Прынц Ўільям стане пілотам санітарнага верталёта


Працоўны расклад брытанскага прынца складуць з улiкам абавязкаў каралеўскай сям’і, якія яму неабходна выконваць.

Унук каралевы Вялікай Брытаніі Элізабэт II прынц Ўільям вясной 2015 года стане пілотам верталётаў авіяцыйна-медычнай службы Усходняй Англіі, падае «Бі-бі-сі».

Паводле прэс-сакратара каралеўскай сям’і, прынц Ўільям натхнёны і поўны запалу да сваёй новай пасады: «Герцаг лічыць гэта сапраўдным увасабленнем служэння грамадству, якое заключаецца ў дапамозе людзям у самыя цяжкія хвіліны жыцця».

Кіраўнік авіяцыйна-медычнай службы, якая існуе на ахвяраванні, Патрык Піл падкрэсліў: «Мы вельмі рады, што Яго Высокасць вырашыў працаваць у нас. Мы ўпэўненыя, што дзякуючы яму мы зможам больш данесці людзям пра нашую дабрачынную арганізацыю і іншыя авіяцыйныя службы экстраннай дапамогі».

Паводле інфармацыі арганізацыі, прынц Ўільям будзе лётаць з лётнішча Кеймбрыджу і выконваць палёты ў паветах Кеймбрыджшыр, Норфак, Сафак і Бэдфардшыр.

Прынц будзе выконваць стандартныя функцыі пілота прынамсі 2 гады, а свой заробак ён цалкам ахвяруе на патрэбы гэтай жа дабрачыннай арганізацыі. Сам прадстаўнік каралеўскага роду Вялікай Брытаніі поўны рашучасці быць пілотам авіяцыйна-медычнай службы як мага даўжэй.

Лётнішча Кембрыджу знаходзіцца недалёка ад абедзвюх рэзідэнцыяў пары герцагаў Кеймбрыджскіх – у Норфаку і ў лонданскім Кенсінгтанскім палацы.

Летась у верасні прынц Ўільям пакінуў вайскова-паветраныя сілы Брытаніі пасля больш чым 7-мі гадоў службы, падчас якіх ён здзейсніў 150 палётаў і пралятаў каля 1300 гадзінаў.

МЯ, belsat.eu, паводле Бі-Бі-Сі

Стужка навінаў