З чым ядуць «раўгеню»? Рэцэпт старой беларускай стравы памятаюць адзінкі


Нацыянальная кухня беларусаў мае шмат забытых і ўнікальных страваў. Рэцэпт салодка-кіслага напою з жытняй мукі – раўгені, вельмі папулярнай у свой ​​час на паўночным захадзе Беларусі, здабыў «Іnterfax.by».

Яшчэ стагоддзе таму гэты напой замяняў нашым продкам квас. Пілі яго і летам, і зімой. Часам на раўгені рабілі закваску для выпечкі хатняга хлеба, але смачней за ўсё, са словаў Маланні Кікіліч з вёскі Антонішкі Астравецкага раёну, захавальніцы забытага рэцэпту, піць раўгеню з варанай або запечанай бульбай.

«І мама мая, і бабуля рабілі раўгеню, яны і мяне навучылі. Я не ведаю, чаму зараз пра яе забыліся. Мабыць, таму што тут патрэбна печ вясковая і дзежка, каб яна выхадзілася. А якая смачная была!», – узгадвае спадарыня Малання.

{movie}Як прыгатаваць раўгеню?|right|17864{/movie}

Рэцэпт жытняга напою з Астравеччыны просты:

Бяруць паўкілаграма жытняй мукі; у яе дадаюць халодную ваду і 3-4 вараныя бульбіны. Бульбу трэба старанна перацерці, каб не было камячкоў. Усё гэта змешваецца і ставіцца ў пратопленую печ парыцца. Паводле спадарыні Меланні, парыцца раўгеня можа цэлы дзень. Затым усе пераліваюць у дзежку, дадаюць вады і чакаюць, пакуль напой закісне. Паводле густу дадаюць цукар ці крыху мёду. Як раўгеня закісне, напой можна піць.

Раўгеню рабілі ў Браслаўскім, Мядзельскім, Пастаўскім, Вілейскім, Астравецкім і іншых раёнах. Гэты напой мае вялікі патэнцыял як мясцовы кулінарны брэнд, бо аднымі дранікамі замежных турыстаў не здзівіш, падае «Іnterfax.by».

Паводле Сяргея Лескеця, interfax.by, фота Сяргея Лескеця, interfax.by

Стужка навінаў