Малпа зрабіла сэлфі. Чалавек змагаецца за аўтарскія правы


Ці ўладальнік камеры, якою выпадкова зрабілі фота, можа назваць сябе аўтарам здымка?

Ужо цягам некалькіх гадоў брытанскі фатограф Дэвід Слэйтэр змагаецца, каб у інтэрнэце пад здымкамі, якія зрабіла сама сабе макака, было пазначана, што фоты належаць яму.

Спадар Слэйтэр фатаграфаваў чорных макак у Інданезіі ў 2011 годзе. Адна з малпаў, убачыўшы сваё адлюстраванне ў лінзе аб’ектыва, сцягнула ў брытанца камеру і зрабіла сотні здымкаў, сярод якіх шмат аўтапартрэтаў. Лепшыя здымкі трапілі ў медыі і зрабілі Слэйтэра знакамітым. А рэсурс «Вікімедыя», які падтрымлівае інтэрнэт-энцыклапедыю «Вікіпедыя», уключыў гэтыя фоты ў сваю калекцыю бясплатных выяваў без пазначэння аўтарства здымкаў.

Фатограф звязаўся з «Вікімедыяй» у 2012 годзе і заявіў пра свае правы на фоты, якія мусілі выдаліць з рэсурсу. Праз некаторы час выявы зноў аказаліся ў «Вікімедыі» з пазнакаю, што здымкі абароненыя аўтарскім правам.

Брытанец сцвярджае, што выявы малпы – ягоная ўласнасць, і размяшчэнне іх у адкрытым доступе пазбаўляе яго магчымасці атрымліваць прыбытак з продажу фатаграфій. «Вікімедыя» пярэчыць, што ў адпаведнасці з заканадаўствам ЗША, дзе знаходзіцца сядзіба рэсурсу, уласнікам здымкаў можа быць толькі іх выканаўца.

Калі ж здымкі зрабіла макака, то толькі ёй належыць аўтарскае права на фоты. Аднак, малпа – не асоба ў разуменні закону ЗША, таму не можа валодаць аўтапартрэтамі, якія становяцца агульным здабыткам.

Спадар Слэйтэр, аднак, мае намер да канца адстойваць свае правы на здымкі ў амерыканскім судзе. Прадстаўнікі «Вікімедыі» адзначаюць, што шмат якія карыстальнікі сеціва назвалі іх злодзеямі. Але шмат хто таксама стаў на іх баку і раіць бараніцца ў судзе.

МЯ, belsat.eu, паводле telegraph.co.uk, deser.pl

Стужка навінаў