«Ніякай літасці Альгерду Б.»


Прэзентацыя новай кнігі Альгерда Бахарэвіча адбывалася 24 ліпеня ў кнігарні «Галіяфы», акурат перад часовым закрыццём апошняй. Праз адпачынкавы сезон не кожны трапіў на сустрэчу з вядомым пісьменнікам, а хто трапіў, адгукаўся пра вечар самымі цёплымі словамі. Таму яго і паўтарылі. Учора ў іншай кнігарні – «ЛогвінаЎ» – Бахарэвіч ізноў чытаў урыўкі, размаўляў з публікаю ды пакідаў аўтографы на форзацы выдання, назва якога – «Ніякай літасці Альгерду Б.».

{movie}Альгерд Бахарэвіч двойчы прэзентаваў адную і тую ж кнігу|right|17918{/movie}

«Гэта кніжка маёй эсэістыкі, гэта тэксты, якія выходзілі на сайце грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма!», 36 тэкстаў, некаторыя з іх зрабілі розгалас у інтэрнэце, сярод чытачоў і крытыкаў», – кажа Бахарэвіч.

Кніжка носіць назву «Ніякай літасці Альгерду Б.» – самаіранічнае адкліканне да раману Бахарэвіча «Ніякай літасці Валянціне Г.». Эсэ, змешчаныя пад вокладкаю, якую аформіла мастачка Кацярына Дубовік.

«Ёсць там тэксты пра актуальныя культурныя праблемы беларускія, ёсць тэксты, пісаныя іранічна, пра незвычайныя рэчы, якія не кожны заўважае. Пра беларускую штодзённасць як цуд», – распавядае аўтар.

Цяпер спадар Альгерд плённа працуе над чарговым раманам і спадзяецца выдаць яго ў канцы кастрычніка, каб асабіста прэзентаваць новую кнігу ў Менску ды іншых беларускіх гарадах.

Іншыя тэмы: Мастачка Ганна Чапурная-Алейнік прэзентавала ў Менску ўласныя карціны ды лялькі-гераіні гэтых карцінаў. У Будапешце грыміць адзін з найбуйнейшых фестываляў Еўропы – «Sziget-2014». Кіраўнік БМА-Group Віталь Супрановіч святкуе 35-годдзе.

Адэля Дубавец, «Навіны культуры», belsat.eu

Стужка навінаў