Эксперт: Забарона імпартных прадуктаў паставіць на мяжу выжывання 30 % расейцаў


Ужо цяпер каля траціны расейцаў недаядаюць і ашчаджаюць на ежы. Пасля забароны імпарту іхны рацыён стане яшчэ горшы, а колькасць тых, хто недаядае, вырасце, падкрэсліла дырэктар Цэнтру аграхарчовай палітыкі Расейскай акадэміі народнай гаспадаркі Наталля Шагайда.

«Праз абмежаванні на імпарт прадуктаў харчавання павялічыцца рызыка росту долі насельніцтва, якое не зможа забяспечыць сябе мінімальным неабходным харчаваннем», – прагназуе эксперт.

Прычыны дзве: па-першае, прадукты харчавання ў цэлым падаражэюць, бо знізіцца канкурэнцыя вытворцаў. «Калі Расея далучылася да Сусветнай гандлёвай арганізацыі, у сярэдзіне лета мінулага года цэны на свініну, напрыклад, упалі, і нашы вытворцы проста застагналі. Потым Рассельгаснагляд з розных прычынаў стаў абмяжоўваць увоз то з адной, то з іншай краіны – кошты сталі расці. Ва ўмовах, калі не трэба змагацца за рынак, у вытворцаў, вядома ж, будзе жаданне павысіць цэны», – заўважыла спадарыня Шагайда.

Па-другое, з расейскіх крамаў знікнуць асобныя танныя тавары, якія куплялі пераважна маламаёмасныя: курыныя «ножкі Буша» з ЗША, украінскі сыр, украінская ялавічына. Увоз прадуктаў з Украіны ў межах эмбарга пакуль не абмяжоўваўся, аднак шэраг прадуктаў быў забаронены раней санкцыямі Расспажыўнагляду.

Расейская акадэмія народнай гаспадаркі і дзяржслужбы ўвесну 2014 года апублікавала даклад аб харчовай бяспецы Расеі. У ім канстатавалася, што каля 30% насельніцтва Расеі з’ядаюць істотна менш за норму ўсіх прадуктаў, апроч цукру.

Каля 10% самых бедных ужо перабываюць на мяжы рызыкі, за якой узнікае пагроза жыццю – іхны рацыён ўтрымлівае толькі 65,5% бялка ад нормы, рэкамендаванай Міністэрствам аховы здароўя. Пры гэтым 30% (самыя багатыя сем’і), наадварот, істотна пераядаюць. Таму сярэднія паказнікі – у норме.

МЯ, belsat.eu, паводле slon.ru

Стужка навінаў