы мясцовага фермера, ён гадаваў больш за сотню жывёлінаў, цяпер жа яны ўсе, як кажуць, пайшлі пад нож.

ГАННА, ЖЫХАРКА ПРАСКУРНЁЎ:
“Катлаван выкопвалі, агароджвалі яго і выпальвалі. Дровы туды кідалі, палілі ўсіх. А потым, пэўна, закопвалі”.

Мясцовы жыхар Уладзімір гадаваў ажно 8 свінняў, за 2 дні забіў усіх. Але здаваць мяса дзяржаве гаспадар адмаўляецца, маўляў, грошы прапаноўваюць смешныя.

УЛАДЗІМІР, ЖЫХАР ПРАСКУРНЁЎ:
“17 тысячаў кілаграм. Што такое 17 тысячаў кілаграм жывое вагі? Свіння ў сярэднім важыць 140–150 кілаграмаў – 2 мільёны. Цяпер, каб парася набыць, трэба паўтара мільёна”.

Знішчэнне свіней у Праскурнях – не першы сёлета выпадак у Беларусі. Месяц таму гэткія ж захады зрабілі ў Веткаўскім і Брагінскім раёнах Гомельскай вобласці, выпадкі падзяжу жывёлінаў сёлета зафіксавалі ў Бялыніцкім раёне Магілёўскай, а таксама ў Шчучынскім і Астравецкім раёнах Гарадзенскай вобласці. І гэта толькі тое, што стала вядома медыям. Аднак паводле афіцыйных заяваў афрыканскае чумы свіней у краіне няма. Нават пасля таго, як ачагі хваробы выявілі ўва ўсіх краінах-суседак, Беларусь быццам застаецца гэткаю “выспаю стабільнасці”. Але ці гэтак бывае?

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, АДМЫСЛОЎЦА Ў АГРАРНЫМ СЕКТАРЫ:
“Галоўнае – вось гэтыя пацёмкінскія вёскі, стварыць карцінку, уражанне, што тут нейкі аазіс, дзе ўсё квітнее ды пахне і дзе нічога не можа быць кепскага, у тым ліку афрыканскае чумы”.

Сярод іншага, самую ж свіную хваробу днямі ў Менску абмеркавалі падчас візіту кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта. Аднак пра вынікі, што датычыць АЧС, у медыях не з’явілася ні слова. Ці не гатовы Крэмль на фоне харчовае вайны з Захадам заплюшчыць вочы на імаверны распаўсюд эпідэміі ў Беларусі?

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, АДМЫСЛОЎЦА Ў АГРАРНЫМ СЕКТАРЫ:
“Прасцей за ўсё рабіць выгляд, што нічога няма, можа, ёсць ужо нейкія дамовы ўсё ж такі наконт рээкспарту з трэціх краінаў. І такім чынам будуць гуляць у гульні”.

А пацярпяць, як заўжды, простыя людзі, гэткія, як жыхары Праскурнёў. Цяпер хлявы тут стаяць пустыя, і тое, што лядоўні поўныя мяса, наўрад ці цешыць мясцовых жыхароў.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў