«Даярка ідзе даіць, вяртаецца дадому – уся ў крыві»


Чарговы прыклад безгаспадарнасці ды сляпога выканання загадаў. Адразу шасцідзесяці дарослым каровам абрэзалі рогі ў кароўніку ў вёсцы Траскоўшчына Менскай вобласці. Як даведаліся журналісты парталу «Tut.by», праз спёку шмат жывёлінаў захварэла, а раны ад рагоў загнаіліся. Нашым жа карэспандэнтам паказалі толькі адну карову з абрэзанымі рагамі. Іншыя, маўляў, на пашы, і ўсё з імі добра. Дый гэтая хутка выздаравее.

{movie}Хворыя захады|right|17862{/movie}

АЛЕГ КАРПОВІЧ, ГАЛОЎНЫ ВЕТЛЕКАР МЕНСКАЙ ВОБЛАСЦІ:

“З усіх кароваў, што мы абрэзалі на гэтай ферме, толькі ў адной было маленькае запаленне. Уся астатняя жывёла – у нармальным, добрым стане”.



Абразаць рогі трэба дзеля таго, каб малочныя каровы не траўмавалі адна адну на пашы, – практыка не новая і распаўсюджаная ўва ўсім свеце. Праўда, звычайна гэта робіцца не ў спёку, калі ёсць небяспека запалення, і не ў такім узросце жывёлы.

АЛЯКСАНДР ЛІНЯНЫ, АБЛАСНАЯ ВЕТЭРЫНАРНАЯ ЛАБАРАТОРЫЯ:

“Лепш за ўсё, вядома, пачынаць спачатку, з маладняку. Каб каровы без рагоў раслі. А калі такое пайшло, то трэба брацца хутчэй і абразаць рогі дарослым каровам”.



Як толькі жывёла захварэла, даяркі не цураліся распавядаць журналістам «Tut.by» сваю версію: як з кароў цяклі літры гною, а малако з хворых ішло ў агульны кацёл. Сёння ўсе кажуць адно: я гутарыць не буду, усё ў нас на ферме нармальна. Але “Аб’ектыў” знайшоў і тых, хто не гатовы трымаць рот на замку.

АЛЯКСЕЙ ЛЮБІЦКІ, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:

“Па жывым рэжуць рогі. Даярка ідзе даіць, вяртаецца дадому – уся ў крыві. Як мая вунь. Яны баяцца, яны начальства баяцца. А я не баюся, бо я тут не працую”.

Абразаць рогі жывёле маюць і ў іншых абласцях краіны. Зрабіць скаціну бязрогаю пастанавілі па ўсім Менскім раёне. Прычым, каму карціць памучыць кароў, не ведаюць нават працаўнікі фермы ды ківаюць на вышэйшыя інстанцыі. Маўляў, быў загад, а мы паспяшаліся выканаць.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў