Уцекачы з данецкай калоніі папрасіліся ў рушэнне


Пяцёра зняволеных данецкай калоніі строгага рэжыму, якія напярэдадні збеглі пасля абстрэлу будынку, адмовіліся вярнуцца назад і выказалі жаданне ўступіць у шэрагі прыхільнікаў ДНР, паведамляе РИА «Новости» са спасылкай на прадстаўнікоў штаба ДНР.

«Цяпер вывучаецца пытанне, па якім артыкуле яны сядзяць і ці можна да іх ужыць амністыю. Часова мы размясцілі іх на адной з нашых кватэр», – паведаміў суразмоўца агенцтва.

Паводле гарадской адміністрацыі, у калонію яшчэ не вярнуліся 64 зняволеных.

Позна ўвечары 10 жніўня пяць снарадаў трапіла ў будынак калоніі строгага рэжыму № 124 у Кіраўскім раёне Данецку. У выніку абстрэлу адзін зняволены загінуў, тры – параненыя, яшчэ 15 атрымалі лёгкія пашкоджанні. Выбухамі былі знішчаныя некалькі гаспадарчых памяшканняў і баракаў. Пасля гэтага ў калоніі ўспыхнуў бунт, 106 вязняў збеглі.

Цяпер украінскія войскі рыхтуюцца да фінальнай стадый аперацыі і штурму абласных цэнтраў, якія кантралююцца сепаратыстамі. Украінскія вайскоўцы заклікаюць жыхароў з’ехаць з Данецку і Луганску на фоне падрыхтоўкі баевікоў да контратакі.

Чытайце таксама:Галасаваў за ДНР? Цяпер пасялі тэрарыста ў сваёй кватэры (Фотафакт)

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў