Бізнэс у абыход санкцыяў


Еўропа шукае спосабы, як вярнуць 12 мільярдаў стратаў ад новаўвядзення Крамля.

У той час, як спадар Пуцін “энд компані” цешацца з таго, як ім удалося кінуць Еўропу на 12 мільярдаў еўраў, адмовіўшыся ад яе прадуктаў харчавання, “бабулька-Еўропа” пасля падлічыла свае страты і села-такі думаць, як ёй гэтыя 12 мільярдаў вярнуць. І адзін спосаб, прынамсі ў Бельгіі, быў знойдзены.

{movie}Бізнэс у абыход санкцыяў |right|17868{/movie}

Беларуска Марына Васкова працуе экспарт-менеджарам у галандскай кампаніі “Zeeland fruit”. 80 адсоткаў гандлёвых аперацыяў кампаніі апошнія пяць гадоў ажыццяўляліся з расейскімі партнёрамі. А гэта больш за 10 мільёнаў еўраў у год. У Расею вялікімі караблямі адпраўляліся бельгійскія бульба, яблыкі і грушы. Нядаўнія пуцінскія санкцыі паставілі фірму фактычна на мяжу банкруцтва.

Марына Васкова, менеджарка «Zeeland Fruit»:
“Цяпер гэтыя 80 % мы маем падзяліць паміж іншымі рынкамі і шукаць іншыя рынкі збыту. Гэта была вялікая памылка, вядома. Але безвыходных сітуацыяў не бывае. Ёсць Азія, ёсць Кітай, ёсць Беларусь, якая яшчэ не забароненая і санкцыяў не ўвяла”.

Дарэчы, менавіта Беларусь, Радзіма Марыны, як экспарт-партнёрка – цяпер у цэнтры ўвагі галандскай фірмы. І ня толькі таму, што тут спадзяюцца на тое, што ў Сінявокай так моцна палюбяць бельгійскія грушы сартоў “Канферэнцыя” і “Люкас”, а таму, што Беларусь для еўрапейскіх фірмаў можа стаць пляцоўкаю для рээкспарту сваёй прадукцыі, найперш у Расею. Бо фірме трэба выжываць. Якія б рашэнні не прымаліся ў Маскве ці ў Брусэлі.

Марына Васкова, менеджарка «Zeeland fruit»:
“Калі мы кажам, што калі мы не зоймемся палітыкаю, палітыка зоймецца намі, нам падаецца, што гэта нешта далёкае, нешта, што нас не датычыць. Але палітыка прыйшла і занялася намі. Занялася гэтымі грушамі, занялася гэтым садам, занялася мною”.

А каб умяшальніцтва палітыкі ў жыццё зменшыць да мінімуму, “Zeeland fruit” гэтымі днямі ўжо ўдалося падпісаць кантракт з беларускаю фірмай “Еўраопт”. Спадзяюцца тут і на новыя кантракты.

На еўрапейскіх біржах кошты на тутэйшыя харчы імкліва падаюць, бо значную частку прадукцыі проста няма куды дзець. Але заўжды знойдуцца кемлівыя бізнэсоўцы, якія знойдуць выйсце з сітуацыі. Бо “сэляві” мусіць працягвацца. Палітыка палітыкаю, а есці трэба штодня!

Алесь Сіліч, “Белсат”, Брусэль

Стужка навінаў